28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсат»: Што рабіць, калі падчас «выбараў» не будзе працаваць інтэрнэт?

18
«Белсат»: Што рабіць, калі падчас «выбараў» не будзе працаваць інтэрнэт?
ФОТА: АЛІСА ГАНЧАР/BELSAT.EU

Некалькі асноўных парадаў.

Праблемы з мабільным інтэрнэтам сталі адной з рысаў гэтай перадвыбарчай кампаніі. Пры гэтым улады не выключаюць, што могуць цалкам яго адключыць, паведамляе «Белсат».

На ўсіх апошніх буйных акцыях у Менску наведвальнікі сутыкаліся з адсутнасцю інтэрнэту і нават перабоямі ў працы звычайнай мабільнай сувязі. Так было 30 ліпеня падчас мітынгу-канцэрту Святланы Ціханоўскай на Бангалоры і 6 жніўня на акцыі ў Кіеўскім скверы пасля таго, як гукарэжысёры ўключылі «Перамен» Віктара Цоя.

Паведамляецца, што старшыня савета бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што калі яны ўбачаць «непасрэдную пагрозу», якая выплывала з онлайну, блакаванне інтэрнэту магчымае.

Ускосным довадам планаў адключэння інтэрнэту можа быць і факт заўчасных выплат пенсій і сацыяльных дапамог грамадзянам перад «выбарамі». Бо ў выпадку адсутнасці інтэрнэту не будуць працаваць таксама інтэрнэт-банкінг, аплатныя тэрміналы і гэтак далей. Але гэта можа быць, вядома, і сродкам подкупу электарату напярэдадні выбараў.

А што кажа закон?

Беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць адключэння краіны ад сусветнага павуціння.

Так, згодна з законам ад 19 ліпеня 2005 года «Аб электрасувязі» наданне паслуг электрасувязі могуць прыпыніць ці абмежаваць пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, увядзеннi надзвычайнага або ваеннага становішча.

Таксама і закон ад 15 лiпеня 2015 года «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці» дапускае перапыненне злучэнняў у сетках электрасувязі пры правядзенні кантролю ў іх у выпадку ўзнікнення непасрэднай пагрозы жыццю або здароўю грамадзянiна або нацыянальнай бяспецы Беларусі.

ФОТА: АЛІСА ГАНЧАР/BELSAT.EU

Пры прыняцці адпаведных пастаноў кожны правайдэр, які мае ліцэнзію на наданне паслуг электрасувязі, абавязаны прыпыніць ці абмежаваць іх наданне.

Пры гэтым, паводле падлікаў сэрвісу COST ад NetBlocks і Internet Society, кожны дзень закрыцця інтэрнэту на ўсёй тэрыторыі краіны каштавацьме Беларусі $56,4 млн.

Што рабіць?

У такім выпадку, з улікам таго, што імавернасць блакавання інтэрнэту ў Беларусі сапраўды існуе, якія крокі можна зрабіць, каб быць на сувязі ў найбліжэйшыя дні. Мы падрыхтавалі для вас спецыяльную шпаргалку на гэты конт.

У выпадку, калі будуць блакавацца асобныя інтэрнэт-сайты, варта карыстацца рознымі VPN-сэрвісамі (Virtual Private Network). Тэхналогія VPN хавае звесткі карыстальніка ад правайдэра інтэрнэту, які не можа кантраляваць карыстацкі трафік. У выніку гэта дае чалавеку дадатковую абарону яго ў асабістым жыцці, а таксама дазваляе адкрываць заблакаваныя на ўзроўні правайдэра рэсурсы.

ФОТА: ТАНЯ КАПІТОНАВА/«БЕЛСАТ»

Калі ж у мабільных сетках скарыстацца тэхналогіяй 3G не атрымаецца, але ў наяўнасці будзе EDGE 2G, нашы чытачы змогуць атрымліваць пушы праз дадатак «БелсатТВ» альбо RSS.

Мэсэнджары без інтэрнэту

У выпадку, калі інтэрнэт не будзе працаваць зусім, раім карыстацца мэсэнджарамі, якія працуюць без яго.

Так, аўтаномны мэсэнджар Bridgefy выкарыстоўвае Bluetooth сувязь тэлефона для ўстанаўлення злучэння з іншымі смартфонамі, на якіх запушчанае прыкладанне. Пасля налады прыкладанне дазваляе кантактаваць з карыстальнікамі Bridgefy ў радыусе 100 метраў ад вас. Праўда, чалавек павінен быць у вашым спісе кантактаў.

ІНФАГРАФІКА: BELSAT.EU

Вы можаце адправіць паведамленні з end-to-end шыфраваннем аднаму чалавеку або стварыць групу для адначасовых стасункаў з некалькімі людзьмі. Таксама прыладу можна выкарыстаць для перадачы малюнкаў без актыўнага падлучэння да інтэрнэту і нават без ўліковага запісу карыстача. Але праверка вашага нумара тэлефона можа паскорыць выяўленне карыстальнікаў.

Bridgefy таксама валодае рэжымам трансляцыі, які дазваляе адпраўляць паведамленні ўсім карыстальнікам паблізу адначасова. Гэтая функцыя таксама працуе для карыстальнікаў, якіх няма ў вашым спісе кантактаў.

Яшчэ адно бясплатнае прыкладанне для аўтаномнага абмену паведамленнямі без інтэрнэту - FireChat. У дадатку да Bluetooth яно таксама выкарыстоўвае Wi-Fi, што дазваляе карыстальнікам адпраўляць тэкставыя паведамленні, калі няма падлучэння да інтэрнэту або сотавай сувязі.

Але FireChat мае радыус толькі блізу 60 метраў. Для паведамленняў таксама выкарыстоўваецца скразное шыфраванне, таму ніхто не даведаецца пра размову. Вялікі недахоп прыкладання - неабходнасць стварэння ўліковага запісу.

«Белсат» жа ў дзень выбараў, 9 жніўня, а 8:00 пачне беспрэцэдэнтны 18-гадзінны жывы эфір. Журналісты будуць працаваць у штабах усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, адкуль цягам дня арганізуюць жывыя ўключэнні. Яны будуць асвятляць ход галасавання, сітуацыю вакол падліку галасоў і рэакцыю грамадзян. Выбарчыя ўчасткі закрыюцца а 20:00. Пасля гэтага могуць пачацца акцыі пратэсту.

Сачыць за эфірам можна будзе ў тым ліку праз спадарожнік.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках