28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Atlantic: Каранавірус застанецца назаўсёды

The Atlantic: Каранавірус застанецца назаўсёды

З часам SARS-CoV-2 можа стаць проста чарговым сезонным рэспіратарным вірусам.

Каранавірус, які выклікае хваробу пад назвай COVID-19, заразіў больш за 16,5 мільёнаў чалавек на шасці кантынентах. Ён цяпер лютуе ў краінах, дзе ніколі яго не было і зноў на ўздыме ў тых, якія ўжо ад яго пацярпелі.

Калі хоць калісьці быў момант, калі каранавірус яшчэ можна было стрымаць, то ён, магчыма, ужо даўно прайшоў. Існуе адзін вынік, які здаецца цалкам канчатковым: вірус ніколі не знікне. Пра гэта піша The Atlantic (пераклад - unian.net).

Каранавірус проста занадта распаўсюджаны і заразны. Экспэрты кажуць, што найбольш імаверны сцэнар - пандэмія ў нейкі момант скончыцца. Таму што дастатковая колькасць людзей заразіцца або зробіць прышчэпкі. Але вірус прадоўжыць цыркуляваць на планеце, хоць і даволі слаба. Колькасць выпадкаў заражэння будзе павялічвацца і памяншацца. Успышкі будуць узнікаць тут і там.

Нават калі доўгачаканая вакцына з'явіцца, яна, хутчэй за ўсё, здушыць, але ніколі не зможа цалкам вынішчыць каранавірус. Для кантэксту выданне раіць узгадаць той факт, што існуюць вакцыны супраць больш чым дзясятка чалавечых вірусаў. Але толькі воспа была цалкам знішчаная. І нават у яе выпадку спатрэбілася 15 гадоў велізарных намаганняў усяго свету.

«Цалкам магчыма, што нам давядзецца жыць з гэтым вірусам усё наша жыццё», - гаворыцца ў артыкуле.

Яшчэ ўзімку чыноўнікі органаў аховы здароўя больш аптымістычна глядзелі на вірус SARS-CoV-2, які правакуе хваробу пад назвай COVID-19. Найбліжэйшы яго сваяк у сямействе каранавірусаў SARS з'явіўся ў канцы 2002 года і заразіў больш за 8000 чалавек. Але яго задушылі з дапамогай ізаляцыі хворых, сачэння за іх кантактамі і ўвядзення карантыну. Вірус пакінуў людзей у спакоі ў 2004 годзе.

«Але паміж SARS і SARS-CoV-2 існуе ключавая розніца: новы каранавірус распаўсюджваецца лягчэй і ў многіх выпадках пераносіцца без сімптомаў», - піша выданне.

Такім чынам, стратэгіі, якія былі паспяховымі ў выпадку SARS, не так эфектыўныя, калі гаворка ідзе пра людзей з COVID-19. Таму што многія з іх нават не ведаюць, што заражаныя.

«Вельмі малаімаверна, што мы зможам абвясціць такую ж перамогу, як у часы SARS», - сказаў эпідэміёлаг з Калумбійскага ўніверсітэта Стывен Морс.

Якім жа тады будзе будучыня з COVID-19? Са слоў даследчыка інфекцыйных захворванняў з Гарвардскага ўніверсітэта Інафана Града, гэта будзе залежаць ад сілы і працягласці імунітэту супраць віруса. Разам з калегамі навуковец змадэляваў некалькі магчымых траекторый. Калі імунітэт будзе прадаўжацца некалькі месяцаў, тады пасля вялікай пандэміі штогод будуць успышкі меншыя. Калі ж імунітэт будзе захоўвацца два гады, тады пікі заражэння будуць узнікаць праз год.

На гэты момант не вядома, як доўга ў людзей будзе захоўвацца імунітэт да COVID-19. Каранавірус не распаўсюджваўся яшчэ досыць доўга, каб можна было пра гэта даведацца. Але блізкія каранавірусы могуць падказаць. Напрыклад, антыцелы супраць SARS знікаюць праз два гады. А ў выпадку іншых каранавірусаў, якія выклікаюць прастуду - праз год.

«Чым хутчэй знікае абарона, тым цяжэй будзе ўвасабляць усякі праект для знішчэння віруса», - растлумачыў Град.

Гэта паўплывае на вакцынацыю. Замест аднаго ўколу на ўсё жыццё прышчэпку ад COVID-19 трэба будзе ўвесь час абнаўляць. Цалкам магчыма, што давядзецца яго рабіць кожны год ці праз год, як у выпадку з грыпам. Калі нават атрымаецца неяк знішчыць каранавірус у чалавечым асяроддзі, ён можа прадаўжаць распаўсюджвацца сярод жывёл. А ад іх можа перакінуцца назад на людзей.

Навукоўцы папярэджваюць, што жывёлы ва ўсім свеце могуць стаць своеасаблівым «рэзервуарам» для SARS-CoV-2.

«Як вы збіраецеся высветліць маштабы распаўсюджвання каранавіруса за межамі чалавечага насельніцтва сярод дзікіх і свойскіх жывёл?» - сказаў вірусолаг з Універсітэта Паўночнай Караліны Цімаці Шыхан.

На гэты момант вядома, што тыгры ў заапарку Бронкса і норкі на фермах у Нідэрландах заразіліся SARS-CoV-2 ад людзей. І ў выпадку нідэрландскіх норак, вірус змог пераскочыць з іх зноў на людзей, заразіўшы работнікаў фермы. Праз існаванне ў жывёл «рэзервуараў», з якіх узбуджальнік хваробы можа зноў паўторна распаўсюджвацца на людзей, навукоўцы нават не кажуць пра «вынішчэнне» каранавіруса. Напрыклад, вірус Эбола, цалкам магчыма, распаўсюдзіўся на людзей ад кажаноў. Яго перадача ад чалавека да чалавека ў Заходняй Афрыцы была спыненая ў 2016 годзе. Але вірус дагэтуль існуе дзесьці на зямлі. І ён можа заразіць людзей, калі знойдзе правільнага носьбіта.

Нарэшце, у 2018 годзе ў ДР Конга адбылася новая ўспышка Эболы. Таму хваробу можна стрымаць, адсочваючы кантакты, ізалюючы хворых, а таксама выкарыстоўваючы даступныя вакцыны. Але яе немагчыма «вынішчыць». Ніхто не можа сказаць напэўна, чаму SARS так і не пераскочыў зноў на людзей з «жывёльных рэзервуараў». Але каранавірус можа пайсці іншым шляхам.

Згодна з найбольш аптымістычным сцэнарам, вакцына і найлепшыя сродкі лячэння могуць паменшыць цяжар COVID-19. Яны могуць зрабіць хваробу менш небяспечнай і не такой зруйнавальнай. З часам SARS-CoV-2 можа стаць проста чарговым сезонным рэспіратарным вірусам, як чатыры іншыя каранавірусы, якія выклікаюць прастуду: 229E, OC43, NL63 і HKU1. Яны настолькі распаўсюджаныя, што, хутчэй за ўсё, кожны чалавек на зямлі заразіўся імі. Яны могуць правакаваць сур'ёзныя ўспышкі, асабліва сярод паджылых людзей. Але звычайна хвароба праходзіць досыць мякка, каб на гэта не вельмі звярталі ўвагу. Таму нарэшце SARS-CoV-2 стане пятым каранавірусам, які рэгулярна цыркулюе сярод людзей.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках