28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Гродна Азоце» - новая хваля пратэстаў

19
На «Гродна Азоце» - новая хваля пратэстаў
Фото: tut.by

Могуць спыніцца як мінімум два цэхі.

Амаль 70 работнікаў «Гродна Азоту» напісалі заявы на звальненне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Так працаўнікі адрэагавалі на арышт свайго калегі і суды, якія пачнуцца неўзабаве. Калі іх сапраўды звольняць, то спыняцца, прынамсі, два цэхі, паведамляе «Радыё Свабода».

Што стала штуршком для пратэсту?

Падчас пратэстнай акцыі ў дзень «інаўгурацыі» Лукашэнкі 23 верасня схапілі некалькі работнікаў «Гродна Азоту». Аднаго з іх, Ігара Рубцэвіча, арыштавалі на 5 дзён, бо яго затрымалі паўторна. Гэта быў першы выпадак арышту за ўдзел у пратэстах на хімічным гіганце. Рубцэвіч выйшаў на волю 28 верасня.

«Семнаццаць калег сустракалі яго, як героя», - кажа лідар страйкаму «Гродна Азоту» Юры Рававы, які цяпер знаходзіцца ў Варшаве.

Перад гэтым 25 жніўня затрымалі калону працаўнікоў «Азоту», якія ішлі з працы ў цэнтр горада. Іх было блізу 30 чалавек. Рабочых пратрымалі ў пастарунку некалькі гадзін. Падтрымаць іх пад ізалятар прыйшлі блізу 500 гарадзенцаў, прыехала і кіраўніцтва «Азоту». Усіх выпусцілі ў той жа вечар, але склалі на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суды над імі чакаюцца 30 верасня.

Заявы на звальненне, адмова ад працы, італійскі страйк

У адказ на гэта работнікі «Гродна Азота» пачалі пісаць заявы на звальненне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Гэта перш за ўсё тэхналагічны персанал цэха «Аміяк-3», які працуе па зменах. У гэтым цэху працуюць амаль 80 чалавек.

Перад гэтым адна са змен наогул адмаўлялася заступаць на працу ў знак пратэсту. Да іх прыязджалі генеральны дырэктар Ігар Бабыр і галоўны інжынер Віктар Міхневіч. Нарэшце яны пагадзіліся працаваць далей.

Цэх «Аміяк-4» цяпер на планавым рамонце, хоць рамонт той павінен быў пачацца яшчэ ўлетку. Некаторыя працаўнікі мяркуюць, што кіраўніцтва зацягвала пачатак рамонту, бо баялася, што пасля работнікі адмовяцца яго зноў запускаць. Цяпер працы на «Аміяку-4» ідуць досыць павольна. Гэта нагадвае італійскі страйк. Работнікі адпрацоўваюць свой час, не выходзяць працаваць у выходныя, не застаюцца на «звышурочныя», як раней. Гэта законна.

«Людзі паказваюць кіраўніцтву, што яны не будуць для яго зарабляць грошы», - кажа старшыня Незалежнага прафзвязу «Гродна Азоту» Андрэй Ханевіч.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках