20 красавiка 2024, Субота, 7:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка падмануў кіроўцаў «хуткай дапамогі»

4
Лукашэнка падмануў кіроўцаў «хуткай дапамогі»

Яны скардзяцца на тое, што ім не выплацілі належную «каранавірусную» надбаўку.

За працу ва ўмовах, звязаных з каранавіруснай інфекцыяй, даплаты належаць не толькі лекарам і медсёстрам. На гэты конт ёсць указ №131, дзе іншым работнікам аховы здароўя, да якіх належаць і кіроўцы хуткай дапамогі, устаноўленая сума штомесячнай надбаўкі – 1 000 рублёў, піша kp.by.

Прааналізаваўшы свае разліковыя лісткі за апошнія месяцы, кіроўцы, якія працуюць на 6-й падстанцыі хуткай дапамогі Менска, выявілі, што такіх сум у іх няма і блізка. Звярнуліся па растлумачэнне ў камітэт аховы здароўя Менгарвыканкама. З атрыманага адказу вынікала, што права на паказаныя ва ўказе даплаты ў іх ёсць. Камітэт аховы здароўя накіраваў хадайніцтва аб разглядзе гэтага пытання ў Міністэрства аховы здароўя. А кіроўцы, пакуль дойдзе ды справа, напісалі калектыўную заяву кіраўніцтву свайго прадпрыемства «Мінсксанаўтатранс» (арганізацыя, у якой арандуе аўтамабілі сталічная хуткая дапамога). Маўляў, просім выплаціць належную штомесячную надбаўку сумай 1 000 рублёў, інакш давядзецца звярнуцца ў суд. Зварот ініцыяваў адзін з кіроўцаў, падтрымалі яго яшчэ 53 чалавекі - іх подпісы прыкладаюцца на чатырох аркушах.

Наступствы звароты пакуль адчуў на сабе толькі адзін з тых, хто падпісаўся - 27-гадовы Уладзімір Сіроткін.

- У той жа дзень, калі да дырэктара патрапілі паперы, якія мы падпісалі, мяне папрасілі заехаць у аддзел кадраў. Прыехаў - даведаўся, што не працягваюць са мной кантракт, які заканчваецца 31 жніўня, - распавёў Уладзімір. - Без прычыны. За 4 гады, што тут працую, няма да чаго прычапіцца, ніводнай хібы не было. А два тыдні таму нават падзяку абвясцілі на агульным сходзе за працу. Магчыма, кантракт не працягнулі праз мой подпіс пад гэтай заявай. Астатніх пакуль не чапаюць. У іх кантракты яшчэ не заканчваюцца.

- Вы спрабавалі ўсё ж такі высветліць, чаму з вамі не падаўжаюць кантракт?

- Дырэктара на дварэ сустрэў, спытаў. Адказ быў такі: «Табе ж тут нешта не падабалася». Нам на сходзе калісьці так сказалі: «Калі камусьці нешта не падабаецца, мы нікога не трымаем». А мяне тут усё задавальняе, і калектыў добры, і праца патрэбная - у мяне малое дзіця, жонка ў дэкрэтным, жывем на здымнай кватэры.

- Вам хоць нешта даплачвалі за працу з кавіднымі хворымі?

- Даплаты былі. Па 50 - 100 рублёў мінус падаткі. Першы месяц 300 рублёў далі. А за апошні я нават не адчуў гэтай даплаты.

- Хтосьці з кіроўцаў, з якімі вы працуеце, перахварэў на каранавірус?

- Два ці тры чалавекі дакладна. А яшчэ ў аднаго антыцелы знайшлі - атрымліваецца, ён на нагах, працуючы з намі, перанёс кавід.

- Колькі ў сярэднім зарабляе кіроўца «хуткай дапамогі», калі не сакрэт?

- Прыкладна 1 000 рублёў. У залежнасці ад змены, ад выпрацаваных гадзін. За 1 000 рублёў, напрыклад, трэба 19 - 20 змен адпрацаваць па 12 гадзін.

- Але вы ж пры гэтым не толькі за стырном сядзіце. Прыходзіцца і хворых пераносіць?

- Так, насілкі дастаём і загружаем, і з дому выносіць пацыента дапамагаем, калі трэба.

Афіцыйна

Датэлефанавацца да дырэктара прадпрыемства «Мінсксанаўтатранс» Анатоля Дастанкі было нескладана. Але адказваць на пытанні журналіста пра прычыны непадаўжэння кантракту з Уладзімірам і пра лёс іншых кіроўцаў ён не стаў. Каментар быў кароткі: «Наймальнік мае права не падоўжыць кантракт, не тлумачачы работніку прадпрыемства».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках