29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вялікая гульня з мільярднымі стаўкамі

22
Вялікая гульня з мільярднымі стаўкамі
ФОТА: AP

Як маскоўскія алігархі спаборнічаюць за «фамільнае срэбра» Лукашэнкі.

Не толькі Крэмль бачыць у беларускім крызісе магчымасць цалкам падпарадкаваць сабе суседнюю краіну. Гэтак жа, а можліва, і больш жадана на прывабныя актывы, якімі валодае збанкрутавалы дыктатар, глядзяць расейскія алігархі, піша расейскі эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне і дырэктар Цэнтра постіндустрыяльных даследаванняў у Маскве Уладзіслаў Іназемцаў у артыкуле для Gazety Wyborczej (пераклад-Charter97.org).

Калі Уладзімір Пуцін абвяшчае, што ўжо сфармаваў «рэзерв» з праваахоўнікаў, каб у выпадку чаго паспяшацца з «брацкай дапамогай» Аляксандру Лукашэнку, які губляе ўладу, за кулісамі вялікай палітыкі ідзе іншая гульня - вялікія інтарэсы і вялікія грошы - заклад таго, што мільярдэры з Масквы ўжо ўклалі ў Беларусь, і таго, чым там можна яшчэ пажывіцца.

Расея з'яўляецца найбуйнейшым крэдыторам Беларусі. Запазычанасць Менска перад Масквой складае 7,92 мільярдаў даляраў (48% усяго замежнай пазыкі краіны). Расейскія кампаніі набываюць ад 45 да 80 адсоткаў таго, што вырабляюць беларускія прамысловыя гіганты, такія як Менскі аўтамабільны завод, Менскі трактарны завод ці БелАЗ.

Але нават маштаб запазычанасці або залежнасць рынку ад вялізнага суседа не адлюстроўваюць рэальнага ўплыву Расеі на эканоміку Беларусі і не паказваюць на самых уплывовых людзей, уцягнутых у эканамічную барацьбу за Беларусь.

Таму што не толькі Расея і кантраляваны ёю бізнэс, але і прыватныя кампаніі падтрымліваюць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі і вельмі актыўна дзейнічаюць за кулісамі.

Нафта, вугаль і крыптавалюты

Варта было б пачаць з нафтагазавай імперыі сям'і Міхаіла Гуцэрыева (у 2015-19 гадах гэта была самая багатая сям'я ў Расеі, затым яна саступіла месца Аркадзю Ратэнбергу, ягонаму брату і сыну). Нафтавая кампанія Гуцэрыева была адзіным пастаўшчыком сыравіны для беларускай нафтахіміі пасля спынення Пуціным паставак расейскай нафты ў студзені 2020 года. Гуцэрыеў таксама, як прынята меркаваць, з'яўляецца партнёрам старэйшага сына Лукашэнкі Віктара ў гандлі крыптавалютамі ў Менску і ў адмыванні грошай.

Яшчэ адным партнёрам Лукашэнкі з'яўляецца Герман Грэф, прэзідэнт «Ашчадбанка», найбуйнейшага банка Расеі, які ўважаецца за ліберала. Ён уклаў сотні мільёнаў даляраў у беларускую нерухомасць. Ягоны банк валодае беларускім «БПС-Ашчадбанкам». Падчас сваіх неаднаразовых візітаў у Менск Грэф выказваў поўную падтрымку Лукашэнку. Падчас свайго апошняга знаходжання ў ліпені ён абвясціў аб новых інвестыцыях у Беларусі і ўзяў удзел у адкрыцці дарагога фантана, які падарыў гораду Менску.

Да таго ж «Ашчадбанк» з'яўляецца найбуйнейшым крэдыторам Гуцэрыева, які завінаваціўся яму блізу 5 мільярдаў даляраў (уся маёмасць ягонай сям'і сёння каштуе менш за 3,2 мільярда). Значная частка гэтых грошай была ўкладзеная ў інвестыцыі ў Беларусі.

Актыўным на «беларускім фронце» таксама з'яўляецца Дзмітрый Мазепін. Калі ў краіне пачаліся пратэсты, менавіта ён выступіў з ініцыятывай стварэння камітэта выратавання Беларусі, які павінен быў аб'яднаць расейскіх і беларускіх прадпрымальнікаў вакол улады. Мазепін з'яўляецца уладальнікам «Уралхіма», кампаніі, якая кантралюе большую частку расейскай вытворчасці ўгнаенняў. Ягоны бізнэс таксама з'яўляецца буйным даўжніком таго ж «Ашчадбанка», у якога ён узяў ужо 3,9 мільярда даляраў (гадавое абарачэнне «Уралхіма» складае блізу 1,2 мільярд).

Асноўным канкурэнтам кампаніі Мазепіна з'яўляецца беларускі гігант «Беларуськалій», які каштуе 30 мільярдаў даляраў. Расейскі магнат хацеў бы набыць яго ў абмен на падтрымку, нададзеную Лукашэнку.

Каштоўная здабыча для захопу

Сённяшняя расейская алігархічная сістэма вырасла з праведзенай у 90-я гады прыватызацыі прамысловасці, пабудаванай у часы СССР. З тых часоў постсавецкі патэнцыял не быў мадэрнізаваны. Сёння 23 з 30 найбуйнейшых кампаній Расеі грунтуюцца на тым, што было пабудаванае ў часы камунізму (у Кітаі толькі 7 з 100 найбуйнейшых кампаній грунтуюцца на тым, што было створанае да 1990 года).

У Беларусі не прайшла прыватызацыя ў расейскім стылі, і вялікая частка прадпрыемстваў па-ранейшаму належыць дзяржаве. Расейскі бізнэс глядзіць на беларускую эканоміку як на каштоўную здабычу, якую лёгка будзе захапіць, калі Лукашэнка, які падае, будзе вымушаны набываць сабе час за значную частку дзяржаўных актываў.

Таму расейскія алігархі, якія самі з'яўляюцца фінансавымі банкрутамі, вядуць перамовы паводле кантракту «ўлада за актывы» з палітычным банкрутам, беларускім дыктатарам.

Я перакананы, што банкір Грэф з'яўляецца найважнейшым лабістам Лукашэнкі ў Крамлі, які перадае сігналы ад яго проста ў вуха Пуціну і адначасова дамагаецца гарантый інтарэсаў свайго банка і яго завінавачаных у Беларусі.

На стасункі Расеі і Беларусі не варта глядзець выключна з пункту гледжання геапалітыкі. Важным іх складнікам з'яўляецца вялікая гульня з мільярднымі стаўкамі. Расея ставіць усё, каб займець «беларускае фамільнае срэбра», якое належыць суседу, і адначасова абвінавачвае Захад ва ўмяшанні ў справы суверэннай краіны.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках