28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ля Жодзінскай турмы корак з ахвотных дапамагчы арыштаваным

18
Ля Жодзінскай турмы корак з ахвотных дапамагчы арыштаваным

Салідарнасць беларусаў дзівіць.

Сёння з раніцы каля турмы ў Жодзіне шматлюдна. Людзі шукаюць сваіх. Сярод разгубленасці і слёз сустракаюцца і шчаслівыя ўсмешкі - сёння «сваіх» выпусцілі. Валанцёры прывезлі шмат ежы, вады. Чарга з ахвотных падвезці ў Менск ператварылася ў невялікі корак. Кажуць, што на сёння дапамогі дастаткова, яна спатрэбіцца ў наступныя дні, піша «Онлайнер».

Людзей перыядычна выпускаюць невялікімі групамі.

- Спачатку было не вельмі. Затрымалі мяне на прыпынку, забралі тэлефон, паклалі на падлогу, - кажа хлопец, якога толькі што выпусцілі з турмы. - Пасля 6 гадзін на вуліцы ў сцяжках і адразу ў Жодзіна. У камеры на 6 месцаў там было 20 чалавек. Перыядычна нас пераразмяркоўвалі. У выніку стала па 30 чалавек. Раніцай адпусцілі.

- Мяне ўчора адпусцілі з менскага СІЗА на Акрэсціна. Ніколі так не білі, хоць у жыцці было рознае. Быццам быдла ганялі. Адзін у камеры быў з праблемамі шчытавідкі - лекаў не даюць. 20 чалавек на 4 ложкі. Два дні не кармілі. Вада добрая была, смачная. На трэці дзень закінулі да раніцы ў адстойнік. Вызвалілі гадзіне а 8-й, - распавёў Юры.

Побач - трывога.

- Адправіў у краму сына, ён не вярнуўся. Раніцай тэлефаную - гудкі ёсць, потым адключыўся тэлефон. Сябры сказалі, што ягоны аўтамабіль бачылі ў Лошыцы на стаянцы каля крамы. Знайшоў машыну адкрытай з дакументамі. Чалавека няма. На Акрэсціна, у РУУС Менска нічога не знайшоў. Потым падказалі - у Жодзіна. Хоць у спісах няма яго. У недасведчанасці поўнай. Дзе мой сын Мікіта?!

- Бацька знік у нядзелю на выбарчым участку, куды мы пайшлі да 20:00. Нават не думаў, што будзе такое, мы пайшлі ўсёй сям'ёй. Я адышоў, тату забраў АМАП. Шукалі яго дзень. Толькі ўчора раніцай мне паведамілі, што ён на Акрэсціна. Дзень прастаяў - нічога. Ноччу патэлефанаваў чалавек - сказаў, што бацьку далі 15 дзён і павезлі ў Жодзіна. Выйшлі сукамернікі, сказалі, што з бацькам усё нармальна, трымаецца малайцом. Зламалі два пальцы, а так усё добра. Стаю, каб лекі перадаць.

- У Жодзіна я прыехала сёння - як толькі даведалася, што сын тут. Да гэтага тры дні жыла на Акрэсціна. Прыехала з перадачай сёння, а яго адпусцілі! Мы тут з усімі мамамі сталі раднёй амаль. Фотаздымкі адзін аднаму паказваем - ці мала, знойдуцца свае.

Пасадзілі цвет нацыі - студэнты, работнікі ўсе, ІТ-спецыялісты, - кажа Таццяна.

Аксана шукае сына Аляксандра. На яе руцэ напісаныя яшчэ прозвішчы - гэта каб не забыцца просьбы новых знаёмых:

- Быў бы жывы! Апошні званок быў 9 жніўня.

- Я чакаю сяброўку. Яе затрымалі на «Пушкінскай». У ліку валанцёраў Чырвонага Крыжа яна дапамагала людзям. Нягледзячы на ўсе знакі Чырвонага Крыжа, нарукаўныя павязкі, яе затрымалі.

- Я каталіцкі святар з Жодзіна. Мне балюча бачыць, бо ў маім касцёле ёсць усё: і міліцыянты, і дэманстранты. Гэта боль, я супраць гвалту. Вядома, я падтрымліваю права голасу. Цяпер тут, калі спатрэбіцца дапамога - падкіну на аўто куды трэба, - распавёў ксёндз Міхаіл.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках