24 красавiка 2024, Серада, 17:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навуковец знайшоў пад партрэтам Мона Лізы схаваны эскіз

3
Навуковец знайшоў пад партрэтам Мона Лізы схаваны эскіз

Адкрытая новая таямніца «Джаконды».

Французскі навуковец Паскаль Кот заявіў, што выявіў пад партрэтам Моны Лізы працы Леанарда да Вінчы (таксама вядомым як «Джаконда») схаваны накід, пра які раней не было вядома.

Выкарыстоўваючы апаратуру ўласнай вытворчасці, Кот, як сцвярджаецца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Journal of Cultural Heritage, знайшоў сляды эскіза, які быў зроблены ў тэхніцы спальвера (spolvero). Гэта значыць, што Леанарда да Вінчы перанёс малюнак на драўляную панэль вугалем - праз адтуліны, праведзеныя ў лініях эскіза, падобна трафарэту.

Сляды вугалю Кот выявіў каля рукі і лініі валасоў на галаве Моны Лізы. Ён таксама мяркуе, што мастак у працэсе стварэння карціны памяняў позу сваёй гераіні, павярнуўшы яе галаву непасрэдна ў бок гледача.

Акрамя таго, Кот заўважыў, што на схаваным накідзе ў валасах Джаконды ёсць шпілька, што выклікае новыя пытанні пра задуму мастака. «У Моны Лізы не магло быць такой прычоскі, - сказаў навуковец у інтэрв'ю брытанскай газеце Express. - У гэты час у горадзе Фларэнцыі такое было немагчыма». Кот мяркуе, што такія заколкі маглі адлюстроўваць на партрэтах «рэальна не існых жанчын, напрыклад, багінь» - ці ж Панны Марыі.

У апісанні даследавання гаворыцца, што, атрымаўшы доступ да карціны ў 2004 годзе, навуковец зрабіў лічбавыя здымкі малюнка мульціспектральнай камерай уласнай вынаходкі. Ён сцвярджае, што ўжытая ім тэхналогія аналізу адлюстравання святла дазваляе ўбачыць дадатковыя выявы паміж пластамі фарбы.

У 2015 годзе Кот заяўляў, што знайшоў пад «Джакондай» другі малюнак. Ён выказаў здагадку, што прыхаваная карціна была партрэтам сапраўднай Моны Лізы, а ўсім вядомая карціна - гэта малюнак іншай жанчыны.

Тады ягоныя высновы спецыялісты паставілі пад сумнеў, а Луўр адмовіўся каментаваць ягоную заяву, сказаўшы, што Кот не ўваходзіць у даследчую групу музея. Як пісаў карэспандэнт ВВС Уіл Гомперц, мастакі вельмі часта на просьбу заказчыка ўносілі змены ва ўжо скончаныя карціны, таму прысутнасць на працы іншых малюнкаў не выклікае здзіўлення.

Да гэтага Кот таксама сцвярджаў, што ў «Джаконды» першапачаткова былі бровы і вейкі.

У новым даследаванні Кота гаворка ідзе пра першасны накід, які быў зроблены перад тым, як на драўлянай панэлі з'явілася фарба.

Што вядома пра «Джаконду»

«Мона Ліза» - гэта, імаверна, самы знакаміты твор у гісторыі мастацтва.

Мяркуецца, што Леанарда працаваў над ім у перыяд з 1503 да 1517 года - у той час ён жыў у Фларэнцыі і пазней - у Францыі. Пра тое, хто менавіта намаляваны на карціне, доўгі час ішлі жорсткія спрэчкі. Аднак ужо шматлікія стагоддзі мяркуецца, што гэта - Ліза Герардзіні, жонка фларэнтыйскага гандляра.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках