20 красавiка 2024, Субота, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі рыхтуецца чарговая «дэдалярызацыя»

20
У Беларусі рыхтуецца чарговая «дэдалярызацыя»

Што хочуць зрабіць гэтым разам?

Чыноўнікі плануюць у 2021 годзе заняцца дэвалютызацыяй эканомікі. Гэта прадугледжанае планамі ў асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год. Улады хочуць сярод іншага адвязаць ад валюты кошты і тарыфы, некаторыя іншыя аплаты. Нагадаем, яшчэ летась абмяркоўваўся варыянт адмовіцца ад даляра ў разліку штогадовага росту аплатаў за жыллёва-камунальныя паслугі і прывязаць іх да базавай адзінкі. Аднак гэтага не было зроблена, а з 1 студзеня гэтага года тарыфы на ЖКП паднялі ў прывязцы да амерыканскай валюты, паведамляе tut.by.

У 2020 годзе ўрад зацвердзіў стратэгію падвышэння даверу да нацыянальнай валюты. У ёй прапісаныя дзеянні да 2035 года. Пры гэтым у планах у асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі на гэты год чыноўнікі прапісалі, што хочуць зрабіць па дэдалярызацыю. Так, Нацбанк і зацікаўленыя дзяржорганы будуць «выконваць мерапрыемствы, якія прадугледжваюць выкарыстанне толькі нацыянальнай валюты ў якасці сродку разлікаў, меры кошту, а таксама пры ўсталяванні коштаў, тарыфаў, іншых выплат».

Яшчэ ў пачатку 2020 года ўлады казалі пра тое, што сярод іншага маюць намер адвязаць ад даляра дзейнае абмежаванне ў падвышэнні выплат насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі. Адпаведны праект змяненняў, як паведамлялася, знаходзіўся на разглядзе ў Адміністрацыі правадыра. Нагадаем, у Беларусі штогод павышаюць тарыфы на ЖКП паводле прынцыпу, што сукупныя выплаты не павінны перавысіць 5 даляраў у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма насельнікамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг. Улады заяўлялі, што маюць намер адмовіцца ад даляра ў разліку росту выплат за жыллёва-камунальныя паслугі і прывязаць іх да базавай адзінкі. Прапаноўвалася, што штогод «камуналка» будзе падвышацца ў межах паловы базавай адзінкі. Нагадаем, цяпер базавая адзінка складае 29 рублёў, а яе палова адпаведна — 14,5 рубля.

Паводле нашай інфармацыі, пытанне з адвязкай тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ад даляра «прадаўжае абмяркоўвацца». Гэта паведамілі ў адным з зацікаўленых дзяржорганаў.

Нацбанк зоймецца прывабнасцю ўкладаў у рублях

Планамі ў асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі на гэты год прадугледжана, што дзеянні Нацбанку будуць «накіраваныя на забеспячэнне ўмоў, якія спрыяюць захаванасці і прывабнасці ўкладаў, а таксама ўключэнню ў банкі сродкаў фізічных асоб у беларускіх рублях пераважна на безадзыўной аснове». Прасцей кажучы, зрабіць так, каб беларусы захоўвалі зберажэнні ў банках у асноўным у рублях.

Паводле звестак Нацбанку на 1 кастрычніка 2020 года, на адзыўныя ўклады прыпадала ледзь менш за траціну агульнай сумы укладаў (31,6%). На той момант гэта было 5,56 мільярда рублёў. За трэці квартал года адзыўныя ўклады зменшыліся на 11,9% , або на 753 мільёны рублёў. Безадзыўныя ўклады складалі прыкладна дзве траціны ад агульнага аб'ёму ўкладаў, гэта 12,06 мільярда рублёў. За трэці квартал яны скараціліся на 3,7%, або на 467 мільёнаў рублёў.

«Захаваецца накіраванасць дзеянняў на стымуляванне эканамічных агентаў да правядзення аперацый прыярытэтна ў нацыянальнай валюце, што будзе садзейнічаць зніжэнню ўзроўню валютызацыі крэдытна-дэпазітнага рынку», — удакладняецца ў плане асноўных накірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год.

На гэты год таксама чакаецца, што Нацбанк прадоўжыць працу ў сферы лібералізацыі валютных дачыненняў. «Плануецца фармаванне комплекснай нарматыўнай прававой базы для стварэння цэласнай сістэмы валютнага рэгулявання і валютнага кантролю, — гаворыцца ў плане асноўных накірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год. - Асаблівую значнасць будзе мець забеспячэнне ўмоў для паўнавартаснага функцыянавання сістэмы валютнага маніторынгу, якая дазволіць праводзіць маніторынг плыняў валютных паступленняў і выплат у замежнаканамічнай дзейнасці, а таксама валютна-абменных аперацый рэзідэнтаў Беларусі».

Што яшчэ плануюць у дэдалярызацыі

Планам падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год прадугледжаная падрыхтоўка змяненняў у заканадаўства што да рынку каштоўных папер, а таксама ў страхавой дзейнасці. Першы законапраект павінны ўнесці на разгляд у парламент, а другі павінны падрыхтаваць да лістапада (а ўнесці на разгляд ужо ў красавіку 2022 года).

Справа ў тым, што стратэгіяй павышэння даверу да нацыянальнай валюты да 2035 года сярод іншага запланаванае ўнясенне змяненняў у Закон «аб рынку каштоўных папер», якія прадугледжваюць неабходнасць выпуску аблігацый, умовамі эмісіі якіх прадугледжанае іх размяшчэнне на тэрыторыі нашай краіны, у беларускіх рублях.

У стратэгіі таксама прапісанае, што ўрад таксама разглядае магчымасць унесці змены ў прэзідэнцкі ўказ №530 «Аб страхавой дзейнасці», каб выключыць магчымасць разлікаў у замежнай валюце паміж рэзідэнтамі ў страхавой сферы.

Што ўжо зрабілі ў дэдалярызацыі

Актыўна гаварыць аб тым, што беларускай эканоміцы патрэбна дэдалярызацыя, пачалі яшчэ ў 2009 годзе. У студзені тагачасны кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч заявіў, што «ў кароткі перыяд часу мы павінны зрабіць так, каб у Беларусі быў запатрабаваны толькі беларускі рубель, а замежная валюта павінна быць патрэбная, калі нашы прадпрыемствы закупляюць нешта за межамі краіны, а грамадзяне выязджаюць за мяжу».

Неўзабаве былі зробленыя першыя крокі да пастаўленай мэты. Нацбанк перастаў выдаваць новыя ліцэнзіі на разлікі ў замежнай валюце ў гатоўцы, стаў праводзіць палітыку зніжэння ставак у фінансавых інструментах у замежнай валюце, забараніў выдаваць фізічным асобам крэдыты ў валюце.

Услед за забаронай выдачы людзям валютных крэдытаў урад ужыў яшчэ адзін захад: пастановай Саўміна суму ўгодаў з нерухомасцю, ад якой вызначалася стаўка на рыэлтарскія паслугі, адвязалі ад еўра. З 1 жніўня 2009 года яна вылічалася выключна беларускімі рублямі, а яе сума для вызначэння рыэлтарскіх тарыфаў - базавымі адзінкамі. Паслугі рыэлтараў значна патаннелі.

Наступная хваля дэдалярызацыі пачалася летам 2015 года. З 1 сакавіка зноў увялі цэлы спіс абмежаванняў. У многіх месцах, дзе раней гэта было дазволена, забаранілі разлічвацца валютай. Напрыклад, у кавярнях на запраўках на рэспубліканскіх аўтадарогах, у пунктах пропуску на мяжы. З тых часоў нельга плаціць валютай за турыстычныя паслугі.

Сёлета ўлады адпусцілі курс рубля. Практычна адразу працадаўцы пачалі масава адвязваць заробкі ад даляравага эквіваленту, бо чакалі прыстойных ваганняў курсу рубля, яны імкнуліся зафіксаваць свае абавязацельствы ў нацыянальнай валюце.

Паралельна ўрад разгарнуў маштабны наступ на інфляцыю, што сталася цалкам эфектыўным: за год кошты ў Беларусі выраслі на сціплыя 10,6%.

Астатнія захады - скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання, падтрыманне станоўчых рэальных ставак у рублёвых дэпазітах, адмова ад практыкі накачкі заробкаў - таксама зрабілі свой унёсак у агульную справу барацьбы з далярам. Да прыкладу, рублёвыя дэпазіты растуць ужо больш за год і ставяць рэкорды ў прыросце, у той час як валютныя паказваюць у асобныя месяцы як прырост, так і падзенне.

Планавалася дэдалярызацыя арэндных ставак для прыватнай камерцыйнай нерухомасці. Іх хацелі адвязаць ад валюты, устанавіць у беларускіх рублях або базавых арэндных адзінках і пераглядаць плату раз на год. Аднак такая пастанова выклікала здзіўленне ў дэвелапераў, якія ў апошнія гады актыўна будавалі гандлёвыя і офісныя плошчы, прычым пры ўдзеле замежных інвестараў і ў асноўным за валютныя крэдыты. Прыняцце праекта ўказа правадыра, які гэта прадугледжваў, на думку ўдзельнікаў рынку, пагражала ім калапсам. У канчатковым выніку з такім захадам наважылі пачакаць. Дарэчы, прадпрыемствы з дзярждоляй на той момант ужо ўстанавілі арэндныя стаўкі ў беларускіх рублях.

У 2017 годзе Нацбанк забараніў разлікі валютай з фізічнымі асобамі медыцынскім установам і авіякампаніям. Затым ён перастаў выдаваць дазволы (і падаўжаць ранейшыя) на разлікі ў дамовах страхавання жыцця, дадатковай пенсіі з фізічнымі асобамі.

Каб зрабіць беларускі рубель прывабным для ўкладчыкаў, банк-рэгулятар з ліпеня 2017 года павысіў норму адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых у валюце сродкаў з 11 да 15%.

У пачатку 2018 года пайшлі размовы аб тым, каб правесці дэдалярызацыю ў сферы нерухомасці, між іншым, ужо не першым разам. Бо за квадратныя метры хоць і плацілі ў беларускіх, але актуальным курсам даляра. Была думка выпускаць новыя жыллёвыя аблігацыі, якія маглі б прыраўняцца да даляра, золата ці іншай валюты і служылі б легальным сродкам разлікаў за нерухомасць. Але ў гэтым пытанні зменаў не адбылося.

З 1 студзеня 2021 года Нацбанк увёў змены што да электронных грошай. Адно з новаўвядзенняў прадугледжанае дэдалярызацыяй эканомікі - рэзідэнты Беларусі цяпер могуць праводзіць аперацыі паміж сабой у электронных грошах толькі ў беларускіх рублях.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках