19 красавiка 2024, Пятніца, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Марчык: Я сам дэсантнік і запэўніваю, што элітныя войскі будуць з народам

23
Віктар Марчык: Я сам дэсантнік і запэўніваю, што элітныя войскі будуць з народам
ФОТА: SVABODA.ORG

Людзей у пагонах улада Лукашэнкі ўжо даняла.

Апошнія паездкі Святланы Ціханоўскай па краіне сталі часам рэкордаў: у Гародні на мітынг з удзелам кандыдата ў прэзідэнты выйшла 15 тысяч чалавек, у Берасці - 20 тысяч. Ад буйных гарадоў не адставалі і райцэнтры: на сустрэчу з камандай Святланы Ціханоўскай у Слоніме сабраўся стадыён.

Пра сітуацыю ў беларускіх рэгіёнах і варыянтах яе развіцця найбліжэйшымі днямі сайт Charter97.org пагаварыў з актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктарам Марчыкам:

- Зараз Святлана Ціханоўская - гэта, бадай, самая папулярная асоба ў краіне і, дэ факта, адзіная альтэрнатыўная кандыдатка.

Але галоўнае: яе з'яўленне супала з рэвалюцыйнай сітуацыяй у беларускіх рэгіёнах. Людзі ўжо сапраўды стаміліся ад кіравання Лукашэнкі. Яны хочуць перамен. Ім надакучылі гэтыя нізкія заробкі, высокія цэны і папулізм чыноўнікаў. Яны хочуць жыць у добрай, шчаслівай Беларусі, каб у іх былі еўрапейскія стандарты жыцця, а не пастаянная барацьба за выжыванне.

Натуральна, што свае надзеі на такія перамены людзі цяпер звязваюць толькі з альтэрнатыўнай кандыдаткай - Святланай Ціханоўскай. Вось чаму ў райцэнтрах збіраюцца стадыёны, а ў больш буйных гарадах выходзяць дзесяткі тысяч чалавек. Гэта - велізарная хваля, якая паднялася супраць абрыдлай улады Лукашэнкі і коціцца па ўсёй краіне.

- У Лідзе людзі прарвалі ачапленне каля сцэны і кінуліся абдымаць Ціханоўскую. А што вам запомнілася на мітынгу ў Слоніме?

- Так, людзі сапраўды сталі іншымі, у настроях адбыўся пералом. Энэргетыка гэтых мітынгаў – значна вышэйшая, чым тое, што было раней. У Слоніме таксама ўсе пачалі падыходзіць сфатаграфавацца, калі Святлана ўжо сыходзіла. Усе прысутныя зараджаліся гэтай энэргіяй, крычалі «Святлана!», потым «Хочам перамен!», пляскалі без стомы.

Там, у лагеры улады, якая саступіла, такіх эмоцый даўно няма. Там усе ходзяць, як напаўжывыя, робяць усё з-пад палкі. Відаць, што на нашым баку - сіла, энэргія і ініцыятыва. Людзям гэтая ўлада ўжо абрыдла. Яны хочуць толькі аднаго: перамен і Беларусі без Лукашэнкі. Усіх раздражняе, што ён усё ж учапіўся ў крэсла сінімі рукамі.

Мы цяпер - на фінішнай прамой. Абсалютна ўсе зараз залежыць толькі ад людзей: колькі нас будзе, як мы выйдзем і як будзем пратэставаць. Калі нас будзе шмат - тады і міліцыя, і вайскоўцы стануць побач з намі.

- Так, пра вайскоўцаў... У гарадах Заходняй Беларусі на мітынгі Святланы Ціханоўскай прыйшло шмат дэсантнікаў, якія заявілі, што элітныя войскі будуць з народам. У Слоніме - моцны гарнізон. Што вы можаце сказаць пра настроі вайскоўцаў і міліцыі ў вашым горадзе?

- Я сам - дэсантнік. Служыў у Закаўказскай акрузе, у вайскова-дэсантным штурмавым батальёне выведкі. Калі 2 жніўня я сустракаўся з нашымі калегамі, высветлілася, фактычна ўсе яны - за перамены. Так што нашы дэсантнікі сапраўды з народам, магу гэта асабіста пацвердзіць.

Наконт іншых вайскоўцаў, якія дыслакуюцца ў Слоніме. Я пытаўся ў нашых службовых асоб, што яны будуць рабіць, калі іх выведуць з казармаў. Усе яны выразна сказалі: «Вы што, ні ў якім разе мы ў людзей страляць не будзем. Ніхто злачынных загадаў не выканае. Гэта нават не абмяркоўваецца».

Галоўная рэдактарка вашага сайта Наталля Радзіна звярнулася да вайскоўцаў і міліцыі з заклікам быць у гэтыя дні разам з людзьмі. Дык вось, многія супрацоўнікі МУС заяўляюць, што большасць міліцыі пойдзе за народам.

Можна ўпэўнена і адкрыта казаць, што нават людзей у пагонах гэтая ўлада даняла. Калі ў нас быў мітынг Святланы Ціханоўскай, побач стаялі супрацоўнікі ДАІ. Пасля таго, як машыны сталі сігналіць, было відаць, што яны не проста усміхаюцца: яны самі былі ў пазітыўным настроі, калі ўбачылі, што прыйшло так шмат людзей.

Памятаю, нават у 2006 годзе, калі я размаўляў з супрацоўнікам міліцыі, ён сказаў, што палова асабовага складу - супраць Лукашэнкі.

Зараз, я думаю, больш за 80% супрацоўнікаў праваахоўных органаў таксама хочуць перамен. Ім таксама надакучыла хамства і бесперспектыўнасць гэтай улады.

- А якія цяпер настроі ў чыноўнікаў на месцах?

- Яны займаюць нейтральную пазіцыю. Калі браць кіраўніцтва, натуральна, яны будуць выконваць указанні зверху. Але калі будуць перамены, то яны гэтаму пярэчыць не буду. Яны, асабліва прафесіяналы, разумеюць, што ў іх будзе магчымасць застацца на сваіх месцах і за новай уладай.

Бачыце, у нас у Слоніме мітынг Святланы Ціханоўскай прайшоў «на ўра». Ніхто не перашкаджаў: ні кіраўніцтва, ні міліцыя. Усе выдатна разумеюць, што перамены непазбежныя.

- Пасля рэкордных мітынгаў у сваіх гарадах людзі кажуць, што Лукашэнка саступіў ужо да выбараў. Ці згодныя вы з гэтым?

- Вядома. Калі б былі ў нас сумленныя выбары, Лукашэнка б саступіў з трэскам. Нават яго нядаўні электарат ужо яго не падтрымлівае. Гэта відаць з размоў, тыя ж пенсіянеры клянуць яго і тут і там.

Што б Лукашэнка цяпер ні рабіў, усё абарочваецца толькі супраць яго самога. Усе ягоныя дзеянні і словы ўжо ва ўсіх выклікаюць смех і злосць адначасова. Ніхто не верыць у тое, што ён кажа. Фактычна, беларусы яго ўжо цяпер «памнажаюць на нуль». Так, ён саступіў, гэта відавочна.

- У Беларусі адбываецца нябачаная з пачатку 1990-х мабілізацыя народа. На мітынгі ў многіх гарадах ужо выходзіць больш за 10% насельніцтва. Як хутка гэтая пратэстная хваля змяце ўладу Лукашэнкі?

- У народа цяпер дастаткова сіл, каб прыбраць гэтую ўладу, таму ўсё будзе залежаць ад нас саміх. Людзі выходзяць на афіцыйныя мітынгі масава і без страху. Гэтак жа трэба выйсці і на Плошчу 9 жніўня.

Калі нават у сам дзень 9 жніўня нічога ня зменіцца, усё адно: Лукашэнка ўжо канчаткова страціў давер народа. Нават Расея яго ўжо не падтрымлівае і Еўропа не будзе падтрымліваць (і, я думаю, увядзе санкцыі). У найбліжэйшай будучыні ён апынецца ў такой сітуацыі, што яму не будзе чым плаціць пенсіі і заробкі. Людзі пачнуць страйкаваць, рабочыя будуць спыняць прадпрыемствы і выходзіць на Плошчу.

Сітуацыя зменіцца і Лукашэнка сыдзе ў кожным выпадку. Калі не ў сам дзень 9 жніўня, то найбліжэйшым часам.

- Як зрабіць, каб гэта адбылося як мага хутчэй, пажадана - адразу пасля выбараў?

- Зараз трэба даваць людзям як мага больш інфармацыі, што ім рабіць.

Я думаю, што трэба прыйсці прагаласаваць у нядзелю за Святлану Ціханоўскую. Потым усе, хто прагаласаваў, павінны да 20.00 падысці на свае ўчасткі. Пасля падліку галасоў пратакол павінен быць вывешаны для ўсеагульнага агляду. Да прыкладу, калі на ўчастку збярэцца тысяча чалавек, якія галасавалі за Ціханоўскую, а ў пратаколе будзе напісана, што за яе прагаласавала 500 ці 100 чалавек, то будзе відавочна, што гэта фальсіфікацыя.

Значыць, усе гэтыя людзі павінны адразу ісці на цэнтральную плошчу, да райвыканкаму. Трэба будзе стаяць на плошчы і дамагацца новых выбараў у сваім рэгіёне. Гэта - самыя першыя крокі. А далей, я думаю, сама сітуацыя падкажа людзям, як дзейнічаць.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках