23 красавiка 2024, aўторак, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці і Менску ўлады зладзілі паляванне на журналістаў

5
У Берасці і Менску ўлады зладзілі паляванне на журналістаў

Супрацоўнікаў прэсы затрымлівалі і збівалі.

Учора ў Берасці, як і ў многіх гарадах Беларусі, на вуліцу выйшлі людзі, нязгодныя з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, піша tut.by.

Станіслаў Коршунаў прысутнічаў там як журналіст tut.by, каб асвятляць тое, што адбываецца.

- На Станіслава кінуліся блізу 10 амапаўцаў. Ён быў у камізэльцы з вялікім надпісам tut.by з абодвух бакоў, пры затрыманні крычаў, што ён - прадстаўнік прэсы. Было відавочна, што на яго кідаліся мэтанакіравана - іншых журналістаў, якія ішлі побач, не кранулі, - распавядаў відавочца Дзяніс.

Пры сабе ў Станіслава - дасведчанага журналіста - падчас працы заўсёды ёсць сапраўднае службовае пасведчанне, падчас працы на акцыях пратэсту - яшчэ і рэдакцыйнае заданне, аформленае на фірмовым бланку з подпісам галоўнага рэдактара.

Ні ўчора ўвечары, ні сёння раніцай жонцы Станіслава ў РАУС так і не патлумачылі, на якой падставе затрыманы ейны муж, што з ім, дзе ён знаходзіцца.

Учора ж у Менску міліцыя адбірала флэшкі з фотакамер і зрывала бэйджы з якія працавалі на асвятленні вулічных пратэстаў у Менску журналістаў tut.by, Onliner.by, Associated Press, «Нашай Нiвы».

Учора ў Менску быў затрыманы кіраўнік праектаў Tribuna.com Максім Бярэзінскі. Рэдакцыя спрабуе высветліць, дзе знаходзіцца Максім. Апошні раз ён выходзіў на сувязь з Ленінскага РУУС.

Ужо некалькі дзён няма ніякіх вестак пра рэдактара выдання «Наша Ніва» Ягора Марціновіча. У ноч з 10 на 11 жніўня ён даслаў SOS-СМС, гэта значыць, што ён затрыманы. Да гэтага ён паспеў пагутарыць з жонкай праз тэлефон і паведаміць: едзе забіраць яе пасля працы, на той момант Ягор быў на вуліцы Чарвякова, як пазней раскажуць калегі, яго машына выехала на вуліцу Альшэўскага і прапала. Сям'я другі дзень спрабуе даведацца, дзе знаходзіцца галоўны рэдактар «Нашай Нiвы». Яго няма ў ЦІПе на Акрэсціна, у РУУС, лякарнях. Афіцыйнай інфармацыі таксама няма. Як атрымалася даведацца ягонай жонцы, ён затрыманы. Дзе канкрэтна ўтрымліваецца Ягор, у міліцыі не кажуць. Ёсць версія, што журналіст можа быць збіты.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках