23 красавiка 2024, aўторак, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Ціханоўская: Калі людзі наважацца выйсці на вуліцу, я буду побач з людзьмі

48
Святлана Ціханоўская: Калі людзі наважацца выйсці на вуліцу, я буду побач з людзьмі
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ
ФОТА: GETTY IMAGES

Выхад на вуліцу - гэта наша права, згодна з Канстытуцыяй.

Святлана Ціханоўская - мабыць, самая незвычайная і нечаканая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі. Ейны муж - вядомы ў краніе блогер Сяргей Ціханоўскі, сам хацеў стаць кандыдатам, але цяпер Сяргей знаходзіцца ў СІЗА паводле сфабрыкаванага абвінавачвання, а ягоная жонка падала дакументы замест яго. Чаму людзі падтрымалі Ціханоўскую, і як яна сама ставіцца да перспектывы стаць прэзідэнтам - у матэрыяле «МБХ медыя».

Каханне і палітыка

«Першапачаткова я падала дакументы дзеля кахання, а потым ужо пачалася барацьба за жыхароў Беларусі», - кажа Ціханоўская.

Святлане 37 гадоў, яна перакладчыца з Мікашэвічаў - невялікага горада ў Берасцейскай вобласці. У апошнія гады яна была хатняй гаспадыняй. Невысокая брунетка са стомленым тварам, але зыркімі вачамі, яна выклікае ў мяне змешаныя пачуцці. З такой жанчынай мы маглі б сутыкнуцца на вуліцы і ўзаемна прасіць прабачэння, усміхаючыся. А цяпер яна - кандыдатка на пасаду прэзідэнта цэлай дзяржавы.

У Ціханоўскай няма палітычнай праграмы. Яна заклікае да аднаго – сумленных выбараў. Выбары, перад якімі адпусцяць палітвязняў і дадуць ім права стаць кандыдатамі. А ўсім людзям дадуць права прагаласаваць без фальсіфікацый.

Святлана не ўважае сябе за палітыка. Яна думае, што проста так склаўся лёс.

«Палітык - гэта той чалавек, які размаўляе на палітычныя тэмы з іншымі палітыкамі, імкнецца да ўлады. А мне ўлада як такая не патрэбна. Калі браць вызначэнне палітыка як чалавека, які хоча зрабіць сваю краіну лепшай, то, напэўна, я пад яго падпадаю. Але палітыкам я сябе не адчуваю», - распавядае мне Ціханоўская.

Хоць Ціханоўская прызнаецца, што праца ў палітыцы ёй не цікавая, яна бачыць у ёй і пазітыўныя бакі.

«Мне падабаецца тое, што я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей, файных, разумных, якія ўтварылі мой штаб. Мне падабаецца, што людзі адчулі сябе людзьмі, яны адчулі, што яны народ, яны знайшлі ў сабе сілы пераступіць праз тыя страхі, якія фармаваліся больш за 20 гадоў. І мне падабаецца, што я стала часткай гэтага, стала сімвалам нейкіх перамен».

Народ

У рамках перадвыбарнай кампаніі Святлана ездзіць па гарадах Беларусі, збіраючы ўзгодненыя мітынгі. І нават у самых маленькіх гарадах за яе выступаюць сотні, а то і тысячы чалавек.

Напрыклад, у Берасці, з насельніцтвам 300 тысяч чалавек, 20 тысяч былі на мітынгу ў падтрымку Святланы. Сама яна на мітынг спазнілася - спачатку ў яе аўто было праколатае кола, потым два разы спынялі супрацоўнікі ДПС, нібыта для праверкі стану аўтамабіля. Яна прыехала разам з Веранікай Цапкалай, жонкай недапушчэнага кандыдата Валерыя Цапкалы, і Марыяй Калеснікавай, кіраўніком штаба Віктара Бабарыкі, на якога завялі крымінальную справу. Дзяўчаты надумалі дзейнічаць разам і стварыць аб'яднаны штаб.

Калі яны выйшлі на сцэну ў Берасці, ім пляскалі ўсе 20 тысяч чалавек. Мітынг праходзіў практычна ў лесе, таму многім нават было не відаць сцэну, але яны ўсё роўна пляскалі ў далоні. Святлане дарылі кветкі, яна ўсміхалася і паціскала людзям рукі. Вераніка і Марыя трымалі на руках маленькіх дзяцей.

«Калі я іду на пікет, і людзі вельмі цёпла скандуюць «Света, Света», я адчувала што... Ведаеце, на гэтае месца людзі хочуць трапіць гадамі, у нейкай палітыцы круцяцца. А я апынулася на гэтым месцы воляй лёсу. Мне не здаецца, што я зрабіла многае, каб людзі мяне так успрымалі. Але ў людзей, напэўна, іншае меркаванне на гэты конт. Можа, гэта недаацэньванне сябе», - кажа Святлана.

«Я думаю, што людзі бачаць у мне такога ж чалавека, як і яны самі, - кажа Ціханоўская. - Яны бачаць не палітыка, які рвецца да ўлады. Яны бачаць чалавека, які ўзяў на сябе адказнасць. Я звычайная, я простая, я не хачу ўлады, каб кіраваць краінай. Я не ўмею панаваць над людзьмі, я занадта для гэтага мяккая. Нават цяпер маёй камандзе часам даводзіцца мяне абараняць у нейкіх сэнсах. Мне галоўнае, каб быў мір ва ўсіх сэнсах, але так не бывае. Таму мне было б складана прымаць нейкія пастановы, бо я хачу, каб усё проста было добра».

Меркаванне Ціханоўскай аб яе ролі ў сучаснай палітыцы краіны пацвярджаюць людзі, якія прыходзяць на акцыі ў яе падтрымку. Беларусы сапраўды ўбачылі ў Святлане сімвал перамен.

«Цяпер праўду схаваць немагчыма, і ў нас з'явілася надзея, што ўсё атрымаецца, - распавядае мне Ала, удзельніца мітынгу ў падтрымку Ціханоўскай ў Берасці. - А Ціханоўская прапануе перамены. Яна як глыток паветра ў гэтай нашай сістэме. мы хочам правасуддзя, мы хочам, каб нашы дзеці не з'язджалі з краіны».

Ала распавяла, што сама жыве на «жабрацкую пенсію», а яе дзеці з'ехалі з Беларусі.

«Лукашэнка захрас у нейкім савецкім юнацтве. Я таксама дзіця саветаў, але гляджу на моладзь - няма годных заробкаў, няма дзе працаваць людзям, гэтыя «дармаедскія» (дэкрэт аб дармаедстве, падпісаны Лукашэнкам - «МБХ медыя»), гэтыя катаванні, гэта поўнае беззаконне!» - мяркуе Ала.

«Перамены не надыдуць за адзін раз. Гэта будзе доўгі і складаны шлях. Самае важнае, што павінна адбыцца ў самасвядомасці людзей - што дыктатуры не будзе, што ніхто змушаць маўчаць не будзе, што кожны будзе вольны ў волевыяўленні», - тлумачыць мне Святлана.

І што далей?

Многія, хто прыйшоў на мітынг у Берасці кажа, што сумленных выбараў чакаць не даводзіцца. «Мы б вельмі хацелі, мы вельмі спадзяемся, але вы самі ведаеце...», - так кажуць беларусы, якія сабраліся ў падтрымку Святланы. Але ў выпадку чаго яны гатовыя зноў выйсці на вуліцу. Гатовая і сама Ціханоўская.

«Мы за законную абарону сваіх галасоў. Кожны чалавек сам сабе лідар. Ціханоўскі - не лідар. Выхад на вуліцу - гэта законна, гэта права наша, згодна з Канстытуцыяй. Але калі ўсе нашы спосабы, якімі мы будзем даказваць, што выбары сфальсіфікаваныя, не спрацуюць, і нам чарговым разам плюнуць у твар тым, што «вашыя галасы нічога не значаць», тады людзі зразумеюць, што няма іншага выбару, акрамя як страйкаваць і выходзіць на вуліцу. Калі людзі наважаць выйсці - я буду побач з людзьмі. Не буду наперадзе, але я буду сярод іх. Але весці я не буду. І заклікаць да гэтага я не буду. Але калі людзі разважаць, што так павінна быць, то, вядома, я буду сярод іх».

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках