24 красавiка 2024, Серада, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лік расейцаў-банкрутаў вырас на 75%

3
Лік расейцаў-банкрутаў вырас на 75%

Эксперты чакаюць хвалю банкруцтваў расейскіх прадпрыемстваў у 2021–2022 гадах.

У 2020 годзе банкрутамі стала рэкордная колькасць расейцаў – больш за 120 тысячаў чалавек. Гэта на 75% больш, чым у 2019 годзе. А вось лік неплацежаздольных кампаній знізіўся дзякуючы мараторыю. Эксперты чакаюць хвалю банкруцтваў прадпрыемстваў у 2021–2022 гадах, піша «Новая газета».

У крызісным 2020 годзе суды прызналі неплацежаздольнымі 119 тысячаў расейцаў і пастанавілі прадаць з малатка іх маёмасць (звесткі «Федрэсурсу»). У дадатак з верасня ў фізічных асобаў з'явілася магчымасць бясплатнага, пазасудовага банкруцтва – праз МФЦ. Ёю скарысталіся яшчэ 1850 чалавек.

Фото: Владимир Гердо / ТАСС

Мяркуючы з статыстыкі, цяжэй за ўсё летась было жыхарам Паволжа. Пензенская, Самарская, Ульянаўская вобласці, Калмыкія, Валгаградская вобласць узначальваюць спіс рэгіёнаў з найбольшай колькасцю жыхароў-банкрутаў на 100 тысячаў насельніцтва. Ідэю банкруцтва ў гэтых рэгіёнах актыўна «рухаюць у масы» юрфірмы-пасярэднікі, пішуць мясцовыя СМІ. На вуліцах лавіна рэкламы са слоганамі накшталт «Банкрутам быць выгодна».

У абсалютных лічбах больш за ўсё асабістых банкруцтваў прадказальна адбывалася ў густанаселеных рэгіёнах: у Маскве і Маскоўскай вобласці, Краснадарскім краі, Санкт-Пецярбургу.

У Мінэканамразвіцця мяркуюць, што на павелічэнне колькасці банкруцтваў уплывае павышэнне інфармаванасці расейцаў пра магчымасці вызваліцца ад пазык.

Магчымасць банкруцтва для фізічных асобаў увялі ў канцы 2015 года, і з тых часоў лік пастановаў судоў стабільна расце.

Зрэшты, эксперты звяртаюць увагу і на падзенне прыбыткаў расейцаў летась, рост коштаў і беспрацоўя. «Рост колькасці асабістых банкруцтваў, думаю, звязаны з крызісам, паколькі шматлікія кампаніі спрабуюць аптымізаваць выдаткі, скарачаць прэміяльную частку ўзнагароджання супрацоўнікаў. Усё гэта часцяком вядзе да лагічнага кроку фізічных асобаў распачаць працэдуру банкруцтва», – мяркуе Аляксандра Улезка, кіраўніца групы ў банкруцтве адвакацкага бюро «Качкін і Партнёры».

У 2021 годзе рэальныя прыбыткі насельніцтва прадоўжаць зніжацца, што вынікуе чарговы ўсплёск асабістых банкруцтваў, дадае Станіслаў Пятроў – партнёр, кіраўнік практыкі банкруцтва бюро «Інфралекс».

У чаканні карпаратыўнага цунамі

Колькасць карпаратыўных банкруцтваў у 2020 годзе знізілася адразу на 20% (да 9931), паведамляе «Федрэсурс». Асноўная прычына – забарона падаваць банкрутныя пазовы да кампаніяў з пацярпелых галінаў: гэта турызм, перавознікі, гатэльны бізнэс, грамадскае харчаванне, прадпрыемствы культуры і забаваў. Мараторый закрануў больш за 2 млн кампаній і ІП і падоўжыўся з 6 красавіка 2020-га да 7 студзеня гэтага года.

Цяпер мараторый на банкруцтва не дзейнічае. Але пакуль валу пазоваў ад крэдытораў няма, кажуць у «Федрэсурсе».

У Мінэканамразвіцця спадзяюцца на «плаўны выхад» з-пад мараторыю, без значнай хвалі пазоваў у судах. Для гэтага ўрад увёў механізм судовай растэрміноўкі.

Фото: PhotoXpress

Аднак эксперты не падзяляюць аптымізму чыноўнікаў.

«Інструмент судовай растэрміноўкі ўяўляе з сябе выратавальнае кола, але толькі для абраных. У верасні мінулага года налічвалася не больш за 150 кампаній і 95 ІП, якія маглі б звярнуцца да гэтага механізму. Так што нягледзячы на рэальную дапамогу судовай растэрміноўкі, выратаваць з яе дапамогай сітуацыю ў цэлым на рынку не атрымаецца», – кажа Станіслаў Пятроў з бюро «Інфралекс».

«Варта чакаць істотнага павелічэння загрузкі судоў у найбліжэйшы час. Цэнз для звароту з заявай аб банкруцтве невысокі: крэдытор павінен мець судовую пастанову на суму большую за 300 тыс. рублёў супраць кампаніі, якая не выкананая цягам трох месяцаў, – расказвае Сяргей Лысоў – старэйшы юрыст, адвакат юрыдычнай фірмы “Кулькоў, Калацілаў і партнёры”. – Беручы да ўвагі, што крэдыторы юрыдычных асобаў павінны апублікаваць паведамленне пра намер звярнуцца з заявай аб банкруцтве за 15 дзён да звароту ў суд, пачатак першай хвалі судовых разглядаў прыпадзе на люты – сакавік 2021 года».

Пік банкруцтваў кампаній варта чакаць у другім паўгоддзі гэтага года. У цэлым жа наступствы пандэміі ў выглядзе закрыцця бізнэсаў могуць адчувацца на рынку яшчэ 2-3 гады, паказваюць эксперты.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках