28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Горадня - гэта годна: Святлана Ціханоўская з камандай правялі шматтысячны мітынг (Анлайн, відэа)

20
Горадня - гэта годна: Святлана Ціханоўская з камандай правялі шматтысячны мітынг (Анлайн, відэа)
Фото: t.me/belamova

(Абноўлена) У каложскі парк прыйшло больш за 15 тысяч чалавек.

Кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская з удзелам Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы правялі мітынг у Горадні. У парк прыйшло больш за 15 тысяч чалавек

14.24 Анлайн-трансляцыя з мітынгу ў Горадні скончаная. Дзякуй, што былі з намі! Горадня - гэта годна. Жыве Беларусь!

14.21 Наступныя мітынгі сёння Святлана Ціханоўская і яе каманда правядуць у Ваўкавыску а 15.30 (пляцоўка на аўтастаянцы на набярэжнай па вуліцы К.Маркса) і ў Слоніме а 19.00 (стадыён «Дынама» па вуліцы Чарняхоўскага).

14.16 Жыхарка Горадні прыйшла на мітынг з абразом Георгія Пераможца, які падарыла штабу Святланы Ціханоўскай. «Святлана Георгіеўна Ціханоўская - гэта наш Георгій Пераможца, які прывядзе нас да перамогі, а нашых дзяцей і ўнукаў, нашу краіну - да светлай будучыні. Яна - гэта наш свет надзеі ў акне. Жыве Беларусь!», - распавяла жыхарка Горадні.

14.15 Гучыць песня Вайцюшкевіча «Сцяг» на словы Уладзіміра Някляева.

14.13 «Мы павінны змагацца да апошняга. Ён не павінен застацца ва ўладзе. Людзі, прыходзьце, выходзьце на вуліцы, змагаймася за будучыню! Лозунг «Верым! Можам! Пераможам!» - гэта наш гарадзенскі лозунг», - кажа пажылы гарадзенец.

14.12 Святлана Ціханоўская з камандай сыходзяць. Афіцыйная частка мітынгу сканчаецца. Але людзі застаюцца ў парку. Мітынг працягваецца ў рэжыме свята да 15 гадзін.

14.10 «Горадня, вы - неверагодныя. Памятаеце, што толькі разам - мы сіла!», - кажа Святлана Ціханоўская на развітанне.

14.07 Святлана Ціханоўская разам з камандай і 15 тысячамі жыхароў Горадні спяваюць песню «Муры».

13.59 «У Горадні ёсць прыклад грамадзянскай мужнасці - гэта дырэктар стадыёна - Віктар Шумель», - кажа Вераніка Цапкала. Віктар Шумель падымаецца на сцэну: «У вас ёсць шанец усё змяніць. Мы павінны карыстацца ўсімі правамі і свабодамі, якія дае Канстытуцыя. Цяжка зрабіць толькі першы крок - далей будзе гара з плеч, будзе толькі радасць. Таму я вас заклікаю: зрабіце першы крок . Хачу працытаваць Ніцшэ: нельга быць свабодным ад таго, ад чаго ўцякаеш. Я не збіраюся ўцякаць. Я збіраюся быць свабодным!». Людзі скандуюць: «Малайчына!».

13.54 «Новы прэзідэнт не будзе кіраваць краінай у ручным рэжыме», - кажа Вераніка Цапкала. Людзі ўхвальна выгукваюць.

13.51 «Час Беларусі прыйшоў, прыйшоў час перамен, мы хочам жыць у багатай краіне, у якую бы браты-палякі прыязджалі на закупы, а не наадварот», - кажа Вераніка Цапкала.

13.49 Цудоўная атмасфера на мітынгу ў Горадні!

13.48 Выступае Вераніка Цапкала. «Мой муж нарадзіўся і вырас у гэтым горадзе, мне асабліва прыемна тут выступаць!».

13.45 Паглядзіце, як сустракалі Святлану Ціханоўскую і штаб жыхары Горадні.

13.39 Бацька з сынам і «Пагоняй» прыйшлі на мітынг Святланы Ціханоўскай: кранальнае відэа.

13.38 «Калымага ўлады, што бразгоча, развальваецца па частках!», - кажа Марыя Калеснікава. Людзі пляскаюць у далоні.

13.37 Неверагоднае відэа з дрона. Паводле ацэнак журналістаў, у Каложскім парку сабралася больш за 15 тысяч чалавек.

13.36 «Я - магу - усё - змяніць!», - скандуюць людзі. «Гэта самае важнае лета для кожнага з нас. Мы змяніліся і гэта - назаўсёды», - кажа Марыя Калеснікава.

13.35 «Сіла - у народзе!», - кажа Марыя Калеснікава. Людзі пляскаюць у далоні.

13.34 На мітынгу сабралася ўжо больш за 15 тысяч чалавек.

13.33 «Упартасці, цярпення і любові беларусаў хопіць, каб дайсці да перамогі», - кажа Марыя Калеснікава.

13.31 «Нас стала яшчэ больш! Большасць ператварылася ў абсалютную большасць», - кажа Марыя Калеснікава.

13.29 «Я шчаслівая, што стаю перад вамі, бачу бліскучыя вочы, я шчаслівая, што мы аб'язджаем усю Беларусь і бачу дзясяткі тысяч людзей, закаханых у Беларусь. Я больш не належу сабе - я належу вам, любімыя беларусы!», - кажа Марыя Калеснікава. Людзі радуюцца.

13.38 Разам - мы сіла: цудоўныя фота з мітынгу ў Горадні.

13.26 Марыя Калеснікава звяртаецца да гарадзенцаў па-беларуску і распавядае, як любіць гэты горад. Людзі пляскаюць у далоні.

13.24 «Сябры, я не адступлю. Я пайду да перамогі!», - кажа Святлана Ціханоўская. «Мы - з табой!», - крычаць людзі. «Верым, можам, пераможам!», - скандуе ўвесь парк. Авацыі не сціхаюць.

13.21 У Горадні - вельмі шмат людзей. Надвор'е - выдатнае. Атмасфера - агонь!

13.21 Яшчэ адно цудоўнае фота з Горадні.

13.19 Святлана Ціханоўская заклікае галасаваць за яе 9 жніўня. «Паглядзіце, як нас шмат! Мы сёлета абавязкова пераможам!», - кажа Святлана Ціханоўская. Людзі скандуюць «Света! Света! Света!».

13.17 «Мы прапануем Святлану Ціханоўскую як сімвал гэтых самых перамен», - кажа кандыдатка ў прэзідэнты. «Верым, можам, пераможам!», - некалькі хвілін скандуюць людзі.

13.11 Святлана Ціханоўская зачытвае імёны палітвязняў. Людзі скандуюць «Свабоду! Свабоду! Свабоду!» .

13.09 Святлана Ціханоўская нагадвае жыхарам Горадні пра правакацыі ўладаў супраць яе мужа. «Ганьба!», - скандуюць тысячы чалавек.

13.08 Святлана Ціханоўская выступае па-беларуску. «Мне Вельмі падабаецца Горадня. Гэта найпрыгажэйшы горад Беларусі. Горад каралёў і вялікіх князёў. Дзякуй, што вас так шмат!», - кажа Святлана Ціханоўская.

13.04 Святлана Ціханоўская са штабам - на сцэне. Гучыць песня «Муры». Авацыі не змаўкаюць.

13.03 Гарадзенец прыйшоў на мітынг з маленькім сынам і расказаў, чаму хоча перамен.

13.02 Чым бліжэй штаб кандыдата ў прэзідэнты да сцэны, тым мацней радасць у людзей.

13.01 Людзі ўтварылі жывы калідор, сустракаюць Святлану Ціханоўскую авацыямі, скандуюць «Света! Света! Света!», «Дзякуй!», «Жыве Беларусь!».

12.58 Штаб Ціханоўскай па дарозе да сцэны спявае «Тры чарапахі».

12.57 Святлана Ціханоўская са штабам пешшу ідуць да месца мітынгу. Людзі пазнаюць іх і вітаюць воплескамі.

12.56 Горадня радуе масавасцю і атмасферай на мітынгу.

12.54 «Нарэшце настаў час, калі можна ганарыцца тым, што мы беларусы!», - кажа са сцэны ўдзельнік мітынгу.

12.53 Рака людзей сцякаецца да месца правядзення мітынгу з розных напрамкаў.

12.49 «Ведаю Сяргея Ціханоўскага з яго ролікаў, гляджу іх у інтэрнэце. Яны проста прыгожыя! Гэта маё меркаванне», - кажа 76-гадовы жыхар Горадні.

12.47 На ўвесь парк гучыць песня «Перамен!» Віктара Цоя.

12.46 Сцэну акружае мора людзей. Гэта цудоўна!

12.45 Горадня - гэта годна! У Каложскім парку сабралася ўжо некалькі тысяч чалавек і людзі працягваюць падыходзіць.

12.43 «У горадзе ў нас месцамі вельмі свежа, вельмі цікава. Многія дзейнічаюць партызанскімі метадамі. Я раней быў апалітычным. Але цяпер я зразумеў: патрэбныя перамены. Я ганаруся беларусамі, ганаруся сваёй краінай, ганаруся тым, як людзі падняліся. Вы не паверыце, колькі ў нас людзей такіх, як у мяне поглядаў», - кажа 24-гадовы гарадзенец, кіроўца паводле прафесіі.

12.40 Паглядзіце, якое мора людзей прыйшло на мітынг у Горадні!

12.37 «Мая бабуля чытае «Хартыю-97» кожны дзень ад яе заснавання і верыць у перамены», - распавядае малады чалавек на мітынгу.

12.35 Відэафакт: шматтысячны натоўп скандуе «Жыве Беларусь!».

12.34 Святлана Ціханоўская па дарозе на мітынг фатаграфуецца з гарадзенцамі, якія пазнаюць яе на вуліцах, дэманструюць свае белыя стужкі на руках.

12.33 «2020 год будзе годам перамен. Гэта адназначна», - кажа малады жыхар Горадні.

12.29 «Я паважаю мужных людзей. І гатовы пакланіцца ім да зямлі. Схіляюся перад адвагай гэтых трох жанчын. Беларусь - для смелых людзей. Багацце, усё праходзіць - а гонар застаецца назаўжды. Гонар - самае важнае для чалавека», - кажа жыхар Горадні, які прыйшоў на мітынг з сынам-баксёрам.

12.25 «Прыйшлі падтрымаць сваіх дзяцей, свае сем'і, сваю будучыню. Усе мае знаёмыя - за новую ўладу», - распавядае маладая гарадзенка, якая прыйшла на мітынг з маленькай дачкой.

12.24 Людзі голасна скандуюць: «Верым, можам, пераможам!» і «Жыве Беларусь!». Не змаўкаюць авацыі.

12.22 Малады чалавек прыйшоў на мітынг з велізарным бел-чырвона-белым сцягам. «Я хачу перамен. Таму я тут з гэтым сцягам», - кажа ён.

12.20 У Горадні вельмі шмат нацыянальнай сімволікі.

12.18 «Тое, што творыць гэтая ўлада - гэта гідка і брыдка. Сёлета мы павінны стаць свабоднымі. Каб усе, хто быў вымушаны з'ехаць з краіны, змаглі вярнуцца. Жыве Беларусь!», - кажа жыхарка Горадні.

12.18 А вось як выглядае вялізная чарга ў Каложскі парк.

12.17 На мітынгу ў Горадні - ужо некалькі тысяч чалавек. Пляцоўка перад сцэнай запоўненая людзьмі і яны працягваюць прыходзіць.

12.15 «Мне даўно знаёмыя медыкі казалі: Лукашэнка нездаровы», - распавядае жыхар Горадні.

12.14 Людзі працягваюць ісці магутнай плынню.

12.13 Ужо сабралася больш за тысячу чалавек. Плошча перад сцэнай на адлегласці 300 метраў даслоўна забітая людзьмі.

12.11 Cвятлана Ціханоўская ў гэты час разам са штабам ідзе па цэнтры Горадні да месца правядзення мітынгу.

12.08 На мітынгу са сцэны гучыць песня «Я нарадзіўся тут» Змітра Вайцюшкевіча.

12.03 Людзі ідуць бясконцай плынню.

12.01 «Трэба мяняць усё ў нашай краіне. Дзеля нашых дзяцей. Я заслужаны трэнер Беларусі. Мне крыўдна за жабрацкую пенсію маіх калег. Мы баронім гонар краіны і атрымліваем капейкі. Трэба мяняць уладу. 90% спартсменаў - супраць гэтай улады, на баку перамен» , - кажа пажылы гарадзенец, заслужаны трэнер Беларусі.

12.00 «Мы ўсімі рукамі і нагамі за Святлану Ціханоўскую. Гэта наш білецік у будучыню, у лепшае жыццё», - кажуць маладыя гарадзенкі.

11.55 Жыхары Горадні бясконцай плынню ідуць у Каложскі парк. Відэа падала «Наша Ніва».

11.50 Яшчэ дапачатку мітынгу сотні людзей сталі ў чэргі на ўваходзе ў Каложскі парк.

11.30 Так Каложскі парк у Горадні выглядае за паўгадзіны да пачатку мітынгу.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках