19 красавiка 2024, Пятніца, 23:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі не знайшлі ніводнага новага буйнога радовішча нафты

3
У Расеі не знайшлі ніводнага новага буйнога радовішча нафты

Сыравінная эканоміка з велізарнай хуткасцю набліжаецца да фіналу.

Нафтавая «казка», у якой больш за 50 гадоў жыве Расея, дзе «чорнае золата» абменьвалася на валюту, тэхналогіі і спажывецкі стыль жыцця, з пагрозлівай хуткасцю набліжаецца да фіналу, піша finanz.ru.

Узмоцненая здабыча на старых, яшчэ савецкіх радовішчах прыводзіць да іх паскоранага знясілення, а новых пакладаў з таннай і лёгкай для здабывання нафтай не знаходзіцца.

За першую палову 2020 года Расея здолела знайсці і паставіць на дзяржаўны баланс 11 новых радовішчаў вуглевадароднай сыравіны, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на матэрыялы Мінпрыроды.

Зрэшты, аб'ём запасаў гэтых радовішчаў склаў усяго 30 млн тон. Гэта ў 9 разоў менш, чым было здабыта за той жа перыяд (блізу 270 млн тон).

З усіх пакладаў пераважная большасць належыць да катэгорыі дробных і вельмі дробных. Толькі адно радовішча адпаведна з катэгорыяй АВ1С1 з'яўляецца «сярэднім». Гэта Новавогненнае радовішча ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, аб адкрыцці якога абвясціла «Раснафта».

Зрэшты, і яно мае запасы ўсяго на 21 млн тон (адпаведна з катэгорыямі С1+С2). Гэта 4% ад існай гадавой здабычы ў краіне і прыкладна 4 тыдні расейскага нафтавага экспарту.

Летась сітуацыя была не лепшай: усе 59 радовішчаў, пастаўленых на дзяржаўны баланс, належалі да катэгорыі «дробных», адзначае Падліковая палата ў дакладзе аб стане мінеральна-сыравіннай базы.

Агулам новымі адкрыццямі кампенсуецца не больш за 25% выбылых запасаў нафты. Пры гэтым значная частка адкрыццяў, пра якія рапартуюць сыравінныя кампаніі і якія рэгіструе дзяржава, «фэйкавыя» і не пацвярджаюцца ў выніку пераацэнкі, выведкі і здабычы.

У суме з 2016 года былі прызнаныя не існымі ў рэальнасці запасы нафты і кандэнсату на 2,278 мільярда тон, што складае амаль пяць гадавых аб'ёмаў здабычы. За той жа перыяд з прычыне непацверджання давялося спісаць 6,041 трыльёна кубаметраў газу - больш за дзевяць гадавых аб'ёмаў здабычы, падлічылі ў СП.

Сыравінным дзяржкампаніям важна паказаць, што іх рэсурсная база застаецца стабільнай: новыя адкрыцці кампенсуюць аб'ёмы, якія здабываюцца з нетраў і прадаюцца за мяжу.

Але эфектыўнасць геолагавыведачных работ, якія выконваюцца за кошт бюджэту, «неабгрунтавана завышаецца», канстатуе Падліковая палата: у эканамічна даступныя запасы пераводзяцца прагнозныя рэсурсы з імавернасцю пацверджання 25-35% і ніжэй.

Па меры таго, як высільваюцца радовішчы-гіганты, з якіх качаюць нафту з часоў СССР, над расейскай эканомікай навісае праблема страты ключавой крыніцы цвёрдай замежнай валюты, на якую імпартуюцца тэхналогіі, абсталяванне і спажывецкія тавары.

Да крытычнага пункту, паводле «Стратэгіі развіцця мінеральна-сыравіннай базы», застаецца блізу 7 гадоў. З 2025 года фонд дзейных радовішчаў перастане спраўляцца з нагрузкай.

А да 2035-га, на ацэнку Мінэнэрга, аб'ёмы вытворчасці могуць абрынуцца практычна ўдвая - з цяперашніх 553 млн тон на год (11,4 млн барэляў на дзень), да 310 млн тон (6,3 млн барэляў за дзень).

Асабліва востра праблема стаіць у Заходняй Сібіры, якая цяпер дае кожны другі барэль, які здабываецца з нетраў. Калі нічога не рабіць, у песімістычным сцэнары спад там будзе больш чым двухразовым - з 330 да 146 млн тон на год, біў трывогу ў 2018 годзе кіраўнік Мінэнэрга Аляксандр Новак.

Расея цалкам знікне з сусветнага рынку нафты да сярэдзіны 2030-х, заявіў два гады таму ў інтэрв'ю Bloomberg наследны прынц Савудаўскай Арабіі Махамед бен Сальман. Ён дадаў, што Эр-Рыяд гатовы замясціць знікненне расейскіх паставак.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках