23 красавiка 2024, aўторак, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пісьменнік Саша Філіпенка: Механізм перамен у Беларусі ўжо запушчаны

3
Пісьменнік Саша Філіпенка: Механізм перамен у Беларусі ўжо запушчаны
Фота: intex-press.by

Рэжым Лукашэнкі проста не адпавядае часу.

Учора, 4 жніўня, выйшаў фінальны эпізод youtube-праекта «Былы сын. Салідарныя чытанні».

Больш за трыццаць артыстаў, журналістаў і пісьменнікаў з Беларусі, Расеі і Украіны чытаюць раман Сашы Філіпенкі «Былы сын». Мянчук Філіпенка разам з прадусаркай Аляксандрай Філіпенкай задумалі гэты праект падчас выбараў прэзідэнта Беларусі як знак падтрымкі беларусам, якія спрабуюць абараніць сваё права на свабоду выбару і свабоду слова. Беларуска-расейскі пісьменнік Саша Філіпенка распавёў Vot-tak.tv, чаму выдатная Беларусь будучыні непазбежная і чаму народ, як герой ягонага рамана «Былы сын», выходзіць з комы менавіта цяпер.

- Салідарнасць - здаецца, адно з важных слоў года. Ваш праект называецца «Салідарныя чытанні». У гэтым выпадку, гэта салідарнасць каго з кім?

- Я ўспомніў свае адчуванні ў 2010 годзе. Калі людзі ў Менску выходзілі на плошчу, у іх не было імкнення зрабіць рэвалюцыю, разнесці Дом ураду. Калі ты жывеш у оруэлаўскім свеце з пастаяннай прапагандай, якая кожны дзень мусоліць, што трава зелянее і надоі малака павялічваюцца, то надыходзіць момант, калі табе здаецца, што ты такі адзін, хто ў гэта не верыць. І табе трэба ўбачыць, што ты не адзін, што ёсць людзі, якія падзяляюць твае погляды.

Я памятаю, як для мяне было важна, каб хтосьці праявіў з намі салідарнасць. Думаеш: ёсць гэтыя пяць тысяч чалавек, якія выйшлі, а астатнім усё адно. Мы чапляліся за ўсялякую падтрымку. За падтрымку мінака на вуліцы, які усміхаецца, за меркаванне аўтарытэтнага для нас чалавека.

Мне важна было зрабіць «Салідарныя чытання», каб беларусы ўбачылі, што шмат вядомых людзей іх падтрымліваюць. І кажуць: так, вы маеце права на свабодныя выбары. Вы маеце права на тое, каб выказваць сваё меркаванне. У вас ёсць права не галасаваць за Лукашэнку, які 26 гадоў запар ва ўладзе. Нават калі вы галасавалі за яго тры разы, у вас ёсць права на чацвёрты раз сказаць «не». Вы маеце права выйсці на вуліцы Менска, і вас не павінны арыштоўваць.

Наш праект - гэта салідарнасць з кожным чалавекам, які мяркуе, што ў Беларусі не павінна быць людзей у цывільным.

- Як з'явілася ідэя «Салідарныях чытанняў»?

- Здаецца, яна проста вісела ў паветры. Неяк увечары мы з Сашай Філіпенкай - дачкой Аляксандра Георгіевіча Філіпенкі, маёй цёзкай, з якой мы робім розныя тэатральныя праекты, - загаварылі пра «Былога сына». І зразумелі, што кніжка па-ранейшаму актуальная. Я нават не памятаю, хто з нас прапанаваў арганізаваць чытанні. Спачатку я не верыў, што да нас далучыцца такая вялікая колькасць выдатных людзей. Але Саша казала: «Давай паспрабуем». І на наступны дзень у нас быў вялізны спіс выдатных людзей, якія сказалі: «Так, файна! Гэта трэба абавязкова рабіць».

- Як вы складалі спіс?

- Для мяне было важна, каб удзельнічалі беларусы. Каб былі людзі, якія падзяляюць нашы погляды на жыццё, нашы прынцыпы. Мы хацелі, каб удзельнічалі нашы сябры з Расеі, Украіны. Мы вельмі задаволеныя, што амаль усе пагадзіліся. У кагосьці не атрымалася з тэхнічных прычын. І я рады кожнаму чалавеку, які ўзяў удзел: і вядомым журналістам Леаніду Парфёнаву, Андрэю Лашаку, Яўгену Кісялёву, і майму ўлюбёнаму тэатральнаму рэжысёру Зміцеру Крымаву, і Андрусю Такіндангу, з якім мы ў школе вучыліся. Калі пагадзілася Людміла Уліцкая, мне было вельмі прыемна - аўтары не вельмі любяць чытаць іншых аўтараў. Усім, хто пагадзіўся, я вельмі ўдзячны.

- Я здзівілася, калі не пабачыла сярод чытальнікаў Дзмітрыя Навошу.

- Мы прыяцелі. У Менску сустракаемся, калі адначасова там бываем. Я таксама хацеў, каб ён узяў удзел. Навоша не адмовіўся, проста гэта не ягоны фармат. Яму не зусім арганічна чытаць тэкст на камеру. Затое Дзіма нам вельмі дапамог інфармацыйна.

- У праекце ўдзельнічае Антон Севідаў (Tesla Boy). Ён таксама родам з Менска. Вы даўно знаёмыя?

- Так, ён з Менска. Больш за тое, мы жылі практычна ў адным двары! Але пазнаёміліся толькі ў Маскве, гадоў сем таму. Тады і даведаліся, што былі суседзямі. Атрымліваецца, Антон быў суседам галоўнага героя кніжкі.

- Наколькі складана было каардынаваць гэты праект?

- Я да канца не верыў, што гэта можна зрабіць. Вялікая заслуга Сашы ў арганізацыі і прадзюсаванні. Мы не выдаткавалі ні капейкі. Усе ўдзельнічалі з салідарнасці, бясплатна. Я рады, што ў нас атрымалася. Мы бачым цяпер, што 60% нашых гледачоў - беларусы. Мы зрабілі роўна тое, што хацелі зрабіць. Беларусам - прадэманстраваць салідарнасць. А людзям, якія, не ведалі і не разумелі пра Беларусь, - растлумачыць, што там адбываецца і чаму. Цяпер мы атрымліваем неверагодна добрыя і важныя каментары. Пасля працы на «Дождь» я звык, што шмат нянавісць у сацсетках. Я нават спытаў Сашу: «Мы хіба самі пішам каментары? Яны такія добрыя, што немагчыма ў гэта паверыць». У мяне прафесійная дэфармацыя праз працу на тэлевізіі, я такога не чакаў. Ёсць новы ўсплёск цікавасці да кніжкі, яе зноў чытаюць. У інстаграме бачыў допісы, што кніга пра Беларусь, але вельмі падобна да таго, што адбываецца ў Расеі.

- Вы верыце ў перамены да лепшага?

- Мне здаецца, гэта пытанне не веры, а непазбежнасці. Можа, не зменіцца ўсе цяпер падчас выбараў ці адразу пасля, але механізм запушчаны. Улады спрабуюць камунікаваць праз сумную прапаганду на тэлевізіі. Але іх ніхто не глядзіць. Людзі, асабліва маладое пакаленне, ужо ў youtube.

Цалкам відавочна, што рэжым Лукашэнкі проста не адпавядае часу. Складана ездзіць па аўтастрадзе на возе ці лётаць у іншыя краіны на паветраным шары. Людзі прыдумалі электрамабілі, самалёты. Касмічныя караблі садзяцца на платформу ў акіяне. Змены - ужо непазбежнасць.

Але з майго адчування, тое, што я цяпер назіраю і фіксую, - гэта змена эпох.

- Як вам здаецца, чаму беларусы, як герой вашага рамана «Былы сын», выходзяць з комы менавіта цяпер?

- З 2010 года вырасла яшчэ адно пакаленне, якое не хоча жыць у вечным Савецкім Саюзе. Я нядаўна смяяўся, калі фэйсбук паказаў ва ўспамінах, што сем гадоў таму я напісаў допіс, што Лукашэнка ва ўладзе 19 гадоў. Немагчыма паверыць, што ўжо сем гадоў таму ён быў ва ўладзе не зразумела колькі!

Свет вакол мяняецца, а ўлада - не. У гэтым і тормаз рэжыму. Усё жыццё метады, якім ён карыстаўся, дзейнічалі. А тут раптам ранейшыя механізмы перасталі дзейнічаць. Людзі раптам выходзяць на вуліцы. Меў падтрымку ў рэгіёнах, а цяпер - не. Блогеры нейкія ў youtube - у іх нават тэхніку адбіраюць, а яны на наступны дзень зноў тут. Непаслухмяныя ўсе сталі!

Да таго ж, падчас эпідэміі каранавіруса беларусы ўбачылі, што ўлада да іх зусім абыякава ставіцца. Яны не хочуць пераварочваць і паліць аўтамабілі, псаваць дамы, біць вітрыны. Яны хочуць, каб перамены адбыліся мірна. Я перакананы, што пэўны парог пройдзены. Людзі не хочуць больш глядзець тэлеканал «Беларусь 1», а хочуць свабоды.

- Вы самі галасаваць будзеце?

- Так. Я планаваў у гэты час у Менску быць, але ў мяне вялікі праект пераносіўся, і ў Менск я цяпер змагу прыехаць толькі пасля выбараў. Таму буду галасаваць у Санкт-Пецярбургу. Я, вядома, мала веру ў галасаванні ў пасольствах, але трэба гэта зрабіць. Я зарэгістраваўся ў «Голасе» - праграме штаба Ціханоўскай, у якой ты паведамляеш, як галасуеш.

- За каго аддасце свой голас?

- Я збіраўся галасаваць «супраць усіх», але маё меркаванне змянілася. Зараз прагаласаваць «супраць усіх» - значыць не праявіць салідарнасць. Ціханоўская абяцае новыя выбары, мне хочацца ёй верыць, таму я прагаласую за яе. А на новых выбарах я б хацеў, каб была сумленная канкурэнцыя, роўны доступ да СМІ ва ўсіх. У краіне павінны здарыцца вельмі зразумелыя перамены, якія ўжо на паверхні. Цяпер мы як краіна проста марнуем час, а не хочацца яго марнаваць. Таму прагаласую за Ціханоўскую, каб адбыліся сумленныя адкрытыя выбары.

- Што вас найбольш уразіла падчас цяперашняй перадвыбарчай кампаніі?

- У дзеяннях рэжыму, напэўна, мала што здзівіла - улада нічога новага не прапануе: нудныя прапагандысты. Яны ўжо нават не выклікаюць агіды - толькі спагаду. Але прыемна здзіўляюць кожны дзень усе людзі, якія выходзяць, асабліва ў маленькіх гарадах. Такая салідарнасць вельмі натхняе.

- У вас былі адчуванні, што настроі ў грамадстве мяняюцца? Ці тое, што адбываецца цяпер, стала для ўсіх нечаканасцю?

- Для мяне нечаканасцю стала, што выбары будуць у краіне і што ўлады надумалі правесці іх летам, а не зімой, як раней, каб людзі мерзлі і нікуды не выходзілі. Я ўжо і забыўся, што ў нас бываюць выбары!

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках