28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«План Маршала» для Беларусі

13
«План Маршала» для Беларусі
Фота: AFP

Эксперты падзяліліся меркаваннем, што будзе пасля Лукашэнкі.

Украінцы бядуюць, што Беларусь не зможа хутка развярнуцца на Захад з-за ўплыву Расіі, «нават калі Лукашэнку заменіць на пасадзе іншы лідар». Расійскі эканаміст Міхаіл Дзялягін прарочыць, што пасля Лукашэнкі да ўлады ў Беларусі прыйдзе «ліберальны адмарозак», і цягам пяці гадоў краіна будзе разрабаваная, а ў Беларусі застанецца палова насельніцтва, — астатнія збягуць або сап’юцца, паведамляе navychas.by.

Пры гэтым неяк мала прагнозаў саміх беларусаў: як ім бачыцца будучыня краіны без Лукашэнкі?

Цяпер — святкі, час варажбы, і чаму б не ўключыць фантазію? Дапусцім, здарыцца неверагоднае (а апошнім часам мы бачылі шмат неверагоднага), і на Усебеларускім сходзе дэлегаты скажуць Лукашэнку: «Сыходзь!». І ён раптам сыдзе. А што далей?

Пакручасты шлях да дэмакратыі

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што такога лёгкага шляху да зрынання Лукашэнкі ў нас не будзе. І засцерагае ад залішне аптымістычных думак, кшталту: «яшчэ адзін удар — і рэжым разваліцца». «Рэзерв трываласці ў яго ёсць: Лукашэнка паказаў, што ў ХХІ стагоддзі такі прымітыўны чыннік, як страх, — працуе. З аднаго боку, ён застрашыў вертыкаль і сілавікоў, што “вас будуць вешаць на дрэвах, калі ўлада зменіцца”, з іншага — застрашвае людзей. Такога маштабу рэпрэсій не было з часоў нацысцкай акупацыі», — кажа Класкоўскі.

Але перамены ўсё роўна надыдуць. «Магчыма, не будзе перамогі дэмакратыі, не ўедзе Святлана Ціханоўская на белым кані ў Беларусь, у Палац Рэспублікі, а будзе нейкі гібрыдны варыянт транзіту ўлады. Але калі ўявіць сабе, што да ўлады прыходзіць нават чалавек з цяперашняй наменклатуры — усё адно ён мусіць пайсці на дыялог з грамадствам, на рэформы. Такой жорсткай дыктатуры, як пры Лукашэнку, не будзе», — кажа Класкоўскі.

Пры гэтым, на яго меркаванне, беларускае грамадства наўрад ці прагаласуе за нейкага новага папуліста: «Мне, як і іншымі аналітыкам, здаецца, што народ атрымаў вельмі моцную прышчэпку ад аўтарытарызму і настроены на тое, каб абраць дэмакратычную ўладу, стварыць празрыстым механізм выбараў… У перспектыве ёсць добрыя шанцы адбудаваць сучасную дзяржаву з еўрапейскімі стандартамі і матэрыяльнага, і дэмакратычнага палітычнага кшталту. Іншая рэч, што гэта справа няблізкая, і шлях да яе ляжыць праз драматычную барацьбу».

«Лукашэнкі–2 не будзе менавіта з той прычыны, што беларускае грамадства перарасло сваю ўладу», — кажа Класкоўскі. Ён зазначае, што пратэст–2020 мае адметнасць: людзі выйшлі цяпер «не за каўбасу, а за свабоду». «Яны не толькі хочуць лепшага дабрабыту, а хочуць банальна абіраць уладу», — зазначае палітолаг.

«Грамадства не прымае гэтую ўладу, не прымае дыктатуру, не прымае жорсткі аўтарытарызм, і таму якія б схемы б тут ні імкнуліся той жа Крэмль альбо атачэнне Лукашэнкі, якое, я думаю, таксама прыкідвае нейкія планы на постлукашэнкаўскую перспектыву, — усё адно гэтыя гульцы павінны ўлічваць настрой грамадства і рабіць нейкія пераўтварэнні. Яшчэ раз падкрэслю — наўрад ці адразу будзе сямімільны крок з дыктатуры ў царства поўнай свабоды, у дэмакратычны рай, але тое, што дэмакратычны працэс будзе запушчаны, і што будуць прагрэсіўныя змены ў эканамічным і палітычным жыцці — гэта для мяне відавочна».

На яго думку, для беларускай дэмакратыі ёсць яшчэ адна праблема — чыннік Расіі. Пры ўсім, зазначае палітолаг, Масква застаецца імперыяй. Для яе важна, каб у Беларусі не гарэў рэвалюцыйны пажар, і каб яна заставалася падкантрольнай Крамлю, зонай яго стратэгічных інтарэсаў. Калі беларускі крызіс раптам набудзе маштабы грамадзянскай вайны, ад Крамля можна чакаць усялякага, у тым ліку і нейкай формы вайсковай экспансіі. Таму тыя, хто змагаецца за перамены, мусяць улічваць дзве небяспекі — рэжыму Лукашэнкі і расійскі імперыялізм, лічыць адмыслоўца.

«Не бачу рэалістычных дрэнных сцэнараў для Беларусі»

Публіцыст і заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў больш аптымістычны. На яго думку, сцэнары развіцця Беларусі залежаць ад таго, якім чынам сыдзе Лукашэнка. Ці ён сыдзе пад ціскам народа, ці пад ціскам знешніх фактараў, ці адбудзецца наменклатурны пераварот. Хто ў выніку прыйдзе да ўлады — той і будзе вызначаць павестку пераменаў і рэформаў. Аднак — у любым выпадку — змены здарацца, і гэтыя змены будуць да лепшага.

«У любым выпадку — будзе лепш. З’явіцца больш законнасці, больш рэальнага парадку. Будзе нейкі пераходны перыяд, у час якога сфарміруюцца органы ўлады і кіравання, і ў іх яўна ўключаць больш прадстаўнікоў розных груп, якія пачнуць улічваць інтарэсы розных груп. Ва ўмовах, калі з’явіцца больш павагі да закону і стане лепшай правапрымяняльная практыка, у Беларусі ёсць усе шанцы проста рвануць наперад — з улікам той адкладзенай, стваральнай крэатыўнай энергіі, якая назапасілася ў грамадстве. Яе вельмі і вельмі багата, а цяпер яна проста не рэалізуецца, бо існуючы стан рэчаў яе рэалізацыі не тое што не дапамагае, а нават і перашкаджае», — лічыць Кузняцоў.

Наконт знешняй палітыкі і ўплыву Расіі Кузняцоў мяркуе, што гэтае пытанне — пытанне сярэднетэрміновай перспектывы. «Я практычна не сумняваюся, што сёння ў Беларусі не знойдзецца палітычнай сілы, якая, па-першае, захоча і будзе мець дастаткова палітычнай волі, па-другое, здолее пераканаць беларусаў, што нам трэба рэзка некуды зварочваць», — кажа эксперт.

Кузняцоў разлічвае, што Беларусь без Лукашэнкі пачне праводзіць нейтральную і дастаткова ўзважаную знешнюю палітыку — кшталту, як Фінляндыя. Гэта будзе «ўзважаная палітыка, якая стане базавацца на кансэнсусах адносна таго, што новая Беларусь ні ў якой ступені не павінна несці небяспеку альбо пагрозу інтарэсам Расійскай Федэрацыі, і апрыёры будзе больш адкрытая для адносін з Захадам. Гэткая нейтральная цэнтрысцкая палітыка», — зазначае Кузняцоў.

«Будзем жыць дрэнна, але нядоўга»

Што тычыцца эканомікі, то эканаміст, прафесар Барыс Жаліба заклікае зняць ружовыя акуляры і рыхтавацца да цяжкасцяў. «Эканоміка Беларусі запушчаная, яна хворая камандна-адміністрацыйнай сістэмай, усе важныя пастановы прымаў толькі адзін чалавек, і часцяком яны былі не вельмі правільныя», — тлумачыць ён.

Эканоміка, па словах Жалібы, патрабуе рэформаў даўно, але стаўленне да рэформаў у Лукашэнкі вядомае: «Не трэба нічога рэфармаваць, трэба ўдасканальваць тое, што ёсць». «Вось мы і даўдасканальваліся, што ўзровень жыцця насельніцтва знізіўся да крытычнай адзнакі», — канстатуе эксперт.

Прычым, праводзіць эканамічныя рэформы давядзецца незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады, — «прарасійская сіла», «пераемнік Лукашэнкі» ці дэмакратычна настроены ўрад. І ўжо ў залежнасці ад тых сілаў, якія прыйдуць на змену цяперашняй уладзе, будзе залежаць тое, наколькі хуткімі і наколькі балючымі будуць рэформы.

Па меркаванні эканаміста, новаму ўраду трэба будзе вельмі тонка вытрымліваць баланс інтарэсаў і праводзіць вельмі гнуткую міжнародную палітыку. «Калі прыйдзе дэмакратычны ўрад, то наш вектар падтрымкі зменіцца з усходняга на заходні: як я разумею, менавіта гэта прадугледжвае “План Маршала для Беларусі”, што распрацоўваецца некаторымі заходнімі краінамі. Трэба спадзявацца, што заходнія краіны падтрымаюць новыя беларускія ўлады крэдытамі, грантамі і бязвыплатнай дапамогай. Але як на гэта будзе глядзець Расія? Ад яе адварочвацца нельга. Палова эканомікі, знешні тавараабарот завязаны на расійскі рынак — і ад гэтага нікуды не сыдзеш. Трэба жыць па-суседску і з Расіяй, і з Захадам, і з Поўднем, і з Поўначчу», — кажа Жаліба.

Таму маральна і псіхалагічна трэба рыхтавацца да таго, што будзе цяжка. Але — часова. «Палякі ў 1990-х гадах перажылі шок, але выйшлі на правільную рынкавую і дэмакратычную дарогу», — зазначае эксперт. Прыкладна такі ж шлях павінна прайсці і Беларусь.

«Эфект ад рэформ адчуем праз паўтара-два гады»

Эканаміст Леў Марголін лічыць уяўленне пра «шокавыя рэформы» значна перабольшаным. Але пачынае з палітыкі. «Пасля сыходу Лукашэнкі адбудуцца сумленныя і свабодныя выбары. І хто бы ні прыйшоў да ўлады, ён не зможа праводзіць палітыку, падобную да палітыкі Лукашэнкі — яму давядзецца лічыцца з меркаваннем народа. А народ у нас ужо рынкава арыентаваны», — кажа ён.

Па яго словах, у эканамічнай экспертнай супольнасці выпрацаваны «ўстойлівы кансэнсус» па тым, якія пераўтварэнні трэба праводзіць. Найперш, не будзе «абвальнай прыватызацыі», — яна, канешне, адбудзецца, але толькі ў дачыненні да стратных прадпрыемстваў. «Ужо падлічана, што лепш плаціць нармальную дапамогу па беспрацоўі, чым утрымліваць гэтыя прадпрыемствы на субсідыях, купляць сыравіну, матэрыялы, энергію, а іх прадукцыя потым пыліцца на складах», — распавядае эканаміст.

Нават калі беспрацоўе дасягне неверагоднай лічбы ў мільён беларусаў, кажа Марголін, і кожнаму выплачваць 200 долараў дапамогі ў месяц, за год атрымаецца 2,5 мільярда долараў — гэта тая сума, якую мы штогод атрымліваем у якасці падтрымкі ад Расіі, але бяздарна праядаем. Але наўрад ці ў Беларусі будзе мільён беспрацоўных.

Будуць знятыя штучныя перашкоды для малога і сярэдняга бізнесу, кшталту абмежавання на наём працоўных. Будзе адменена рэгуляванне цэнаў на «сацыяльна значныя тавары», і ёсць усе шанцы, што кошты не павысяцца, а панізяцца. Той жа цукар у Расію мы прадаём па 55 капеек за кілаграм, а ў нашых крамах за кошт рэгулявання ён каштуе больш за паўтара рублі… Канешне ж, па словах Марголіна, рэформы пры сучасным стане эканомікі будуць дастаткова доўгія. «Аднак іх першыя станоўчыя вынікі беларусы адчуюць ужо праз паўтара-два гады», — аптымістычна кажа Марголін.

Колькі людзей — столькі меркаванняў. Хтосьці кажа пра доўгі перыяд шляху да дэмакратыі і рынкавай эканомікі, хтосьці больш аптымістычны. Аднак усе сходзяцца ў адным: перамены пасля Лукашэнкі проста непазбежныя. І будуць яны — толькі ў лепшы бок.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках