25 красавiка 2024, Чацвер, 2:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад мяча і загіне!

60
Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад мяча і загіне!

Не варта падтрымліваць трохпрацэнтнага няўдачніка.

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў для сайта Charter97.org заяву прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна пра гатоўнасць накіраваць у Беларусь супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў РФ.

– Цалкам згодны з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным у тым, што беларусаў і расейцаў аб'ядноўваюць шматлікія роднасныя сувязі. Мая жонка – расейка, яна нарадзілася ў Сібіры і да 20 гадоў жыла на Волзе ў вялікім расейскім горадзе Ніжнім Ноўгарадзе (у савецкія часы – Горкім). Я вельмі люблю сваю жонку, мы 36 гадоў у законным шлюбе, які ў 2006 годзе быў асвечаны ў каталіцкім касцёле.

Таксама згодны з прэзідэнтам Расеі ў тым, што Беларусь і РФ злучаюць вельмі цесныя эканамічныя сувязі. У першую чаргу – у прамысловасці, гэта несумненна. Таму я маю права сцвярджаць, што хто б ні стаў новым прэзідэнтам Беларусі, першы візіт ён зробіць у Маскву, таму што Расея з'яўляецца нашым рынкам і ніхто не збіраецца разрываць эканамічныя сувязі.

Я таксама згодны з Пуціным, што нас вельмі шмат аб'ядноўвае ў культурнай прасторы, і, напэўна, адным з любімых фільмаў у дзяцінстве ў нас з Уладзімірам Уладзіміравічам быў адзін – «Аляксандр Неўскі», таму прэзідэнт Расеі павінен добра памятаць словы наўгародскага князя: «А хто да нас з мечам прыйдзе, той ад мяча і загіне». Для беларусаў гэтыя словы яшчэ больш важныя, таму што на нашым тысячагадовым славянскім гербе «Пагоня» намаляваны рыцар з мечам.

Я вельмі здзіўлены гэтай заявай Пуціна, таму што мяркую яго моцным і стратэгічна думным палітыкам, які ў сваім разуменні клапоціцца пра бяспеку і паступальнае развіццё сваёй дзяржавы. У гэтай заяве ўтрымліваюцца такія элементы, якія не толькі не ўмацуюць бяспеку Расеі, а сур'ёзна ёй нашкодзяць.

Cама заява, што Расея можа накіраваць супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў у Беларусь, ужо з'яўляецца поўным нонсэнсам. Падобная заява з'яўляецца ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі і ў адпаведнасці з міжнародным правам рэакцыя сусветнай супольнасці на гэтую заяву будзе вельмі жорсткай.

Мне незразумела, чаму Пуцін са сваім аўтарытэтам імкнецца падтрымліваць трохпрацэнтнага няўдачніка-дыктатара, які з трэскам пацярпеўшы паразу на выбарах, хоча ўтрымацца ва ўладзе шляхам забойстваў, масавых рэпрэсій супраць уласных грамадзянаў. У гэтай сітуацыі накіраванне расейскіх паліцыянтаў у Беларусь выкліча неадкладную рэакцыю з боку беларусаў. Уладзімір Пуцін добра ведае, што партызанскі ген у беларусаў прысутнічае вельмі відавочна.

Адказам на ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі будуць санкцыі Захаду, якія могуць паставіць Расейскую Федэрацыю на мяжу выжывання. Сёння абсалютна зразумела, што ЗША, арабскія краіны, іншыя нафта- і газаздабыўныя краіны могуць цалкам замяніць пастаўкі расейскіх энэрганосьбітаў у Еўропу, што будзе мець жахлівыя наступствы для эканомікі РФ.

Хацеў бы сказаць, што СССР распаўся пасля ўварвання магутнай савецкай арміі ў слабы і адсталы Афганістан. Не варта паўтараць гэтыя памылкі, якія могуць прывесці да распаду Расеі. Так, у Беларусі няма высокіх гораў, як у Афганістане, але 2/3 нашай тэрыторыі пакрытыя лясамі і балотамі, а 2 тысячы з 3 тысячаў кіламетраў мяжы прыпадаюць на межы з брацкімі для Беларусі народамі, якія або знаходзяцца ў NATO, альбо паставілі сваёй мэтай туды ўступіць.

Спадзяюся на здаровае расейскага кіраўніцтва, Лукашэнка – гэта наша ўнутраная праблема. Не трэба нервавацца, не трэба падрываць аўтарытэт. Трэба думаць, як захаваць нашы добрыя і брацкія стасункі надалей, а не рваць іх, як гэта адбылося з Украінай.

Беларусы – гаспадары ў сваёй краіне, і мы можам самі разабрацца, хто будзе новым прэзідэнтам у Беларусі пасля правядзення свабодных і сумленных выбараў.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках