20 красавiка 2024, Субота, 1:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: У Беларусі абураныя арыштам баскетбалісткі Алены Леўчанкі

2
«Нямецкая хваля»: У Беларусі абураныя арыштам баскетбалісткі Алены Леўчанкі
ФОТА: PRESSBALL.BY

Беларускія спартоўцы разлічваюць на рэакцыю амерыканскіх калегаў.

Вядомая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка асуджаная на 15 дзён арышту за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску. Калегі-спартоўцы абураныя прысудам Леўчанкі і некаторыя нават на знак пратэсту адмаўляюцца браць удзел у спаборніцтвах, піша «Нямецкая хваля».

«Гэта максімальна магчымае пакаранне за гэтае парушэнне. Суддзя абгрунтавала яго тым, што раней Леўчанка прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Пасля абвяшчэння прысуду ў зале крычалі «Ганьба», - адваката Міхаіла Кірылюка перапаўняюць эмоцыі пры ацэнцы прысуду ягонай падабароннай Алены Леўчанкі.

Алену Леўчанку затрымалі ў аэрапорце

Алену Леўчанку затрымалі ўранку ў сераду, 30 верасня, у менскім аэрапорце перад вылетам на планавую рэабілітацыю. Праз некалькі гадзін адбыўся суд, які праходзіў па відэасувязі - сама спартоўка ў гэты час знаходзілася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушэнняў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна.

Найбліжэйшым часам яе адвакат збіраецца абскардзіць вырак суда. На думку Кірылюка, падчас адміністрацыйнага працэсу мелі месца шэраг парушэнняў. Пакуль жа Леўчанка застаецца ў ЦІП.

«На Акрэсціна чалавеку з яе ростам проста цяжка размясціцца. Там нават няма падыходнага ложка. Але Алена не траціць прысутнасці духу, распавядала, што ў суседніх камера спявалі «Купалінку». Гэта, з яе слоў, натхняе, яна ганарыцца беларускім народам», - паведаміў Міхаіл Кірылюк.

Гандбольны клуб на знак пратэсту адмовіўся выходзіць на матч

Калі стала вядома, што Леўчанку прывезлі ў ЦІП, на Акрэсціна сабралася амаль 100 чалавек, амаль 30 з іх прысутнічалі на судзе. Беларускі кікбаксёр Іван Ганін падчас трэніроўкі даведаўся пра затрыманне баскетбалісткі: «Гэта быў шок. Крыўдна, што Лену знялі з самалёта, не далі з'ездзіць на рэабілітацыю перад новым сезонам. Але яна моцная, думаю, што пасля гэтай сітуацыі стане яшчэ мацнейшай. Мы ўсе, хто прыйшоў на Акрэсціна і ў суд, хочам выказаць Лене сваю падтрымку».

У ліку тых, хто прыйшоў, быў і галоўны трэнер менскага гандбольнага клуба «Віцязь-Леон» Канстанцін Якаўлеў. «Відавочна, што ўсе справы, якія цяпер будуць распачатыя супраць спартоўцаў, рыхтаваліся загадзя. Мы абураныя і рыхтуем зварот да міжнароднай спартовай супольнасці», - заявіў Якаўлеў.

З ягоных слоў, беларускія спартоўцы хочуць заклікаць калег байкатаваць усе спаборніцтвы, якія будуць праводзіцца ў Беларусі. «Я як трэнер гандбольнага клуба «Віцязь-Леон» магу сказаць, што, хутчэй за ўсё, найбліжэйшай гульні не будзе, бо ў кожны момант і мяне могуць затрымаць. Хоць страху няма: калі ты сёння ў Беларусі за перакананні пабываў у турме, значыць, ты сумленны чалавек».

Як пазней высветлілася, «Віцязь-Леон» адмовіўся праводзіць хатнюю гульню з клубам «Машэка» і накіраваў у федэрацыю гандбола афіцыйны ліст з тлумачэннем. У ім сказана, што гандбалісты не выйшлі на пляцоўку, бо такім спосабам выказваюць свой пратэст супраць арышту Алены Леўчанкі, які ўважаюць за незаконны.

Спартоўцы салідарныя з беларускім народам

«Алена заўсёды была сімвалам беларускага баскетбола. І сёння яе падтрымлівае міжнародная спартовая супольнасць. Я - чалец Міжнароднай федэрацыі баскетбола, там ведаюць пра сітуацыю», - заўважае Ягор Мешчаракоў, у мінулым баскетбаліст нацыянальнай каманды Беларусі, цяпер намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола.

Беларускія спартоўцы, дадае ён, таксама разлічваюць на рэакцыю амерыканскіх калегаў, бо Алена Леўчанка, адзіная з беларусак, гуляла ў Жаночай нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (WNBA). Мешчаракоў у інтэрв'ю таксама выказаўся агулам аб сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Ён упэўнены, што беларускае грамадства кансалідавалася за апошнія два месяцы, людзі не будуць ранейшымі: «Думаю, усе былі здзіўленыя тым, што адбывалася пасля выбараў. Спартоўцы салідарныя з беларускім народам. Я проста прыняў факт, што рана ці позна можна трапіць на 5, 10, 15 або 20 дзён арышту. Кожны з нас зрабіў выбар, мы будзем змагацца да канца».

«У краіне цяпер прававы дэфолт»

З Ягорам Мешчараковым салідарны ягоны малодшы брат Мікіта, які цяпер гуляе за адзін з расейскіх баскетбольных клубаў, але ўважліва сочыць за тым, што адбываецца на радзіме. «У краіне цяпер прававы дэфолт, людзей судзяць беспадстаўна. Кожнаму грамадзяніну Беларусі сёння нешта пагражае: ці звальненне, ці адміністрацыйны арышт, ці яшчэ нейкае больш жорсткае пакаранне. 15 дзён Алене - гэта глупства. Ніякіх падстаў для такога пакарання за мірны пратэст няма», - упэўнены Мешчаракоў-малодшы.

Ён мяркуе, што міжнародная спартыўная супольнасць павінна ўжыць нейкія захады ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі: «Нельга заставацца ў баку і назіраць за тым, як на беларускіх спартоўцаў ціснуць і пагражаюць ім».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках