Наталля Батракова: Веру, што ў маёй душы будзе свята
4- 3.09.2020, 12:25
- 38,529
Вядомая пісьменніца адмовілася ўдзельнічаць у афіцыйным дні пісьменства ў Бялынічах.
Вядомая беларуская пісьменніца Наталля Батракова выказала сваё меркаванне аб тым, што адбываецца ў краіне ў «Фэйсбуку».
«З усіх жудасных, неймаверных раней навін апошняга часу, размоў, перапісак, уразіла да глыбіні душы просьба сяброўкі-журналісткі: «Калі што са мной - паглядзі дзяцей»...
6 верасня ў маім родным мястэчку Бялынічы пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Бялынічы - мая малая радзіма. Я там нарадзілася, там прайшло маё дзяцінства, станаўленне светаўспрымання, выпрабаваныя першыя перамогі і паразы. Мяне там любяць, мною ганарацца. Гэтак жа як я люблю родны горад, ганаруся сваімі землякамі.
У нядзелю Бялынічы стануць сталіцай Свята пісьменства, якое я чакала з асаблівай радасцю.
Але ў цяперашняй сітуацыі маё сумленне не дазваляе мне прысутнічаць на імпрэзе, дзе старанна будуць рабіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца.
Адбываецца. Ідзе вайна з уласным народам, паляванне на «ведзьмаў», шэрагі якіх можа папоўніць кожны, адкрыта выказаўшы сваю грамадзянскую пазіцыю, нягледзячы на ўзрост, заслугі, стан здароўя.
Дарагія землякі, дарагія чытачы!
Я хачу быць сумленнай перад вамі і перад сабой, не хачу быць слабейшай за ўпадабаных вамі гераінь маіх раманаў. Прабачце, але ў гэтую нядзелю мы з вамі не ўбачымся.
У маёй душы няма свята.
Пакуль няма.
Але я веру, што яно будзе, і мы абавязкова сустрэнемся!»