Як будзем вызваляць нашых лідараў і нашу краіну?
68- 9.07.2020, 14:31
- 61,548
Тры пытанні ад звычайнага беларуса.
Тэлеграм-канал «Баста!» апублікаваў тры пытанні ад звычайнага беларуса да штабоў кандыдатаў у прэзідэнты і да суграмадзянаў:
«У мяне ёсць пару пытанняў, – піша ён. – Магчыма, камусьці будзе не зусім прыемна іх чуць, але пра гэта шмат хто кажа, таму гэтыя пытанні павінны прагучаць публічна.
Пытанні гэтыя – да камандаў Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі, а таксама да іх прыхільнікаў.
Я выходзіў на пратэсты ў сярэдзіне чэрвеня, я ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Такіх, як я, – сотні тысячаў. Месяц-паўтара таму мы пайшлі за нашымі лідарамі, таму што паверылі ў іх, таму што ўбачылі, што ў Сашы сапраўды 3% і яго можна перамагчы, таму што проста ўсё дастала.
У сувязі з гэтым, першае пытанне – да штабоў кандыдатаў у прэзідэнты.
Пасля арыштаў Ціханоўскага і Бабарыкі ад вас не чуваць ні выразнай стратэгіі, ні плану перамогі на гэтых выбарах. Нам не цікавыя ідэі пра "стварэнне партыі", пра "назіранні за фальсіфікацыямі і прад'яўленні выніку гэтага назірання Захаду", пра "рэферэндум", які вы не праведзяце пры дыктатуры. Мы гэта чулі і раней.
Як вы (натуральна з нашым актыўным удзелам) плануеце перамагаць Сашу 9 жніўня?
Другое пытанне – таксама, увогуле, да штабоў.
Ужо не засталося наіўных, якія думаюць, што Саша будзе выконваць законы, а баршчаварка – лічыць галасы. Усе ж разумеюць, што без масавых вулічных пратэстаў наш удзел ці няўдзел у выбарах не мае сэнсу. Чаму вы не клікалі нас на вуліцы, калі арыштавалі Сяргея Леанідавіча і Віктара Дзмітрыевіча? Чаму вы не клікалі нас на вуліцы, калі нашы подпісы выкінулі ў сметніцу? Чаму гэта робяць блогеры, СМІ, актывісты, але не вы?
Ці паклічаце, калі нікога з прыстойных кандыдатаў не зарэгіструюць?
Трэцяе пытанне – галоўнае. І яно не да штабоў і камандаў. Яно да ўсіх нас.
Як мы будзем вызваляць нашых лідараў і нашу краіну?
Падумайце над адказамі. Гэта важна».
Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.