25 красавiка 2024, Чацвер, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Усе хочуць далучыцца да беларускага карнавалу перамогі

12
Зміцер Бандарэнка: Усе хочуць далучыцца да беларускага карнавалу перамогі

Рэвалюцыя ў Беларусі проста фантастычная.

Пра гэта ў інтэрв'ю выданню The Insider заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бандарэнка. Публікуем інтэрв'ю са скарачэннямі.

- Ці чакалі вы, што падзеі будуць развівацца такім чынам? Пракаментуйце, калі ласка, сітуацыю ў Беларусі.

- Я, напэўна, адзін з нямногіх людзей, якія скажуць, што ўсё гэта было чаканае і прагназаванае. Было нават здзіўленне, што гэта не стрэліла раней. Такія пратэсты пачыналіся ў 2017 годзе, але тады ўладам удалося здушыць іх. Цяпер усё было досыць прагназаванае. Падчас так званых "парламенцкіх выбараў", калі збіралі подпісы, людзі казалі, што 90% ідуць супраць Лукашэнкі.

Медыя, якія знаходзяцца ў Беларусі, вельмі падкантрольныя ўладзе. Быў такі вось дысананс - людзі супраць Лукашэнкі, а псеўданезалежныя медыя кажуць: «Усё нармальна, ён папулярны, ён моцны». Адбылася ў першую чаргу YouTube-рэвалюцыя, з'явіліся блогеры, якія не былі пад кантролем спецслужбаў, былі свабоднымі людзьмі. Яны не зарэгістраваныя, не патрабавалі акрэдытацыі, узгаднення з падатковай і гэтак далей. Яны проста казалі праўду. У многіх гарадах Беларусі з'явіліся такія людзі, і яны сталі вельмі папулярнымі. Самым папулярным непасрэдна перад прэзідэнцкімі выбарамі стаў Сяргей Ціханоўскі. Ягоныя YouTube выпускі глядзелі да 500 тысяч беларусаў. Яшчэ адным звышпапулярным блогерам быў Сцяпан Святлоў пад псеўданімам Nехта. Ён пачынаў як YouTube-блогер і ў яго была велізарная аўдыторыя. Вось гэта і спрыяла рэвалюцыі свядомасці.

З класічных сайтаў найбольш радыкальным быў "Хартыя ' 97", якая казала, што думае. Яе рэдакцыя знаходзіцца ў Варшаве, частка журналістаў працавалі падпольна ў Беларусі. Некалькі такіх вось фактараў - "Хартыя' 97", Нехта і іншыя блогеры, - цалкам змянілі інфармацыйнае поле ў краіне і людзі ўбачылі жыццё ў сапраўдным люстэрку, а не крывым, створаным прапагандай Лукашэнкі і медыямі пад ціскам уладаў. Калі з'явіліся іншыя каналы сувязі, такія як Telegram, то людзі ўбачылі - вось такая вёска, вось такі горад. Зваротная сувязь спрацавала і тут ужо схлусіць нельга.

Апошняй кропляй сталі паводзіны Лукашэнкі падчас каранавіруса. Нават не будзем казаць, што ён тварыў. Абсалютна ўсім стала зразумела, што гэты чалавек псіхапат і неадэкватны. Гэта яшчэ больш абвастрыла ўсю сітуацыю. Сюды ж арышты папулярных кандыдатаў у прэзідэнты: Мікалая Статкевіча, якога не зарэгістравалі, а потым арыштавалі; Сяргея Ціханоўскага, якога не зарэгістравалі, а потым арыштавалі; і Віктара Бабарыкі, якога зарэгістравалі, але ўсё адно арыштавалі. Усё гэта прывяло да таго, што людзі былі яшчэ больш раззлаваныя, больш рашуча настроеныя. Было зразумела, што Лукашэнка безнадзейна саступае на выбарах, гэта стала відаць усяму грамадству. Адсюль з'явіліся мянушкі "Таракан" і "Саша 3%". У каго ні спытай - ні ў каго не было знаёмых, хто б збіраўся за яго галасаваць.

Рэвалюцыя фантастычная. Для маёй каманды і грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і для некаторых людзей яна не стала нечаканасцю. Мы рыхтавалі гэтую рэвалюцыю цягам доўгага часу.

Лукашэнка – псіхапат і вар'ят, які можа ўсё, што заўгодна. Ён, як алкаголік у апошняй стадыі, можа нажом пырнуць суседа, жанчыну ці дзіця. У яго выйсця амаль няма - бегчы або яго расстраляюць свае. Кажуць, што цяпер з'яўляецца трэці варыянт, і досыць небяспечны. Усе цяпер абмяркоўваюць інфармацыю, што на мяжы Расеі і Беларусі кансалідуюцца ўзброеныя сілы Расеі ў дзвюх групоўках - адна для наступу на Віцебск і другая для ўваходу ў Гомель. Называецца час у 36 і 48 гадзін. Пры ўсім стаўленні да Пуціна я не ўважаю яго за дурня. Уваходзіць цяпер у Беларусь, калі паўстала ўся краіна...прычым ужо не проста пратэстуюць, а карнавал перамогі зладзілі, ва ўсіх эйфарыя, прычым у кожным горадзе, кожнай вёсцы.

Мой прагноз — калі генералы Пуціна наважацца на ўварванне, успыхне ўся Расея. Мы знаходзімся ў інтэрнэце ў адзіным інфармацыйным полі. Я не думаю, што многія расейцы моцна адрозніваюць назвы беларускіх гарадоў. Усім хочацца ўзяць удзел у гэтым карнавале, здабыць надзею на новае жыццё. Фанаты маскоўскага "Дынама" на стадыёне скандуюць: "Жыве Беларусь!" так, што дрыжыць стадыён.

У нас самае галоўнае ёсць - вялікі аптымізм, бо забаставалі ключавыя флагманы беларускіх прадпрыемстваў - МАЗ, трактарны завод, завод «Атлант», «Беларускі металургічны завод», найбуйнейшае прадпрыемства «Гродна Азот» і «Хімвалакно».

Лукашэнка ж сам пачаў страйк. Ён адключыў Інтэрнэт на пару дзён, не працаваў нават Google пошукавік. У выніку гэта і запусціла страйк - спыніліся банкі, банкаўскія аплаты, дзяржпрадпрыемствы, IT-сектар. Ён даў старт страйку для дзясяткаў тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама многіх дзяржустаноў. Шкода эканоміцы была велізарнай. І было выйсце - альбо ён блакуе Інтэрнэт і сувязь і знішчае эканоміку мацней, чым усякі карантын, альбо ён адкрывае Інтэрнэт і на вуліцы выходзяць 500 тысяч чалавек. Так і адбылося.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках