25 красавiка 2024, Чацвер, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіны Балтыі дамовіліся пра методыку байкоту электраэнэргіі з БелАЭС

5
Краіны Балтыі дамовіліся пра методыку байкоту электраэнэргіі з БелАЭС
ФОТА: GETTY IMAGES

Электраэнэргія, імпартаваная на рынак краін Балтыі, павінна мець доказы свайго паходжання.

Пасля доўгіх перамоў Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія раней дамовіліся пра байкот электраэнэргіі з Беларусі пасля запуску там Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС), удалося выпрацаваць агульную методыку гандля электраэнэргіяй - у яе, як і прасіла Літва, уключаная сістэма гарантавання паходжання электраэнэргіі, піша delfi.lt.

Кампанія электраперадачы Litgrid паведаміла, што ў методыку ўключана палажэнне, што электраэнэргія, імпартаваная на рынак краін Балтыі, павінна мець доказы свайго паходжання, якія пацвярджаюць, што яна вырабленая не ў Беларусі.

Методыка пададзеная для публічных кансультацый. Літва таксама інфармавала Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) пра тое, што з наступнага года не будзе пастаўляць Беларусі рэзерв электраэнэргіі ў 100 мегават, прадугледжаны паводле пагаднення БРЭЛЛ. Гэта звязана з завяршэннем будаўніцтва Беларускай АЭС (БелАЭС) у Астраўцы.

Міністр энэргетыкі Літвы Жыгімонта Вайчунас сказаў, што інфармаваў пра гэта гендырэктара арганізацыі Рафаэля Гросі. Да канца верасня пра гэта будзе інфармаваны і Менск, папярэджанні якому паводле гэтага пытання высылаліся і раней.

«З нагоды адмовы ад рэзерву ў 100 мегават: з новага года Litgrid не будзе падаваць такі рэзерв Беларускай станцыі, бо менавіта ў пагадненні па БРЕЛЛ ёсць дадатковы пратакол. Мы ўжо раней папярэджвалі Беларусь афіцыйна. Таксама юрыдычна мы павінны гэта зрабіць да канца верасня - Litgrid гэта яшчэ зробіць, проста яшчэ дадаткова інфармаваў», - сказаў BNS у пятніцу Ж. Вайчунас.

Гэты рэзерв Літва абавязалася падаваць паводле дамовы аб постсавецкім энэргетычным коле БРЭЛЛ (Беларусь, Расея, Эстонія, Літва і Латвія), з якога выйдзе і дэсінхранізуецца ад кола да 2025 года.

Са слоў міністра, кіраўнік МАГАТЭ інфармаваны пра гэта, каб пазбегнуць магчымых непаразуменняў у будучыні. «Бо ў нашай публічнай прасторы маюцца пэўныя інтэрпрэтацыі, што гэта (адмова падаваць рэзерв - BNS) звязана са зніжэннем узроўню бяспекі БелАЭС. Рэзервы не з’яўляюцца нашай праблемай, гэта не наша пытанне, каб не было нейкіх міжнародных непаразуменняў, гэтую інфармацыю я таксама падаў гендырэктару МАГАТЭ», - дадаў Ж. Вайчунас.

У час размовы з Р. Гросі міністр энэргетыкі таксама папрасіў пасярэднічаць у забеспячэнні патрабавання Літвы аб выдаванні загадзя інфармацыі пра працэсы на БелЭАС. Ён таксама паведаміў, што пакуль не атрымліваў афіцыйнай інфармацыі пра тое, што БелАЭС будзе запушчана на энэргетычнае выпрабаванне 7 лістапада. На гэтым тыдні Дзяржаўная Інспекцыя бяспекі атамнай энэргетыкі (ГБАЭ) Літвы заявіла, што Беларусь павінна спыніць работу па запуску першага рэактара Беларускай АЭС у Астраўцы, будаўніцтва якой завяршаецца, пакуль не будуць вырашаны праблемы бяспекі станцыі.

Балтыйскія краіны рыхтуюцца блакаваць трапленне электраэнэргіі з БелАЭС на іх рынкі, а ўсе тэхнічныя рашэнні плануецца падрыхтаваць у кастрычніку. Літва крытыкуе бяспеку праекта БелАЭС і гатова байкатаваць электраэнэргію з гэтай станцыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках