20 красавiка 2024, Субота, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будаўнічы сектар Літвы абяскроўлены: работнікі з трэціх краін з'ехалі

Будаўнічы сектар Літвы абяскроўлены: работнікі з трэціх краін з'ехалі

Літоўскія прадпрымальнікі спадзяюцца на працоўных з Беларусі і Украіны.

"Працаваць няма каму", - так пра сённяшнюю сітуацыю ў будаўнічым сектары Літвы адгукнуўся старшыня ўправы кампаніі Hanner Арвідас Авуліс. Паводле ягоных слоў, падчас пандэміі з Літвы з'ехалі работнікі з трэціх краін і дагэтуль не вярнуліся, а паколькі сектар будаўніцтва зноў ажывіўся, гэта выклікала брак рабочых і рост коштаў. Ён заўважыў, што калі гэтая сітуацыя зацягнецца, то падаражэюць паслугі, піша delfi.lt.

Аб сітуацыі ў сектары нерухомасці Авуліс сказаў, што яна не здаецца дрэннай, але змяняецца амаль кожны дзень, таму прагноз надоўга зрабіць не ўдаецца. "Мы цяпер завяршаем пачатыя праекты, паглядалі на новыя, але не хочацца спяшацца, яшчэ ўсякае можа быць", - сказаў ён і заўважыў, што цяпер сітуацыя складаная праз брак работнікаў некаторых спецыяльнасцяў, праблемы з пошукам работнікаў ёсць у падрадчыкаў Hanner.

"16 сакавіка, калі быў аб'яўлены карантын, сярод беларусаў і ўкраінцаў, якія працавалі ў Літве, пачалася паніка. Частка ўкраінцаў на працягу некалькіх тыдняў з'ехала на радзіму. Але агулам, калі глядзець на сітуацыю ў той час, аб'ёмы работ былі зменшаныя, працы прыпыненыя, таму асаблівага пагаршэння не было.

У Літву вярнуліся літоўцы, якія працавалі ў Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі, Ірландыі. Можна сказаць, тады на рынку баланс быў нядрэнным, таму што росту ў гэтай сферы ў сакавіку-красавіку не было. Для нас як заказчыкаў той перыяд быў добрым, рабочых было дастаткова", - сказаў Авуліс пра карантын.

Але, паводле ягоных слоў, праблемы пачаліся, калі скончыўся карантын. "Тады мы адчулі брак рабочых. Будаўніцтва аднавілася, шок прайшоў. Літоўцы з'ехалі туды, дзе ім плацяць, але такой колькасці рабочых з Беларусі і Украіны, якая з'ехала ў карантын, не з'явілася. Зараз у сектары будаўніцтва вельмі не стае прадстаўнікоў некаторых прафесій. Гэтыя месца раней займалі украінцы і беларусы, якія не вярнуліся. Прычына - неабходнасць правесці два тыдні ў ізаляцыі, але нават калі не было ізаляцыі месяц таму, працаўнікі не ехалі", - сказаў прадпрымальнік.

Паводле ягоных слоў, цяпер не стае аздабляльнікаў. Авуліс сказаў, што гэта прывяло да росту коштаў на 20-30%. "Усё адбылося на працягу месяца. Зараз кошты ўсё яшчэ растуць, бо працаваць няма каму. Кампаніі перакупляюць работнікаў адна ў адной, а гэта магчыма калі прапанаваць большы заробак, як на аўкцыёне. Такая рэальнасць", - заўважыў прадпрымальнік.

На пытанне, калі гэтая сітуацыя можа змяніцца, ён адказаў, што гэта адбудзецца, калі з'явіцца вакцына. "Я думаю, найбліжэйшым часам нам давядзецца змірыцца з ростам коштаў у асобных сектарах, іншага выйсця няма. А калі сітуацыя ўляжацца, гэта будзе, калі з'явіцца вакцына, тады ўсё вернецца, з'явяцца работнікі з Украіны і Беларусі", - сказаў ён, заўважыўшы , што рост коштаў у гэтым сектары ударыць па кішэні тых, хто плануе куплю нерухомасці.

"Я не хачу быць тым, хто прыносіць дрэнныя навіны, але калі сітуацыя не зменіцца, то вялікая імавернасць, што гэта адбудзецца", - сказаў Авуліс пра магчымы рост коштаў.

Юрыст кампаніі 123 Наталля Бвртнікайтэ заўважыла, што цяпер шматлікія кампаніі хацелі б працаўладкаваць работнікаў з трэціх краін. "Замежнікаў, якія хацелі б працаваць у Літве нямала, але і пры гэтым іх заўсёды бракавала. Зараз попыт на іх нават большы, чым да карантыну", - заўважыла юрыстка. Са слоў Бартнікайтэ, многія працадаўцы не хочуць браць літоўцаў, бо ў іх больш нізкая прадукцыйнасць працы, чым у замежнікаў.

"Яшчэ адзін аспект - гэта не тое, што замежнікам плацяць заробкі меншыя, гэта тое, што замежнікі працы надаюць больш часу і ўвагі. У мясцовых ёсць асабістае жыццё, яны адпрацавалі свой час і пайшлі дадому, а замежнікі зацікаўленыя працаваць як мага больш, і звышналежнага, і ў выходныя", - заўважыла яна.

Бартнікайтэ назвала прычыну, праз якую гастарбайтэры пакуль не едуць у Літву: "Яны чакаюць лепшых часоў ці не хочуць сядзець у ізаляцыі, не ведаюць, што будзе далей". Дазволу на прыезд працаўнікоўз з-за мяжы выдае Служба занятасці.

Яе прадстаўнік Мілда Янкаўскенэ сказала, што з 16 сакавіка да 20 ліпеня такія дазволы не выдавалі наогул.

"За 9 месяцаў гэтага года такіх дазволаў выдалі амаль удвая менш, чым за той жа перыяд 2019 года: адпаведна 2366 і 4584. З 20 ліпеня адноўлена працаўладкаванне грамадзян трэціх краін, плынь ахвотных вырасла: да 15 верасня выдалі 888 дазволаў, а ў 2019 годзе за той жа час - 1041", - сказала яна.

Са слоў Янкаўскенэ, у гэтым годзе ў Літву прыязджалі ў асноўным грамадзяне Украіны (63%), Беларусі (23%), Расеі (4%), Узбекістана (3%), Турцыі (1,5%). "Падчас пандэміі працадаўцы нямала работнікаў з трэціх краін уладкавалі на выдаленую працу, такіх дазволаў выдадзена ў 2 разы больш, чым у 2019 годзе, а дазволаў на сезонныя працы выдадзена ў 4,7 разы менш", - заўважыла спецыялістка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках