29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская антыядзерная кампанія выступіла з заявай у сувязі з пускам Астравецкай АЭС

10
Беларуская антыядзерная кампанія выступіла з заявай у сувязі з пускам Астравецкай АЭС
Фота: ТАСС

БелАЭС стане яшчэ адным дэтанатарам і без таго крызіснай палітычнай сітуацыі ў краіне.

Беларуская антыядзерная кампанія выступіла з заявай у сувязі з пускам Астравецкай АЭС. Тэкст заявы маецца ў распараджэнні рэдакцыі Charter97.org.

«На гэтым тыдні СМІ распаўсюдзілі заявы супрацоўнікаў ГК «Расатам» і Мінэнэрга Рэспублікі Беларусь аб тым, што фізічны пуск рэактара першага энэргаблока БелАЭС ажыццявіцца за два дні да прэзідэнцкіх выбараў, а менавіта 7 жніўня 2020 года.

У той жа час, ліцэнзія на эксплуатацыю БелАЭС яшчэ не выдадзеная, праблемы бяспекі, выяўленыя еўрапейскімі экспэртамі падчас партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў БелАЭС яшчэ не развязаныя, праблема абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС застаецца адкрытай (дадатковае пагадненне аб яго перапрацоўцы ў Расеі не падпісанае, пляцоўка для часовага сухога захоўвання адсутнічае, няма пастановы аб захоўванні і транспартаванні небяспечных адкідаў перапрацоўкі ў Беларусь і так далей).

Будаўніцтва БелАЭС суправаджалася інцыдэнтамі (з гібеллю рабочых і карпусамі рэактараў - адзін з іх выпусцілі, другі ўдарылі аб жалезабетонны слуп пры транспартаванні па чыгунцы) і парушэннямі (будаўніцтва рэактарнага будынка першага энэргаблока пачалося ў адсутнасць ліцэнзіі і зацверджанай праектнай дакументацыі; парушаныя канвенцыі ЕЭК ААН Орхуская і Эспаа). Парушэнні канвенцый не ліквідаваныя, корпус рэактара, які стукнуўся аб слуп, усталяваны, парушэнні пачатку будаўніцтва рэактарнага будынка першага энэргаблока без ліцэнзіі і праекта не расследаваныя і гэтак далей.

Увод у эксплуатацыю БелАЭС эканамічна немэтазгодны і можа прывесці да росту коштаў электраэнэргіі ў 1,5-2 разы, у той час як суседняя Літва адмовілася ад куплі электраэнэргіі гэтай атамнай электрастанцыі, і такую ж пазіцыю падзяляюць Латвія, Польшча і Украіна.

Аднак нягледзячы на гэтыя праблемы, мы бачым непераадольнае жаданне ўладаў прывязаць пуск рэактара да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Такое назіралася і ў Чарнобылі, калі будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю энэргаблокаў атамнай электрастанцыі паскаралі каманднымі загадамі да каляндарных дат.

Улады абвінавачваюць апанентаў БелАЭС у залішняй палітызацыі, аднак нічым іншым, акрамя як палітычна матываванай пастановай нельга назваць пастанову аб загрузцы паліва ў рэактар, праца якога не проста не патрэбная, а нясе непрымальныя для беларусаў рызыкі, уключаючы рызыку страты суверэнітэту краіны.

Сёння выдадзены дазвол толькі на загрузку паліва ў рэактар, якая будзе доўжыцца ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў, і якая не азначае фізічнага пуску, хоць з'яўляецца ключавым яго этапам. Гэтая працэдура патрабуе высокага прафесіяналізму і належнага стану абсталявання. Мы не ўпэўненыя ў тым, што ўсё гэта гатовае да каляндарнай даты, нягледзячы на тое, што Дзяржатамнагляд выдаў з гэтай нагоды станоўчае заключэнне.

Беларусь блізкая да пункту незвароту, бо менавіта фізічны пуск першага энэргаблока зробіць працэс незваротным, і Беларусь сутыкнецца з незваротнымі праблемамі.

БелАЭС стане яшчэ адным дэтанатарам і без таго крызіснай палітычнай сітуацыі ў краіне.

Атамныя электрастанцыі не запускаюць падчас рэвалюцый, не рыхтуюць да выбараў і іншымі палітычных падзеяў. Гэта не проста значна павышае радыяцыйныя рызыкі, але можа дрэнна скончыцца.

Мы просім Дзяржатамнагляд і Мінэнэрга Беларусі кіравацца здаровым сэнсам і прафесійнымі крытэрамі, а не палітычна матываванымі загадамі. Мы патрабуем расследавання ўсіх парушэнняў на будаўніцтве станцыі, пошуку развязання ўсіх праблем бяспекі, адкрытага абмеркавання з грамадскасцю і перагляду пастаноў аб будаўніцтве і пуску БелАЭС у адпаведнасці з вынікамі гэтых абмеркаванняў! А для гэтага, мы ўважаем за важнае адкласці фізічны пуск рэактара першага энэргаблока БелАЭС!» - гаворыцца ў заяве.

Беларуская антыядзерная кампанія - гэта грамадская кампанія, якая апаніруе будаўніцтву Астравецкай АЭС з 2009 года, якая выступае за бяз'ядзерную Беларусь, якую вядуць ГА «Экадом», Беларуская партыя «Зялёныя», грамадская кампанія «Астравецкая атамная - гэта злачынства», а таксама актывісты, журналісты, экспэрты і іншыя ўдзельнікі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках