16 красавiка 2024, aўторак, 13:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы ЗША рыхтуюцца да галасавання на выбарах

5
Як беларусы ЗША рыхтуюцца да галасавання на выбарах

Дыяспара ломіць планы афіцыйнай дыпламатычнай місіі Беларусі ў ЗША.

Дыпламатычная місія Беларусі ў ЗША пачала рыхтаваць чарговую "элегантную перамогу" 3%-га на выбарчых пунктах 107 (Вашынгтон) і 108 (Нью Ёрк) яшчэ ў чэрвені. Пра гэта сайту Charter97.org напісаў праваабаронца і сябра прэзідыума Рады БНР Вячаслаў Бортнік, які жыве ў Вашынгтоне.

Выбарчыя камісіі

Пачалі з таго, што не зарэгістравалі ніводнага незалежнага сябра выбарчых камісій, хоць дакументы і былі пададзеныя ў адпаведнасці з усімі мажлівымі і неймавернымі патрабаваннямі. Беларусы ў літаральным сэнсе слова абрывалі тэлефоны місіі. Ім давалі няўцямныя і часцяком супярэчлівыя адказы. Толькі я знаю асабіста 8 чалавек , якія падавалі заявы - ніводзін не прайшоў. Больш за тое, амбасада нават не хоча даслаць адпіскі.

Камісіі сфармавалі цішком з работнікаў дыпламатычнай місіі, іхніх сямейнікаў, тэхнічнага персаналу ды іншых «правераных» асоб, з усяго відаць, наўпрост звязаных з Пасольствам. Такім чынам дыпламатычная місія Беларусі ў ЗША забяспечыла адсутнасць непажаданых вачэй пры падліку галасоў 9 жніўня.

Назіральнік

Патрабаванні да накіравання назіральнікаў таксама мяняліся неаднаразова. Асабіста я наважыў пільнавацца літары Пастановы Цэнтральнай камісіі Беларусі для выбараў і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 8 траўня 2020 г. №15 «Аб зацвярджэнні Парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе», у поўнай адпаведнасці з якім і падрыхтаваў неабходныя дакументы. Адправіў іх самым першым у выбарчую камісію дзялянкі №107 у амэрыканскай сталіцы яшчэ 24 чэрвеня.

5 жніўня 2020 года прыйшоў адказ старшыні выбарчай камісіі дзялянкі 107 і ў сумяшчальніцтве часовага паверанага ў справах Беларусі ў ЗША Д.Басіка (які, дарэчы, у свае найлепшыя часы быў рок-музыкам і спяваў песні аб свабодзе) ад 31.07.2020 №01-39/375, які змяшчае адмову ў рэгістрацыі мяне ў якасці назіральніка, матываваны тым, што не ўсе грамадзяне, якія вылучылі мяне, стаяць на консульскім уліку ў дыпламатычным прадстаўніцтве Беларусі ў ЗША або ўключаныя выбарчай камісіяй у спіс выбаршчыкаў.

Гэтыя патрабаванні не змяшчаюцца ў пастанове ЦВК. Фактычна мне, грамадзяніну Беларусі, адмовілі ў праве назіраць на выбарах прэзідэнта маёй краіны. Напісаў скаргу Ярмошынай. Некалькім людзям пашанцавала больш, чым мне. Але ім і людзям, якія іх вылучалі, давялося нямала папрацаваць. Шмат хто для таго каб мець магчымасць падпісацца за назіральніка, сталі на консульскі ўлік, дзе іх прымусілі здаць перакладзеныя на беларускую мову, натарыяльна засведчаныя, з пастаўленым апастылем, грын-карткі. Камусьці давялося назнарок накруціць вялікія мілі, каб паставіць подпіс у консульстве.

Добра, акрэдытавалі - 2 у Вашынгтоне і 3 у Нью Ёрку. Вашынгтонскім у першы ж дзень шчыра далі зразумець, што на падлік галасоў 9 жніўня іх не дапусцяць. І вось як цікава гэта растлумачылі. Выяўляецца, у сувязі з COVID-19 у памяшканні выбарчага пункта можа знаходзіцца толькі адзін назіральнік. І нібыта назіральнікі могуць самі размеркаваць паміж сабой час знаходжання ў пункце.

Праблема толькі ў тым, што даведацца, каго менавіта акрэдытавалі назіральнікам, фактычна немагчыма. У журнале запісу назіральнікаў асобнаму назіральніку паказваюць толькі ягоны радок. У самы першы дзень датэрміновага галасавання ў Вашынгтоне незалежнай назіральніцы паведамілі, што прамежак часу, калі будзе праводзіцца падлік галасоў, ужо заняў адзін назіральнік - вельмі дарэчы для работнікаў дыпламатычная місіі. А раз у пункце можа адначасова знаходзіцца толькі адзін назіральнік, то больш нікога не змогуць дапусціць, як бы яны гэта ні хацелі.

У астатнім назіранне праходзіць гладка і без эксцэсаў. У Нью Ёрку назіральнікаў падкормлівалі піражкамі, а ў Вашынгтоне іх забаўляў размовамі сам Часовы Павераны (праўда, збольшага жаліўся, што дыяспара з ім не сябруе, хоць ён мае з ёй, выяўляецца, і агульныя мэты).

Выбаршчык

Сёлета беларуская дыпламатычная місія ў ЗША прыдумала навацыю - зараней скласці спісы выбаршчыкаў. Беларусы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША падчас прэзідэнцкіх выбараў, мелі падаць свае звесткі ў выбарчыя камісіі на дзялянках у Вашынгтоне і Нью Ёрку да 17 ліпеня. Часу на гэта давалася не так ужо шмат – блізка што тыдзень. Натуральна, не ўсе паспелі падаць і не трапілі ў гэтыя спісы. А шмат хто, напэўна, і не хацеў трапляць ні ў якія спісы - хто яго ведае, ці не пойдуць яны ў падатковыя ды іншыя карныя органы?

Беларусы зноў абрывалі тэлефоны дыпламатычнай місіі - і зноў няўцямныя адказы. Сёлета назіраецца ўсплёск цікавасці да беларускіх выбараў у ЗША. Калі я назіраў на выбарах 2010-га года ў Вашынгтоне, датэрмінова прагаласаваў толькі адзін чалавек і 29 у дзень выбараў. У гэтым сезоне, думаю, будзе на парадак больш ахвочых. Я асабіста знаю два дзясяткі беларусаў, якія прыляцяць у Вашынгтон назнарок на выбары. І гэта, нягледзячы на жорсткія абмежаванні ў шмат якіх штатах у сувязі з COVID-19. Дагэтуль застаецца незразумелым, ці змогуць прагаласаваць тыя, каго не ўнеслі ў спісы.

Але не ўсё так дрэнна

Ужо не ведаю, якія мэты ў паверанага Басіка, а ў беларусаў ЗША на час прэзідэнцкіх выбараў - гэта зрабіць усё магчымае для таго, каб працэс галасавання на пунктах 107 і 108 быў празрыстым і справядлівым. У Вашынгтоне і Нью Ёрку штодня прысутныя незалежныя назіральнікі, арганізаваныя апытанні на выхадзе. Для ўдзелу ў гэтым людзі ляцяць з розных штатаў, нягледзячы на каранавірус і жыццёвы клопат. Людзі знаёмяцца, абменьваюцца ідэямі новых праектаў - энэргетыка страшэнная.

Самае цікавае, што большасць іх недалучаныя да нейкіх фармальных арганізацый і груп; шмат хто бярэ ўдзел у палітычным працэсе ўпершыню. Усё гэта дае надзею на тое, што перамены блізкія!

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках