19 красавiка 2024, Пятніца, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

І сябар Фазэль не дапамог

5
І сябар Фазэль не дапамог

Як у дыктатара забіралі ягоную ўлюбёную цацку.

Рада Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) пазбавіла Беларусь права праводзіць чэмпіянат свету 2021 года.

Пастанова прынятая ў сувязі з «пытаннямі бяспекі, якія знаходзяцца па-за кантролем ІІХФ», пасля «комплекснай юрыдычнай ацэнкі», гаворыцца ў паведамленні федэрацыі.

Статут федэрацыі прадугледжвае пазбаўленне права на арганізацыю ЧС, калі ёсць падставы турбавацца на прадмет здароўя або бяспечнага перамяшчэння гульцоў, афіцыйных асоб, замежных заўзятараў і прадстаўнікоў СМІ, пішуць naviny.media.

Падкрэсліваецца, што ІІХФ правяла «справядлівую і бесстароннюю» ацэнку сітуацыі з прыцягненнем незалежных экспэртаў і ўсіх зацікаўленых бакоў, якія былі апытаныя на прадмет магчымасці правядзення ЧС ва ўмовах усё большай палітычнай нестабільнасці і COVID-19.

Заключным этапам аналізу стала сустрэча з беларускімі ўладамі 11 студзеня і прыняцце новай экспэртнай высновы.

Рада ІІХФ прыйшла да высновы, што на сёння забяспечыць дабрабыт каманд, гледачоў і афіцыйных асоб пры правядзенні ЧС немагчыма.

«Вельмі шкада, што давялося ануляваць супольную заяўку Менска і Рыгі, - заявіў прэзідэнт ІІХФ Рэнэ Фазэль. - Мы спрабавалі спрыяць таму, каб чэмпіянат свету можна было выкарыстоўваць у якасці інструмента для замірэння, каб дапамагчы супакоіць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі і знайсці пазітыўны шлях наперад».

Са слоў Фазэля, Рада ІІХФ мяркуе, што ЧС не павінен выкарыстоўвацца для палітычнай прапаганды якім-небудзь бокам, аднак прызнае недарэчнасць правядзення гэтага мерапрыемства ў Менску, калі гаворка ідзе пра больш сур'ёзныя праблемы і прыярытэт бяспекі каманд, гледачоў і афіцыйных асоб.

Пазней ІІХФ разгледзіць статус Латвіі як суарганізатара турніру, а таксама магчымасць яго правядзення ў адной краіне, каб палегчыць выкананне мер бяспекі ў сувязі з кавідам і перасоўванне каманд-удзельніц.

Як у Лукашэнкі забіралі ягоную ўлюбёную цацку

13 жніўня мінулага года, праз чатыры дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пачатку пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў, прэм'ер-міністр Латвіі Крыш'яніс Карыньш заявіў, што не бачыць, як можна арганізаваць чэмпіянат разам з Беларуссю.

Зварот урада Латвіі перадаць правы асноўнага арганізатара ад Беларусі іншай краіне быў разгледжаны на пасяджэнні Рады ІІХФ 17 верасня. Чальцы рады пастанавілі звярнуцца да экспэртаў з просьбай прааналізаваць сітуацыю. Іх справаздача была прадстаўленая праз два месяцы. Кіраўніцтва ІІХФ заявіла, што для прыняцця канчатковай пастановы патрэбна больш часу.

16 лістапада Латвія забараніла ўезд у краіну старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыю Баскаву, які апынуўся ў цэнтры скандалу вакол смерці Рамана Бандарэнкі.

17 верасня Еўрапейскі парламент заклікаў не праводзіць у Менску матчы ЧС-2021. Такую ж пазіцыю публічна выказалі некаторыя буйныя палітыкі і хакейныя чыноўнікі як мінімум сямі з 16 краін-удзельніц.

11 студзеня на сустрэчы з Фазэлем у Менску Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая правесці чэмпіянат свету ў хакеі, калі Латвія адмовіцца ад удзелу ў ягонай арганізацыі.

«Адказваючы на галоўнае пытанне, як я ўспрымаю ўсё рухі цела вакол правядзення чэмпіянату свету ў Беларусі, скажу шчыра: вельмі спакойна. Здолее Міжнародная федэрацыя хакея выстаяць супраць ціску - значыць, мы правядзём чэмпіянат свету. Калі Латвія адмовіцца, у Беларусі мы правядз1м чэмпіянат свету, і гэта будзе найлепшы чэмпіянат свету ў гісторыі», - сказаў Лукашэнка.

«Калі Міжнародная федэрацыя хакея не справіцца з ціскам, значыць, не будзе чэмпіянату свету ў Беларусі. Усё залежыць зараз ад вас», - дадаў ён.

Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі няма і не будзе ніякай небяспекі «ні з каранавірусам, ні з пункту гледжання палітычнай бяспекі або фізічнай бяспекі людзей, якія жывуць тут і прыязджаюць да нас як госці».

Паводле слоў Лукашэнкі, «пратэстоўцы і іншыя незадаволеныя не штурмуюць ўрадавыя ўстановы і Капітоліі». «У нас зусім нармальная абстаноўка з пункту гледжання развіцця дэмакратычных працэсаў. І гэта - галоўная прычына незадаволенасці Беларуссю асобных палітыкаў у Еўропе», - мяркуе Лукашэнка.

Візіт Фазэля ў Менск, перш за ўсё ягоныя цёплыя абдымкі з Лукашэнкам і супольная фатаграфія з Дзмітрыем Баскавым, выклікалі крытыку ў еўрапейскіх СМІ.

«Я хацеў скарыстаць асаблівыя стасункі з Лукашэнкам, каб зрабіць нешта добрае. Каб чэмпіянат свету прывёў да свайго кшталту замірэння ўрада і апазіцыі. Але нешта не атрымалася, і мне гэта таксама непрыемна», - заявіў прэзідэнт ІІХФ у інтэрв'ю швайцарскім радыё і тэлевізіі.

У сваю чаргу Латвія заявіла аб непрымальнасці правядзення ЧС у Менску.

«Пацвярджаю пазіцыю Латвіі аб тым, што правядзенне чэмпіянату свету ў хакеі ў Менску цалкам непрымальнае, рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, у тым ліку спартоўцаў, робяць такое мерапрыемства амаральным і супярэчным прынцыпам спартыўных паводзін», - напісаў міністр замежных спраў Эдгарс Рынкевічс 11 студзеня на сваёй старонцы ў «Твітэры».

Ад спансавання ЧС у Менску адмовіліся чэшскі аўтавытворца Škoda, брэнд мужчынскай касметыкі Nivea Men, вытворца маторных аліў Liqui Moly (абодва - Нямеччына). Заклапочанасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ў лісце ІІХФ выказаў яшчэ адзін пастаянны спонсар - швайцарскі вытворца гадзіннікаў Tissot.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках