29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час дзейнічаць: еўрадэпутаты заклікалі ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

11
Час дзейнічаць: еўрадэпутаты заклікалі ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У Еўрапарламенце прайшлі дэбаты па сітуацыі ў Беларусі.

У Брусэлі прайшло пленарнае паседжанне Еўрапарламента, на якім абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, паведамляе карэспандэнт Charter97.org з Брусэлю.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль выказаў заклапочанасць арыштамі патэнцыйных кандыдатаў і актывістаў і асудзіў рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Палітык адзначыў, што будучыня стасункаў ЕЗ і Беларусі будзе залежаць ад выбараў 9 жніўня.

Дэпутаты Віёла фон Крамон, Міхаэль Галер, Роберт Бедрань запатрабавалі неадкладнага вызвалення палітвязняў і ўсіх незаконна затрыманых.

Еўрадэпутат Роберт Бедрань пачаў выступ са слоў «Жыве Беларусь!» і заявіў пра неабходнасць выстаўлення патрабаванняў Лукашэнку аб вызваленні палітвязняў і правядзенні сумленных выбараў. Ён заявіў, што палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі павінна мець відавочныя «чырвоныя лініі», а Еўрапарламент - зрабіць дакладную заяву ў гэтым пытанні як мага хутчэй.

Віёла фон Крамон заявіла, што ўважае за трагедыю тое, што краіна ў цэнтры Еўропы яшчэ практыкуе смяротнае пакаранне, а яе кіраўнік адмаўляе каранавірус і ў якасці сродку раіць хадзіць у лазню. Яна мяркуе, што людзі ў Беларусі хочуць зменаў - менавіта таму стаяць у ланцугах салідарнасці ў падтрымку кандыдатаў. Яна думае, што на прэзідэнцкіх выбарах у нашай краіне абавязкова павінна прысутнічаць назіральная місія ЕЗ.

Толькі адзін дэпутат, прадстаўнік вельмі левых Пінеда Ману, заклікаў захоўваць добрыя стасункі з рэжымам Лукашэнкі.

Яму запярэчыў еўрадэпутат Міхаэль Галер: «Проста будзьце гатовыя, што пасля 26 гадоў людзі Беларусі стаміліся ад гэтага рэжыму. Яны хочуць зменаў. Не мы заклікаем да зменаў, гэта робяць людзі ў краіне. Місія АБСЕ павінна накіравацца туды, і гэта вельмі важна. Палітвязняў павінны вызваліць, усе кандыдаты павінны ўзяць удзел у выбарах».

Большасць выступоўцаў патрабавалі санкцый і канкрэтных дзеянняў ад Еўракамісіі. У сценах Еўрапарламента з вуснаў дэпутатаў некалькі разоў гучала «Жыве Беларусь!».

Еўрадэпутат Андрус Кубілюс заявіў, што ЕЗ павінен паслаць сігнал Лукашэнку і ягонай наменклатуры: «Калі да 14 ліпеня апазіцыйныя кандыдаты не будуць зарэгістраваныя ўладамі, калі палітычныя зняволеныя і кандыдаты не будуць вызваленыя з турмаў, калі людзей на вуліцах будуць пераследаваць і запалохваць, то трэба чакаць санкцый».

Палітык адзначыў, што культурная эліта краіны выступае з крытыкай дзеянняў уладаў, а беларускія блогеры стварылі сапраўдную «сетку супраціву». Кубілюс заклікаў пазначыць пазіцыю ЕЗ трыма пасланнямі:

«Першае - беларусам пра салідарнасць з імі ў іх памкненні да зменаў і пераўтварэнняў;

Другое - беларускай наменклатуры пра тое, што калі пераслед прадоўжыцца, а палітычныя зняволеныя не будуць вызваленыя, то за гэтым рушаць услед санкцыі;

Трэцяе - пасланне самім сабе аб тым, што неабходна прадаўжаць бараніць правы і свабоды суседзяў».

«Варыянт з санкцыямі павінен заставацца адкрытым», - сказаў сталы дакладчык аб Беларусі Пятрас Аўштравічус.

Палітык адзначыў, што грамадская незадаволенасць палітыкай у Беларусі вылілася ў акцыі пратэсту, а беларускі рэжым затрымаўся ў мінулым з яго рэпрэсіямі, запалохваннем і масавымі арыштамі. Ён нагадаў, што супрацоўнікі КДБ займаюцца выкраданнем звычайных людзей, патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Бабарыка і Ціханоўскі ў турме, а апазіцыянер Мікалай Статкевіч, праз 3 гады пасля вызвалення, зноў узяты пад варту, як і Павел Севярынец. На ягоную думку, структуры ЕЗ павінны выпрацаваць выразную стратэгію ўзаемадзеяння з Беларуссю, але таксама павінны быць адкрытыя для дапамогі простым беларусам. На ягоную думку, санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі аслабілі занадта рана. «Жыве Беларусь!» - скончыў выступ Аўштравічус.

У падобным ключы выказаліся дэпутаты Норэберт Нойзер, Карын Карлсбаро, Еўген Томак.

«Неабходны больш моцны адказ», - запатрабаваў Норэберт Нойзер.

«ЕЗ павінен дзейнічаць», - заявіў Еўген Томак.

Дэпутат Юёзас Алекас адзначыў, што 2020 людзі запомняць як год зменаў. Але ў Беларусі перадвыбарчая кампанія суправаджаецца пераследам кандыдатаў і нязгодных, якія выходзяць на вуліцы. Ён мяркуе, што менавіта таму трэба ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, але яны не павінны закрануць простых беларусаў - як, напрыклад, у выпадку магчымасці вучобы ў Еўразвязе.

«ЕЗ павінен узмацніць санкцыі», - заявіў Юёзас Алекас.

«Лукашэнка павінен быць пакараны за свае дзеянні, нельга дазваляць гэтаму прадаўжацца», - сказала Карын Карлсбаро.

У канцы дэбатаў галоўны дыпламат ЕЗ Жазэп Барэль сказаў, што згодзен з ацэнкай сітуацыі ў Беларусі, якая была дадзеная большасцю парламентарыяў і дадаў, што «Рада ЕЗ у замежных справах зоймецца гэтым пытаннем».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках