25 красавiка 2024, Чацвер, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як знак «віктары» стаў сімвалам перамогі

Як знак «віктары» стаў сімвалам перамогі
ФОТА: ВІКТАР ТАЛОЧКА/DPA

Жэст, які даваў веру ў самыя цяжкія часы.

Адзін з самых вядомых у свеце жэстаў, жэст «віктары» выкарыстоўваюць і дэманстранты супраць Лукашэнкі, піша сайт dw.com. Да прыкладу, узнятыя ўверх рукі з «віктары» аддавалі апошнюю даніну памяці загінуламу Раману Бандарэнку. На беларускай тэлевізіі гэты знак называюць сатанінскім. Калі «віктары» сталі ўжываць ўпершыню і якая яго «паднаготная»?

Як Бетховен дапамог «віктары»

Разгар Другой сусветнай вайны. Лацінская літара «V» хутка распаўсюджваецца па акупаванай нацыстамі Еўропе. Яе малююць на ходніках, мурах, плакатах, аўтамабілях немцаў. Роўна 80 гадоў таму, 14 студзеня 1941 года міністр юстыцыі Бельгіі, уцякач у Лондан, Віктар Дэ Лавелье заклікаў на бельгійскай радыёстанцыі BBC сваіх суайчыннікаў і іх хаўруснікаў выкарыстоўваць «V». Гэты сімвал лёгка прыжыўся дзякуючы яго прастаце і зразумеласці на некалькіх мовах. «V» - значыць «перамога» ад «Victory» па-ангельску, Victoire - па-французску, Vrijheid - па-фламандску.

Яго расту папулярнасці спрыяла кампанія BBC «V for Victory»: у радыёэфіры на акупаваных немцамі тэрыторыях у якасці джынглу гучаў код з азбукі Морзэ, які азначае літару «V». Па іроніі яго рытм адпавядаў знакамітаму «Та-та-таааа!», галоўнай тэме «Пятай сімфоніі» Людвіга ван Бетховена (Ludwig van Beethoven), якую яшчэ называюць «тэмай лёсу». Бетховен - немец, і «Так лёс стукаецца ў дзверы» было намёкам на будучае канчатковае паражэнне Нямеччыны. Да таго ж V - не толькі літара, але і рымская лічба «5».

Галоўны папулярызатар «віктары»

Знак «віктары» стаўся настолькі псіхалагічна дзейсным, што нацысты нават спрабавалі выкарыстаць яго для ўласнай прапаганды, назваўшы такі ж свой сімвал «Victoria». Напрыклад, вялікая літара «V» была размешчаная на Эйфелевай вежы ў занятым немцамі Парыжы. Але іх кампанія не была паспяховай. Неўзабаве «V» як сімвал перамогі над нацызмам сталі выкарыстоўваць і ў ЗША.

БРЫТАНЦЫ РАДУЮЦЦА ПЕРАМОЗЕ НАД НАЦЫСЦКАЙ ГЕРМАНІЯЙ

Аднак, як паказвае лінгвіст, дацэнт Тэхнічнага ўніверсітэта ў Хэмніцы Яна Брэсем (Jana Bressem), якая даследуе значэнне жэстаў у прамове, у публікацыі «Жэсты: учора, сёння, паслязаўтра» па-сапраўднаму сусветна вядомым гэты жэст зрабіў Уінстан Чэрчыль - як універсальны сімвал веры ў перамогу над нацысцкай Германіяй. Брытанскі прэм'ер-міністр ператварыў яго ў свой фірмовы знак, суправаджаючы публічныя выступы выцягнутымі ўверх паказальным і сярэднім пальцамі правай рукі.

Праўда, спачатку рабіў ён гэта па няўважлівасці не заўсёды дакладна, паварочваючы да гледача не далонь, а тыльны бок кісці, што ў Брытаніі і іншых англамоўных краінах з'яўляецца абразай. Але потым усё ж сачыў за сабой.

УІНСТАН ЧЭРЧЫЛЬ, 1946 ГОД

Культурны кантэкст у інтэрпрэтацыі жэсту нават ледзь не выліўся ў міжнародны скандал. Падчас візіту Чэрчыля ў Грэцыю ў 1949 годзе мясцовыя жаўнеры хацелі вітаць яго фірмовым знакам міністра, але былі ў замяшанні. Паказалі б яны яму «віктары» ў грэцкім варыянце тыльным бокам рукі да гледача, гэта было б абразай для брытанцаў, а далонню - абразлівым жэстам для грэкаў. У выніку яму проста аддалі салют.

Жэст «віктары»: іншыя версіі і значэнні

Нягледзячы на шырокае выкарыстанне «віктары» ў гады Другой сусветнай, паходжанне гэтага жэсту канчаткова не высветленае. Менш гістарычна пацверджаная версія сыходзіць каранямі ў Сярэднявечча. У часы Стогадовай вайны (1337-1453) ангельскім лучнікам, якія адыгрывалі ў бітвах важную ролю, пасля трапляння ў палон да французаў адсякалі вялікі, сярэдні і ўказальны пальцы правай рукі, каб тыя больш не маглі трымаць лук. Таму, каб прадэманстраваць сваё імкненне да перамогі, лучнікі дражнілі перад бітвай і пасля яе ворага, паказваючы непашкоджаныя пальцы.

У найноўшай гісторыі акрамя трыумфальнага значэння жэст «V» набыў яшчэ некалькі сэнсавых адценняў. У 1960-я гады сярод пратэстуючых супраць вайны ва В'етнаме ён быў распаўсюджаным прывітаннем на дэманстрацыях. Хіпі выкарыстоўвалі яго як сімвал міру, а поп-квінтэт Spice Girls - як сімвал «дзявочай сілы». У японскай поп-культуры гэты жэст атрымаў распаўсюджванне ў 1970-я гады. І сёння ва Усходняй Азіі ён цалкам пазбаўлены палітычнага сэнсу: «віктары» любяць дэманстраваць пры фатаграфаванні і відэаздымцы, каб падкрэсліць свой радасны настрой.

Гэты жэст часта можна ўбачыць на пратэстных акцыях у розных кутках свету, напрыклад, на дэманстрацыях руху «Black Lives Matter», перад або пасля пасяджэнняў суда. У розных сітуацыях яго выкарыстоўвалі зоркі шоў-бізнэсу, спартоўцы на спаборніцтвах, лекары, дэманструючы веру ў перамогу над «каронай», грамадскія дзеячы, палітыкі розных поглядаў - ад Пэрыс Хілтан і Джасціна Тымберлейка да лідара польскай» Салідарнасці» Леха Валенсы і папы Рымскага Яна Паўла II. Дарэчы, і сам Аляксандр Лукашэнка зусім яшчэ ў нядаўнім мінулым ім не грэбаваў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА НА МІТЫНГУ СВАІХ ПРЫХІЛЬНІКАЎ У МЕНСКУ 16 ЖНІЎНЯ 2020 ГОДА

А што ж з акультызмам?

А, так, быў такі брытанскі акультыст Алісцер Кроўлі, які сцвярджаў, што першым прапанаваў выкарыстоўваць знак «V» у процівагу нацысцкай свастыцы. Ён спасылаўся на сваю публікацыю 1913 года, у якой прадэманстраваныя абодва сімвалы. Але даследчыкі сур'ёзна гэтую версію не ўспрымаюць. А сувязь з «вендэтай» - «кроўнай помстай», на якую таксама намякаюць на беларускай тэлевізіі, - і зусім мастацкая выдумка брытанскага пісьменніка Алана Мура. Пазней паводле яго графічнага рамана «V for Vendetta», які выйшаў у 1980-х, быў зняты аднайменны фільм.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках