Высокі прадстаўнік ЕЗ: Беларускія ўлады павінны вызваліць усіх затрыманых
13- 9.07.2020, 13:30
- 39,523
Жазэп Барэль заявіў, што Брусэль сочыць за сітуацыяй у Беларусі.
Еўразвяз вельмі занепакоены перашкодамі для працы журналістаў і пераследамі шэрагу апазіцыянераў у Беларусі, асабліва напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў.
"Мы заклікаем выконваць правы чалавека. Мы настойваем у кантактах з беларускім бокам, што нядаўняе развіццё падзей павінна быць спыненае", – сказаў высокі прадстаўнік ЕЗ у замежных справах Жазэп Барэль, выступаючы ў чацвер на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў Брусэлі, паведамляе "Інтэрфакс".
Ён паведаміў, што ЕЗ кантактаваў з уладамі Беларусі з мэтай вызвалення затрыманых у краіне людзей. "Мы будзем уважліва назіраць за выбарамі", – паабяцаў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.
Барэль нагадаў, што Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай праграмы "Усходняе партнёрства", якая выгадная абодвум бакам. Таму ў інтарэсах усіх еўрапейцаў, каб у Беларусі былі палепшаныя дзейныя там некаторыя нормы.
Стасункі Еўразвязу з Беларуссю, адзначыў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ, будуюцца на шэрагу важных прыярытэтаў, якія ўключаюць павагу правоў чалавека. Ён паказаў на неабходнасць большай адкрытасці ЕЗ у дачыненні да Беларусі і прадаўжэнне падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці гэтай краіны. Але гэта, паводле ягоных словаў, павінна быць звязана з пазітыўнымі вынікамі ў Беларусі ў галіне правоў чалавека, асноўных каштоўнасцяў і свабодаў.
Паводле словаў Барэля, развіццё стасункаў "можа быць заснаванае толькі на пазітыўных кроках да дэмакратызацыі, вяршэнства закона, правоў чалавека і фундаментальных свабодаў".
"Прэзідэнцкія выбары будуць вельмі важныя пры планаванні далейшых дзеянняў і вызначэнні нашых стасункаў", – сказаў на заканчэнне вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу.