23 красавiка 2024, aўторак, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: ультраправым пералічылі 500 тысяч у біткойнах перад штурмам Капітолія

11
Reuters: ультраправым пералічылі 500 тысяч у біткойнах перад штурмам Капітолія
Фота: REUTERS/Shannon Stapleton

Аднаго з атрымальнікаў заўважылі ля будынка Кангрэса, калі пачаліся беспарадкі.

За месяц да атакі прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на будынак Капітолія ў Вашынгтоне ўльтраправыя актывісты атрымалі буйное ахвяраванне ў біткойнах на суму $522 тысяч. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на нью-ёркскую кампанію-распрацоўніка праграмнага забеспячэння ў барацьбе з адмываннем грошай Chainalysis (пераклад - РБК).

Паводле яе звестак, грошы былі пералічаныя 8 снежня на 22 электронныя партманэты, большасць з якіх належыць крайне правым актывістам і інтэрнэт-дзеячам.

Самую буйную суму на 13,5 біткойнаў (прыкладна $250 тысяч на той момант) атрымаў Нік Фуэнтэс, лідар ультраправай групоўкі Groypers. Ён прысутнічаў на мітынгу прыхільнікаў Трампа ў Вашынгтоне 6 студзеня, а таксама быў заўважаны ля будынка Капітолія, калі пачаліся беспарадкі.

У ліку атрымальнікаў, са звестак Chainalysis, таксама ёсць стрымер Ітан Ральф і арганізацыя VDARE, якая выступае супраць іміграцыі ў ЗША. Уладальнікі іншых адрасоў не ўстаноўлены.

Як сцвярджае Chainalysis, у яе ёсць "пераканаўчыя доказы", што грошы пералічыў нейкі праграміст з Францыі. Кампанія не стала раскрываць яго асобу.

6 студзеня, калі прыхільнікі Трампа ўварваліся ў Капітолій, кангрэсмэны павінны былі зацвердзіць вынікі галасавання калегіі выбарцаў, згодна з якой на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат ад дэмакратаў Джо Байдэн. Падчас беспарадкаў загінулі пяць чалавек, у тым ліку афіцэр паліцыі, улады распачалі дзясяткі спраў аб унутраным тэрарызме. Пасля нападу паліцыя знайшла даўгаствольную агнястрэльную зброю, «кактэйлі Молатава», выбуховыя прылады і пластыкавыя кайданкі, супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі больш за 100 чалавек.

Байдэн заявіў, што беспарадкі былі спланаваныя і каардынаваліся, іх удзельнікаў ён назваў «палітычнымі экстрэмістамі і ўнутранымі тэрарыстамі», якіх, паводле ягоных слоў, да гвалту падбухторваў Трамп. Сам абраны прэзідэнт асуджаў парушэнне закона удзельнікамі беспарадкаў. Ён таксама заклікаў прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых.

Кіраўнік ФБР Крыстафер Рэй заявіў, што напярэдадні інаўгурацыі Байдэна 20 студзеня ведамства фіксуе ў інтэрнэце вялікую колькасць заклікаў да ўзброеных пратэстаў. Як паведамляе Washington Post, прадстаўнікі ўлады і незалежныя экспэрты мяркуюць, што сарваць мірную перадачу ўлады плануюць ультраправыя актывісты.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках