20 красавiка 2024, Субота, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падымаем сцяг назад

33
Падымаем сцяг назад
Фота: AP

У гэтай вайне яны пацярпелі паразу.

Той выдатны юнак, магчыма, і не зразумеў тады, тры з паловай гады таму, што сваёй трохі нязграбнай з гледзішча стылістыкі канструкцыяй ён стварыў лозунг, які цяпер стаў асабліва важным. «Падымаем сцяг назад!» – сказаў ён 25 сакавіка 2017 года, калі АМАПаўцы пацягнулі чалавека з сцягам у аўтазак. Сцяг ім быў без патрэбы – патрэбен быў сцяганоша. Таму наш бел-чырвона-белы сцяг проста ўпаў на зямлю. Мянчук Андрэй Асмалоўскі падняў яго, знаходзячыся за некалькі метраў ад аўтазака, і прамовіў: «Падымаем сцяг назад!» Само сабой, ён адправіўся ў аўтазак услед за папярэднім сцяганошам.

У аўтазаку на падлозе валялася вуда, а ў аднае дзяўчыны знайшоўся маленькі сцяг. Затрыманыя тут жа ўзнялі яго на вуду і выставілі ў закратаванае акенца. Пратрымаліся секундаў дзесяць. Потым убег АМАПавец і выштурхнуў сцяг у акно. Выдатная гісторыя, ды яшчэ і з добрым канцом: у аўтазаку не білі, у РУУС таксама – і ўвогуле адпусцілі праз некалькі гадзінаў нават без пратаколу. Сёння гэтае «падымаем сцяг назад» можна скандаваць і пісаць на аркушы ватману. Гэта лозунг нашых дзён. Гэта вяртанне да сцяга, якое ўжо не спыніць. Гэта адстойванне сваёй гісторыі. Гэта ўсведамленне пакаленнем, што вырасла пад чырвона-зялёнай анучай, што ўсе лукашэнкаўскія сімвалы – фальш і хлусня. Гэта завінавачанасць, якую мы вяртаем нашым лідарам, што сядзяць у турмах.

На днях адзін ліберальны расейскі тэлеканал рабіў чарговую праграму пра падзеі ў Беларусі. Відэашэрагам ішлі кадры з вуліцаў з вялікай колькасцю сцягоў. Гламурнага выгляду вядоўца пыталася госця эфіру: «Як вы думаеце, у сувязі з апошнімі пагрозамі Лукашэнкі навесці парадак не можа здарыцца так, што за бел-чырвона-белыя сцягі раптам пачнуць арыштоўваць?»

Эх, паненка. Нас за гэтыя сцягі білі і арыштоўвалі чвэрць стагоддзя без усялякіх «раптам». Толькі два тыдні як перасталі біць. Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Максім Вінярскі пад гэтымі сцягамі правялі дзесяцігоддзі і не зламаліся. Яны ішлі ў турмы і пад дубінкі, але нават у страшным сне не маглі б сабе ўявіць, што дзеля вызвалення можна адмовіцца ад гэтага сцяга, ад гэтай краіны, ад гэтай ідэі. І колькі б нам ні падсоўвалі фальшывыя сцягі ды іхніх фальшывых носьбітаў, мы ведаем, чаго ўсе гэтыя фэйкі вартыя. І ведаем, што пакуль не вызвалім нашых лідараў – не стане наш сцяг дзяржаўным.

У мяне, дарэчы, свайго бел-чырвона-белага сцяга ўжо даўно няма. За ўсе гэтыя гады мы з сябрамі і паплечнікамі страцілі гэтулькі сцягоў, што імі можна было б абгарнуць экватар. На кожнай акцыі ў нас іх адбіралі. Не аддаць сцяг АМАПу, ды яшчэ і не сесці ў турму – гэта было фігурай найвышэйшага пілатажу. Мала у каго атрымлівалася.

Тады сцягі ўздымалі на дэманстрацыях. Цяпер, калі нас большасць, іх шыюць, майструюць з кавалкаў тканіны і вывешваюць з вокнаў. Шматкватэрныя дамы спаборнічаюць, у каго сцяг даўжэйшы. На пяць паверхаў пацягнецца – малайчына. Затрымаецца на чатырох – даруй, сусед, ты атрымаў паразу. Вырадкі, якія раней адбіралі ў нас сцягі на мітынгах, цяпер начамі лазяць па гаўбцах і баязліва іх крадуць. Не грэбуюць і прадметамі жаночага адзення. Дачка маёй універсітэцкай сяброўкі Аня жыве на пятым паверсе знакамітага дома «пад шпілем». Аня зрабіла на гаўбцы сцяг з белай прасціны і чырвонага сарафана. Ноччу яе сарафан падчапілі вудай з даху. Грузіла і кручок засталіся на гаўбцы. Няўжо не сорамна жаночыя шмоткі начамі красці? Не, ім не сорамна. Яны і ніжняй бялізнай не пагрэбуюць, калі раптам апынецца не чырвона-зялёнага колеру.

Але ў гэтай вайне яны атрымалі паразу. Госпадзе, які шчаслівы быў бы сёння Віктар Івашкевіч! Віктар, які стаяў адзін пасярод Кастрычніцкай плошчы з двума сцягамі – бел-чырвона-белым і еўрапейскім. Віктар, які рагатаў, калі яму казалі: «Старая апазіцыя павінна даць дарогу маладым радыкалам, якія не хочуць хадзіць на Бангалор, толькі на Кастрычніцкую!» Віктар, які дзеля гэтага сцяга ахвяраваў некалькімі гадамі свабоды. А ўрэшце і жыццём. Ён быў бы сёння сапраўды шчаслівы, бачачы гэтыя бясконцыя бел-чырвона-белыя палотны, пра якія мог толькі марыць.

Шчаслівыя будзем і мы, калі вызвалім усіх нашых герояў і скруцім шыю дыктатуры. Тады мы зможам усе разам пашыць гіганцкі сцяг і расцягнуць яго на ўвесь праспект. І шпацыраваць з ім па горадзе, і змяняць адно аднаго, калі рукі стомяцца, і смяяцца з таго, што вось яно – шчасце, і не сканчаецца чамусьці. І ў першым шэрагу несці той сцяг, вядома, будзе Ніна Багінская – са сваёй фірмовай рэплікай «я гуляю!».

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках