29 кастрычнiка 2020, Чацвер, 2:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Нам патрэбны другі фронт - эканамічны

24
Нам патрэбны другі фронт - эканамічны
Фота: tut.by

Увядзіце сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі:

- Ужо больш за пяцьдзесят дзён ідзе беларускае паўстанне супраць дыктатуры. Увесь гэты час, кожны дзень грамадзяне выходзяць на вуліцы і плошчы за сваю свабоду, за гонар, за годнасць, за права выбіраць і быць абранымі.

Звар'яцелы ад прагі ўлады дыктатар нацкоўвае сілавікоў на наш народ. У людзей страляюць, кідаюць гранаты, б'юць дубінкамі і паліваюць з вадамётаў. Псеўда сістэма сотнямі адпраўляе нязгодных у турмы. Штампуе шалёныя штрафы. Ужо няма такога закона, які не парушыў бы Лукашэнка і ягоныя халуі.

Краіну старанна штурхаюць у бездань грамадзянскай вайны. Тых, хто наважваецца на страйкі і пратэсты, звальняюць з працы і садзяць у турмы. І цяпер як ніколі нам патрэбна дапамога ўсіх цывілізаваных краін.

Мы ўдзячныя за тую падтрымку, якая ўжо нададзеная народу Беларусі. За непрызнанне «самаінаўгурацыі» дыктатара. Але гэтага мала. Самае балючае для ўзурпатара месца - ягоная кішэня. Амаль дваццаць шэсць гадоў ён набіваў яе, блытаючы з бюджэтам краіны. Менавіта з яго ён цяпер аплачвае працу катаў, вертухаяў і прапагандыстаў.

І ад таго, як шмат сродкаў ён зможа і далей накіроўваць на здушэнне нашай свабоды, залежыць, колькі яшчэ людзей страцяць жыццё і здароўе ў гэтай барацьбе. Мы ўсё роўна не здадзімся. Свабодных людзей не зрабіць рабамі. Але зацягнуць сваю агонію ён можа.

Самы час адрэзаць яму ўсе магчымыя крыніцы даходаў. Увядзенне эканамічных санкцый паставіла б дыктатара ў бязвыхадную сітуацыю.

Забарона на экспарт нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і электраэнэргіі, а таксама спыненне ўсялякай фінансавай дапамогі дзяржаўным органам, як і прыпыненне гандлёвых стасункаў з беларускімі дзяржпрадпрыемствамі, у лічаныя дні і тыдні пакінулі б дыктатара ў адзіноце. Тым самым, магчыма, захаваўшы дзясяткам, сотням і тысячам людзей жыццё, здароўе і свабоду.

Вайна за жыццё і свабоду беларусаў ужо ідзе. І цяпер нам як ніколі патрэбны другі фронт, эканамічны. Увядзіце санкцыі.

Нядаўна галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна заявіла пра тое, што менавіта эканамічныя санкцыі прымусяць рэжым Лукашэнкі капітуляваць.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».