29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі адбываюцца сур'ёзныя зрухі

3
У Беларусі адбываюцца сур'ёзныя зрухі
Андрус Кубілюс
Фота: 15min.lt

Беларусы хочуць дамагчыся пераменаў і вярнуць краіну да дэмакратыі.

Пакуль Літва гуляе ў цацкі, суседка Беларусь вядзе сапраўдную барацьбу за сваю будучыню. Магло б здацца, што з усіх краін гэта ў першую чаргу павінна цікавіць Літву. Аднак, ні палітыкі, ні шырокая публіка Літвы не выказваюць ні найменшай турботы, у той час як галоўныя апаненты Лукашэнкі становяцца палітвязнямі. Моладзь, якая выходзіць на пратэсты да амбасады ЗША ў рамках руху «Black Lives Matter» («жыцці чорных важныя»), відавочна, не знаходзіць у сабе сіл арганізаваць пратэст яшчэ і ля амбасады Беларусі. А ў гэты час у Беларусі адбываюцца сур'ёзныя зрухі.

Упершыню за 26 гадоў стала цалкам відавочна, што большасць беларусаў стаміліся ад рэжыму Лукашэнкі. Апытанні паказваюць, што 50% рэспандэнтаў хочуць убачыць сур'ёзныя перамены ў краіне, у той час як толькі 30% грамадзян падтрымліваюць лукашэнкаўскую «стабільнасць». Атмасфера ў грамадстве нагадвае перыяд рэфармісцкага руху ў Літве. Вядомыя беларускія рок-гурты прысвячаюць песні барацьбе за перамены, людзі стаяць у чэргах гадзінамі, каб паставіць подпіс у падтрымку апанентаў Лукашэнкі. Вэб-сайты публікуюць інтэрв'ю з простымі беларусамі, якія, у сваю чаргу, адкрыта заяўляюць, што Лукашэнка ім надакучыў, пасля чаго ўладальнікаў гэтых вэб-сайтаў і іх суразмоўцаў валакуць у КДБ Беларусі, і гэтак далей.

Найбольш важны момант - людзі, якія кінулі выклік Лукашэнку ў перадвыбарнай гонцы, ужо ў турме. Гэтак жа, як беларускія блогеры і звычайныя грамадзяне краіны - іх усіх бязлітасна схапілі на вуліцы і адправілі ў турмы. Лукашэнка імкнецца навесці жах на шырокую грамадскасць, але ў яго нічога не атрымліваецца, ён толькі паказвае ўласныя страхі. Ён імкнецца да таго, каб ніводзін патэнцыйны пратэстны лідар не застаўся на волі, каб людзі не змаглі самі арганізаваць маштабны пратэст, але гэтая тактыка не працуе, і ў выніку адбываецца больш пратэстаў.

У найбліжэйшым атачэнні Лукашэнкі, тым часам, усё далёка не спакойна. Нават кіраўнікам сілавых структур трэба будзе вызначыцца: ці захаваць яму лаяльнасць, трапіць пад санкцыі, і ў выніку застацца з ім адным, ці ж пайсці па шляху нарастаючай хвалі пераменаў?

Лукашэнка, спрабуючы прадэманстраваць барацьбу з уплывам Крамля, пачаў штотыдзень сустракацца з Пуціным. Пуцін, з аднаго боку, рады, што Лукашэнка аслаблены і напалоханы. З іншага боку, ён занепакоены тым, што беларускае грамадства не ўтойвае свайго жадання ўбачыць перамены. Таму што гэтыя перамены могуць разбурыць не толькі рэжым Лукашэнкі і сувязі, якія Пуцін і Лукашэнка падтрымліваюць паміж Беларуссю і Расеяй (з якімі Лукашэнка час ад часу дэманстратыўна змагаецца), але і могуць стаць небяспечным прыкладам для расейскай грамадскасці. Нарэшце, калі спакойныя беларусы просяць сур'ёзных пераменаў, хіба звычайныя расейцы не хочуць таго ж самага? Існуе меркаванне, што самыя сур'ёзныя супраціўнікі Лукашэнкі з'яўляюцца стаўленікамі Расеі. Некаторых з іх падрыхтаваў «Газпром», у той час як астатнія - раней невядомыя блогеры або мутныя дарадцы, якія абслугоўваюць Лукашэнку. Відавочна, не варта чакаць, што іх будзе аддзяляць ад Расеі такая ж выразная і ясная рыса, як у Літве ці Украіне.

Аднак, жаданне людзей дамагчыся пераменаў і вярнуцца ў рамкі нармальнага дэмакратычнага праўлення натуральнае і шчырае. Прэзідэнт, абраны такімі людзьмі, не зможа сысці ад абавязацельстваў, прадугледжаных мандатам. Такое волевыяўленне народа сфармуе новага прэзідэнта Беларусі, не падобнага на таго, пад уладай якога яны жылі дагэтуль. Не варта чакаць, што новы прэзідэнт Беларусі імгненна і радыкальна зменіць геапалітычную арыентацыю краіны. Існуе прычына, чаму Бабарыка заяўляе, што Беларусь стане нейтральнай дзяржавай цягам найбліжэйшых 10 гадоў. У кожным выпадку, такія перамены створаць магчымасць больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва з Беларуссю для Еўрапейскага Звязу. У гэтых стасунках Беларусь будзе падобная на Арменію, якая ўклала партнёрскае пагадненне з ЕЗ, і з часам можа прыняць пастанову аб больш глыбокім супрацоўніцтве.

Цалкам магчыма, што перспектыва выхаду Беларусі з крамлёўскай «сяброўскай» манаполіі палохае Пуціна больш за ўсё. Некалькі дзён таму ён зрабіў сур'ёзную заяву аб тым, што з распадам Савецкага Саюза некаторыя з папярэдніх рэспублік пакінулі саюз з большымі тэрыторыямі, чым у іх былі пры стварэнні СССР. Вядомыя расейскія палітолагі мяркуюць, што гэта адкрытае папярэджанне для Беларусі і Казахстана, да якіх Крэмль будзе выстаўляць тэрытарыяльныя прэтэнзіі найбліжэйшым часам. Раней, Пуцін ствараў і рэалізоўваў такія пагрозы ў 2008 годзе ў Грузіі і ў 2014 годзе ва Украіне пасля Януковіча, калі ён адчуваў, што гэтыя дзяржавы выходзяць са сферы ягонага ўплыву. Той факт, што Крэмль выставіў такія тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі, азначае толькі тое, што ён разумее, што намаганні грамадзян Беларусі ў дасягненні пераменаў прывядуць да таго, што Беларусь больш не будзе знаходзіцца пад уплывам выключна Крамля.

Як будуць развівацца падзеі ў Беларусі, пакуль незразумела. Крытычная дата не за гарамі. 14 ліпеня стане вядома, хто з кандыдатаў будзе дапушчаны адміністрацыяй Лукашэнкі для ўдзелу ў так званых выбарах. Ужо было заяўлена, што толькі Цапкала не сабраў неабходную колькасць подпісаў, і такім чынам адзін з патэнцыйных альтэрнатыўных кандыдатаў быў адкінуты. Двое іншых - Бабарыка і Ціханоўскі - ужо ў турме, хоць подпісы, сабраныя за Бабарыку і Святлану Ціханоўскую, былі прызнаныя сапраўднымі. Змены ў Беларусі важныя не толькі для Беларусі. Яны важныя і для Еўропы, і асабліва для Літвы, і дзіўна, што ў Літве гэтаму не надаюць шмат увагі. Магчыма, адсутнічае ўпэўненасць у тым, што гэтыя змены сапраўды адбудуцца. Але поспех гэтага таксама залежыць ад нас, усіх еўрапейцаў і Еўрапейскага парламента.

Наша ўвага і падтрымка для беларускага грамадства ніколі не будзе празмернай, асабліва ўлічваючы той факт, што беларускае грамадства самастойна фінансуе масавую барацьбу з пандэміяй, і цяпер такім жа чынам збірае сродкі для падтрымкі сем'яў новых палітвязняў і выплаты штрафаў пасля грамадзянскіх арыштаў. «За вашу і нашу свабоду» - у XIX стагоддзі гэты лозунг аб'яднаў усе землі былога Вялікага Княства Літоўскага. Нам пашанцавала, бо мы ажыццявілі неабходныя змены ў 1990-х гадах, і цяпер у нас ёсць свабода, якую мы замацавалі пры садзейнічанні ЕЗ і NATO. Гісторыя вызначыла для Беларусі іншую траекторыю. Аднак яны таксама пасталелі, і гэтыя змены адбудуцца! Жыве Беларусь!

Андрус Кубілюс, дэпутат Еўрапарламента, былы прэм'ер-міністр Літвы, 15min.lt

Пераклад - Сharter97.org

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках