У Харватыі праходзяць парламенцкія выбары
- 5.07.2020, 15:49
- 9,378
Удзел у выбарах бярэ больш за 2600 кандыдатаў.
У Харватыі сёння праходзяць парламенцкія выбары. Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на "Балканскі аглядальнік".
Сёння, 5 ліпеня, грамадзяне Харватыі выбіраюць новы склад парламента, які будзе фармаваць новы ўрад і фактычна кіраваць краінай наступныя 4 гады.
Выбары праходзяць паводле прапарцыйнай сістэмы, з 5% бар'ерам для палітычных партый і блокаў. У парламент абіраюць 151 дэпутата. Удзел у іх бяруць 192 спісы палітычных сілаў з больш як 2600 кандыдатамі. Галоўныя ўдзельнікі гонкі:
– Харвацкі дэмакратычны звяз (HDZ) цяперашняга прэм'ер-міністра Андрэя Плянковіча,
– блок Restart на чале з Сацыял-дэмакратычнай партыяй (SDP) з лідарам Даворам Бернадзічам (SDP прадстаўляе цяперашні прэзідэнт краіны Зоран Міланавіч),
– Domovinski pokret (Айчынны рух) спевака Міраслава Шкора,
– цэнтрысцкая партыя "Мост",
– зялёна-левая платформа Možemo!,
– кааліцыя на чале з партыяй Živi zid ("Жывая сцяна").
У Харватыі і ў 42 краінах за мяжой будзе працаваць 6999 выбарчых участкаў, якія адчыняцца а 7 раніцы і зачыняцца а 19 гадзіне вечару.
У сувязі з эпідэміяй каранавірусу, дзейнічаюць захады бяспекі: людзі павінны быць у масках, рэгулярна ажыццяўляць дэзынфекцыю і захоўваць дыстанцыю 1,5 метра. Выбарнікі, якія заходзяць на ўчастак, павінны прадэзынфекаваць рукі. Рэкамендуецца прыходзіць з уласнай шарыкавай асадкай.
Tолькі ў пятніцу канчаткова развязалі пытанне з галасаваннем хворых на каранавірус і людзей з падазрэннем на Covid-19: яны змогуць галасаваць праз давераную асобу паводле спецыяльнай працэдуры.
Нагадаем, 18 траўня дэпутаты парламента Харватыі большасцю галасоў прагаласавалі за самароспуск гэтага склікання.
Прапанову пра роспуск парламента вылучыла кіроўная кааліцыя. Прэм'ер-міністр Харватыі і лідар Харвацкага дэмакратычнага звязу (HDZ) Андрэй Плянковіч мяркуе, што партыя зможа зноў атрымаць падтрымку выбарнікаў і спадзяецца сфармаваць кааліцыю з цяперашнімі партнёрамі.