25 красавiка 2024, Чацвер, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я ўбачыў, які напраўду рэжым Лукашэнкі»

29
«Я ўбачыў, які напраўду рэжым Лукашэнкі»

Гэты артыкул - не аўтарская калонка, а хутчэй асабістае прызнанне.

Каб перамагчы няўдачніка, трохпрацэнтнага Лукашэнку, беларусам трэба не толькі абараніць свае галасы на плошчах Беларусі, ім таксама трэба кінуць выклік прарэжымным інфармацыйным ідэалагічным устаноўкам, якія распаўсюджваюцца ў англамоўных замежнапалітычных і акадэмічных колах. Гэтыя ўстаноўкі перашкаджаюць эфектыўным санкцыям супраць 3%-нага дыктатара і ягонай злачыннай трупы фальсіфікатараў на выбарах.

Сучасны заходні свет раздзіраюць сур'ёзныя крызісы, культурныя войны і супярэчнасці. Сёння мала хто на Захадзе верыць, што каштоўнасці свабоды, дэмакратыі і чалавечай годнасці могуць быць больш пераважныя, чым дыктатура ў месцах, якія здаюцца такімі далёкімі. Бо нават у сябе дома амаль увесь палітычны спектр мяркуе, што гэтым каштоўнасцям пагражае сур'ёзная небяспека. У гэтым хаосе некаторыя нават употай жадаюць прымусовага грамадзянскага маўчання, спароджанага няхітрым аўтарытарызмам за мяжой: яны бачаць у ім перадых пасля гучных, шматслойных і часцяком балючых культурных звад унутры краіны. А значыць, няма нястачы ў палітыках, інтэлектуалах і нават простых людзях, на якіх дзейнічае прапагандысцкі падман дыктатара Лукашэнкі, і яны ўважаюць за патрэбнае падтрымаць яго, каб ён мог "зберагчы" беларускі суверэнітэт ад бесперапыннага пашырэння Расеі.

Рэальнасць жа такая, што менавіта Лукашэнка падпісаў тую самую неканстытуцыйную здрадлівую саюзную дамову, якая найперш адкрыла дзверы расейскаму экспансіянізму. Але на гэта ўжо не звяртаюць увагі. Шмат хто на Захадзе ніколі пра гэта і не пачуе. Фактычна ёсць прыдуманае для заходняй тэлевізіі шоў Лукашэнкі з захапляльнымі нумарамі кшталту штукі з наймітамі ў санаторыі.

Але гэты артыкул - не аўтарская калонка, а хутчэй асабістае прызнанне. Таму што аўтар гэтага артыкула, будучы наіўным і дурным 17-гадовым юнаком, аслепленым рэлятывісцкі заходнімі акадэмічнымі тэорыямі і асабістымі забабонамі, адправіўся ў Менск у пошуках уяўнага раю Лукашэнкі. Гэта мая сапраўдная гісторыя ганьбы.

Я вырас у Вялікабрытаніі, але ў мяне нямецкія карані. Большую частку маіх юнацкіх гадоў у Англіі мяне турбавала пытанне аб маім месцы ў грамадстве, як імігранта. Захапляўся я і радыкальнымі ідэалогіямі. У 16 гадоў я пачаў пошук сваёй палітычнай мадэлі, якая прапаноўвала б прагматызм і ў той жа час нейкім чынам супрацьстаяла гегеманістычныя тэндэнцыям "сучаснага свету", якія я зненавідзеў з усім сваім юнацкім радыкалізмам. Чытаючы гладка напісаныя, акадэмічныя даследаванні і онлайн-дэзінфармацыю, я думаў, што знайшоў свой ідэал ў Аляксандры Лукашэнку, лідары, які, як я чытаў, здолеў унікальным чынам засцерагчы сваю краіну ад згубных уплываў неаліберальнага, постсавецкага эканамічнага краху, захаваўшы сістэму сацыяльнай абароны. Лідар, які ўзяў на сябе абавязанне стварыць суверэнную сучасную нацыянальную дзяржаву з прагматычным наборам адметных рысаў і нацыянальных сімвалаў, пазбегнуць палітычнай палярызацыі, як празаходняга, так і прарасейскага тыпу. Будучы цікаўным падлеткам, я, натуральна, хацеў убачыць гэтую Акуна Матату палітыкі ў рэальным жыцці. І таму я знайшоў (цалкам апалітычную) гадовую праграму валанцёрскага лагера, якая дала мне шанец паехаць у Менск.

Я захаваў ліст-заяўку, які напісаў тады, калі папрасіў даць мне шанец паехаць валанцёрам у Беларусь. Сярод іншага, я напісаў там, што адна з прычын, з якой я хацеў паехаць у Беларусь, у тым, што я хацеў убачыць рэальную краіну, не абмяжоўваючыся тым, што пра яе пісалі ў заходніх сродках масавай інфармацыі. Тады, у 17 гадоў, я думаў, што ў прэсе празмерна акцэнтаваліся "нібыта рэпрэсіўныя" аспекты кіравання А. Лукашэнкі на шкоду ягоным "велізарным рэальным дасягненням" у галіне падвышэння ўзроўню жыцця і дзяржаўнага будаўніцтва. Натуральна, у маім кароткім лісце ўтрымліваліся некаторыя паблажліва-негатыўныя каментары што да "Хартыі-97". Калі я паехаў у Менск, ганаровае месца ў маёй ручной паклажы займаў асобнік кнігі Рыгора Іофе "Разуменне Беларусі, ці чаму заходняя палітыка б'е міма цэлі".

Лёс выканаў маё жаданне ўбачыць сапраўдную Беларусь, але я атрымаў больш, чым разлічваў. Валанцёрскі праект, у якім я браў удзел, уключаў у сябе дапамогу ў жніве і рамонце кватэр сацыяльна неабароненых паджылых людзей. Удалечыні ад святых залаў заходніх аналітыкаў, менавіта ў жылым доме ў Менску я ўбачыў, які рэжым Лукашэнкі. У гэтым доме жыла паджылая дама, выдатная бабуля. Але яе кватэра на першым паверсе пахла як каналізацыя, у драўляным падлозе былі дзіркі, а тыя часткі падлогі, якія засталіся некранутымі, былі пакрытыя пластом тлушчу і бруду таўшчынёй на некалькі сантыметраў. Я даведаўся, што сацыяльныя работнікі прыносілі гэтай жанчыне дастаткова ежы, каб выжыць. Аднак ніхто не дапамог ёй правесці сумленнай працай заробленыя пенсійныя гады ў элементарнай годнасці. Я памятаю, як спрабаваў счысціць бруд з драўляных дошак цвёрдай губкай, але не змог. Пад кожным пакрытым скарынкай пластом бруду, які можна было сцерці, быў яшчэ адзін, яшчэ больш агідны, пакрыты скарынкай пласт.

Менавіта там я ўбачыў, што рай Лукашэнкі напраўду нічым не адрозніваецца ад катлавана Платонава, могілак мараў, спадзяванняў і каштоўнасцяў. Месца, дзе за людзьмі назіраюць ахоўнікі ў цёмных гарнітурах і прымушаюць праходзіць праз металадэтэктары, калі людзі хочуць сабрацца разам. Месца, дзе ў вёсцы ёсць людзі, якія не маюць ні нармальнай прыбіральні, ні гарачай вады для душа - і дзе ўрад абсалютна нічога не робіць, каб змяніць гэтую жудасную сітуацыю. Ніякія выдатныя словы, нават калі яны апублікаваныя ў прэстыжным навуковым часопісе і забяспечаны выдатнымі рэцэнзіямі, не вытруць успаміны пра Беларусь, якую я бачыў на ўласныя вочы.

Перад маімі вачыма стаяць вобразы цудоўнай краіны з тысячагадовай гісторыяй, з жывой культурай, якая была прыніжаная, раз'яднаная знутры карумпаваным, жорсткім і нямоглым палітычным кіраўніцтвам. Кіраўніцтвам дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка, відаць, думае пра беларусаў, як пра бульбу ў калгасе. Дайце ім трохі вады, угнаенняў/корму для раслін, трымайце іх у зямлі да таго часу, пакуль іх не спатрэбіцца выкапаць, калі яны патрэбныя вам для выканання заданняў Дзяржплана - перавыбрання.

Ёсць нешта, чаго неасавецкі матэрыяліст, гэтакае дзіця КДБ, "Саша 3%" ніколі не зразумее. Гэта галоўная праўда чалавечага жыцця. Адной толькі ежы і вады недастаткова. Чалавек - гэта не расходны артыкул бюджэту, не сабраная бульба для справаздачы аб пяцігодцы. Людзям патрэбная свабода і годнасць, права марыць пра лепшую будучыню. І Лукашэнка, злодзей свабоды і разбуральнік мары, скраў у іх гэтыя асноўныя правы. Змена ўлады патрэбная для рэальных людзей, абароны іх неад'емных асноўных правоў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках