29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бестэрміновы пратэст - да перамогі!

29
Бестэрміновы пратэст - да перамогі!
ФОТА: NN.BY

Мы не можам стаяць на месцы.

Сітуацыя ў краіне падышла да крытычнай рысы. Канчаткова ашалелы узурпатар разам з вузкай хеўрай спрабуе ўзяць рэванш, зноў увёўшы ў дзеянне граміл з ОМОН супраць пратэстоўцаў. А ў гэты час адны лідэры грамадскай думкі заклікалі беларусаў да «перадыху», а іншыя - бягуць навыперадкі, каб пачаць дыялог з людажэрам, забыўшыся пра прыстойнасць і пакуты лідэраў у катоўнях.

З усіх бакоў ідуць заклікі прызнаць галоўным органам беларускай апазіцыі незразумелую Раду, у якім разам з прыстойнымі людзьмі поўна сумнеўных асоб, а галоўным органам, які каардынуе Усебеларускі страйк, сход самапрызначаных прайдзісветаў.

Сотні тысяч працоўных сёння паставілі на кон усё. У варунках Беларусі ўсё - гэта азначае магчымасць працаваць. Яны з самых высакародных памкненняў падтрымалі пратэстоўцаў і праз бясчынствы ды садызм улад пачалі ўсебеларускі страйк. У выпадку нашай паразы шмат хто з страйкоўцаў страціць працу, а значыць, магчымасць карміць свае сем'і, будзе вымушаны з'ехаць за мяжу ў пошуках працы.

Тысячы пратэстоўцаў, калі крывавы таракан утрымаецца, атрымаюць вялізныя крымінальныя тэрміны і адправяцца ў беларускія (а можа, і ў сібірскія) канцлагеры на гады, дзе трапяць у поўную ўладу сваіх міліцэйскіх катаў.

У выпадку нашай няўдачы мільёны разумных, прыстойных і высокакваліфікаваных беларусаў пакінуць краіну, а на іх месца завязуць гастарбайтэраў з Кітая, Сярэдняй Азіі і Каўказу. Бо жыхарам Драздоў не захочацца зніжаць свой узровень жыцця. Ім будуць патрэбныя новыя рабы.

І вось у такой неймаверна драматычнай сітуацыі нам прапаноўваюць прызнаць, што нашай лідэркай з'яўляецца Маша Калеснікава, якая для беларусаў кажа адно, а для немцаў ды іншых прадстаўнікоў Захаду заяўляе, што ўводзіць санкцыі супраць крывавага тырана (як паведамляюць беларускія лекары, ад куль, гранат і катаванняў спецмянтоў загінулі некалькі дзясяткаў беларускіх грамадзян) яшчэ рана або ўжо позна.

Нас хочуць пераканаць, што Вольга Кавалькова, выпускніца Акадэміі МУС, шматгадовая памочніца прызначанай «дэпутаткі» Канапацкай, і ёсць наша апазіцыйная лідэрка. А ўжо цэлыя два дні як «узбунтаваны» чыноўнік-універсал Павел Латушка будзе вызначаць нашу з вамі міжнародную палітыку.

Нам даводзяць, што адвакат Максім Знак, які разам з іншымі адвакатамі з упартасцю дзятла апавядаў нам, што, седзячы ў быдлячых варунках турмы КДБ, Віктар Бабарыка «бадзёры», «бадзёры» і «бадзёры», можа кіраваць пратэстамі ды абараняць беларускі народ.

Нашы сапраўдныя лідэры, якія знаходзяцца ў катоўнях рэжыму, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец, яшчэ на самым пачатку гістарычных падзей сумленна і шчыра сказалі беларускаму народу, што перамагчы дыктатуру можна толькі шляхам масавых доўгачасовых пратэстаў і страйкаў. Нашы героі паўтарылі, фактычна, на новым вітку гісторыі знакамітыя словы вялікага Чэрчыля, звернутыя да брытанскай нацыі, што «толькі кроў, цяжкая праца, пот і слёзы прынясуць перамогу».

Сітуацыя патрабуе ад беларусаў цвёрдасці і годных гэтага выкліку лідэраў, а не падстаўных фігур, якія імкнуцца нас супакоіць, забалбатаць пратэсты і выкрасці ў нас перамогу.

Маркоціцца абсалютна не варта. У гэтую кампанію Лукашэнка і ягоныя службы, здавалася б, не раз трымалі сітуацыю пад кантролем, аднак калі на гістарычную арэну выходзіць народ, усе хітрыкі ліхога становяцца бескарыснымі.

Сёння за нас увесь свет.

Як сказаў адзін з лідэраў страйкаму салігорскіх шахцёраў, «мы маем асноўныя патрабаванні, і мы будзем іх дамагацца. Гэта адстаўка Лукашэнкі і вызваленне ўсіх палітвязняў. Мы не можам спыніцца. Толькі наперад!»

І мне вельмі падабаецца лозунг маладых блогераў, якія сталі маторам перамен у Беларусі: «Бестэрміновы страйк і пратэст - да скідання рэжыму. Нас шмат, і мы пераможам!»

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках