20 красавiка 2024, Субота, 18:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзецям дазволілі быць на ўроках у куртках»

11
«Дзецям дазволілі быць на ўроках у куртках»
Ілюстрацыйнае ФОТА SEM VAN DER WAL/PAP/EPA

Бацькі скардзяцца на холад у беларускіх школах.

Пасля некалькіх урокаў дзецям нарэшце дазволілі надзець курткі і сядзець на занятках у вопратцы, распавяла парталу rebenok.by мама адной з вучаніц менскай сярэдняй школы №84.

"Дзеці знялі на відэа, як саскрабаюць іней з унутранага боку вокнаў. Пры гэтым дадому нікога не адпускалі. Настаўніца сказала: толькі калі бацькі прыедуць і забяруць. Але ж гаворка ідзе пра падлеткаў, а не пра дзяцей (у пачатковай школе акурат было цёпла ). Чаму не адпусцілі, незразумела", - кажа жанчына.

Датэлефанавацца да дырэктара школы яна не здолела. Журналістам у школе пацвердзілі, што ў некалькіх класах у панядзелак сапраўды было вельмі холадна, хоць агулам, з іх слоў, з ацяпленнем у школе ўсё нармальна.

"З ацяпленнем усё нармальна... Проста такая тэмпература на дварэ. Сам будынак за выходныя выстудзіўся”- сказалі ў школе. Суразмоўца партала запэўніў журналістаў і бацькоў, што "сёння-заўтра ўсё будзе нармальна, дагэтуль жа ўсё было нармальна".

"У нас такая сітуацыя з году ў год. Калі надыходзіць які-небудзь тыдзень маразоў пад 20 градусаў, то адзін бок будынка выхалоджваецца. Іншы бок, побач з цеплавузлом, больш цёплы", - удакладнілі ў навучальнай ўстанове.

З такімі праблемамі сутыкнуліся і ў 11-й гімназіі Менска, а таксама ў школах Новалукомля і Смалявічаў.

"У школе ў класе ўсяго 13 градусаў. Чаму дырэктар не прыняў пастанову вызваліць вучняў падчас моцных маразоў? Слоў няма", - распавяла маці аднаго з вучняў смалявіцкай школы.

З Оршы ў рэдакцыю парталу прыйшло фота тэрмометра, які вісіць у спартыўнай зале. Ён паказвае 9 градусаў цяпла.

Пры гэтым, згодна з санітарнымі патрабаваннямі, тэмпература ў класах павінна быць 18-20℃, а ў спартзалах - 15-18℃.

На панядзелак 18 студзеня Белгідрамет абвяшчаў аранжавы ўзровень небяспекі праз моцныя маразы - папярэджваў, што тэмпература можа апусціцца да мінус 29 градусаў. Экстрэмальна халоднае надвор'е пратрымаецца ў Беларусі яшчэ пару дзён. З чацвярга сіноптыкі прагназуюць паслабленне маразоў - у чацвер днём абяцаюць ад -2 да +4.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках