20 красавiка 2024, Субота, 0:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аліса Сыракваш: Трэба ўводзіць санкцыі супраць лукашэнкаўскай мафіі

15
Аліса Сыракваш: Трэба ўводзіць санкцыі супраць лукашэнкаўскай мафіі

Беларусы блізкія да перамогі.

Сотні акцый салідарнасці з змагарнай Беларуссю праходзяць у гэтыя дні ва ўсім свеце. Сайт Charter97.org пагутарыў з грамадскай актывісткай, якая жыве ў Францыі, Алісай Сыракваш, адной з арганізатарак яркіх і прадстаўнічых акцый у Парыжы.

– Вы былі вымушаныя пакінуць Беларусь з палітычных матываў 16 гадоў таму. Як змянілася краіна і людзі за гэты час? Ці пазнаяце Вы ранейшых беларусаў?

– З моманту, калі я з'ехала ў 2004 годзе, я так і не вярнулася ў Беларусь. Але з таго, што я бачу з навінаў, калі параўноўваць хоць бы з тым жа 2015 годам – розніца вельмі вялікая.

У 2015-м, падчас выбарчай кампаніі, я была здзіўленая, наколькі нават, здавалася б, незалежныя медыя гналі хвалю безвыходнасці. Сёння ў мяне такое пачуццё, што людзі менш шукаюць і чакаюць, што ім дадуць нейкае ўказанне зверху ад палітыкаў ці СМІ. Яны пачынаюць самі выяўляць салідарнасць, адказваць за сябе, выказваць пратэст.

Гэта неверагодна – у параўнанні з той Беларуссю, з якой я з'язджала, якую я бачыла ў навінах і расказах сяброў цягам усіх гэтых гадоў. Тая ж кампанія дапамогі медыкам падчас эпідэміі каранавірусу, якая вельмі згуртавала людзей і падняла хвалю салідарнасці.

Галоўную ролю, вядома, мае інтэрнэт і незалежныя электронныя СМІ. Цяпер людзі могуць глядзець не толькі адзін канал ці чытаць адну газету. Майму дзядулю, напрыклад, амаль 90 гадоў – і ён чытае навіны з інтэрнэту.

– Што Вы адчулі, калі на першыя пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў пачалі выстройвацца кіламетровыя чэргі?

– Гонар. Нават не надзею, а веру ў тое, што беларусы прыйшлі да той запаветнай кропкі. Я заўсёды ганарылася сваім народам, але цяпер беларусы ў той кропцы, у якой зразумелі, што ўлада – гэта яны самі, а не адзін чалавек плюс некалькі тысячаў набліжаных да яго галаварэзаў.

Улада – гэта не дзяржава, а беларусы з усімі сваімі спрэчкамі і салідарнасцю. Людзі зразумелі, з чаго зробленая дзяржава. Яна зробленая з людзей. Ад людзей зыходзіць пастанова, падпарадкоўвацца ці не, у які бок пойдзе дзяржава, на што выдаткоўваць грошы з бюджэту. Гэта ўжо факт: людзі зразумелі, што ўлада ў іх.

– Чаму Вы пастанавілі ўдзельнічаць у арганізацыі акцый салідарнасці з беларусамі ў Парыжы?

– Я ўжо ладзіла акцыі салідарнасці ў Парыжы. У нас вельмі дэмакратычная і гарызантальная структура.

Мы арганізоўваліся ўсе разам, разам жа падавалі ў прэфектуры дакументы. Тут не трэба атрымліваць дазвол на акцыю, дастаткова проста ўзгадніць месца і час. Так што гэта было зроблена сіламі ўсіх людзей, якія прыйшлі на акцыю. Мы ўсе рыхтавалі плакаты, спявалі, пісалі петыцыі. У нас – не «вертыкаль». Мы разам самаарганізаваліся.

– Першы мітынг прайшоў проста каля Эйфелевай вежы. Раскажыце пра Вашы ўражанні. У чым значэнне вашых акцый?

– Сіла нашых акцый у тым, што мы з адкрытым сэрцам кажам «дзякуй!» беларускаму народу, які выходзіць на вуліцы. Для нас, беларусаў за мяжой, гэта адзіная магчымасць дзейнічаць і выказаць сваю падзяку. Гэта дзейнічае ў абодва бакі. Нас гэта таксама робіць больш моцнымі, і мы спадзяемся, што для беларусаў у Беларусі гэта таксама падтрымка.

Цяпер на акцыі беларусаў у Францыі выйшлі людзі, якія ніколі не хадзілі на маніфестацыі. Яны прыехалі альбо на вучобу, альбо на працу і раней былі апалітычнымі. Але сёння тое, што адбываецца ў Беларусі, іх кранула, і яны таксама сталі салідарныя. Я іх не асуджаю за інертнасць у мінулым. Гэта проста цудоўны факт – тое, што і яны пачалі выходзіць.

Мне здаецца, што і ў Беларусі, і за мяжой змяніўся кірунак барацьбы. Тут няма ідэалогіі ці нейкіх відавочных палітычных матываў, а агульныя ідэі свабоды, якія датычацца ўсіх: і «палітычных», і «апалітычных».

– На вашым мітынгу выступіў амбасадар Францыі ў правах чалавека Франсуа Кракет, які ад імя ўрада краіны выказаў падтрымку беларускім дэманстрантам. Ці трэба на падобных акцыях дамагацца ад еўрапейскіх палітыкаў увядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі?

– Я мяркую, што так. Санкцый баяцца. На маю думку, трэба накласці санкцыі на афшорныя рахункі, на інтарэсы лукашэнкаўскай мафіі, на дыпламатычныя стасункі. Але максімальна прадумана, каб гэта не тычылася тых беларусаў, якія цяпер выходзяць на вуліцы. Я не спецыялістка ў санкцыях, але спадзяюся, што еўрапейскія палітыкі прыдумаюць, як гэта зрабіць.

Я за тое, каб беларуская дыяспара кожнай краіны запрашала еўрапейскіх палітыкаў да барацьбы за свабоду ў Беларусі. Нам трэба звяртацца ў міністэрствы замежных справаў нашых краінаў, а таксама ў Еўрапарламент. Таму што сітуацыя ў Беларусі датычыць Еўропы наўпрост. Яны могуць спрыяць таму, каб у нас былі свабодныя выбары і каб мы сталі больш незалежныя ад Расеі. Гэта маё асабістае меркаванне.

– Францыя – радзіма многіх рэвалюцый, якія змянілі ход гісторыі. Ці можна, зыходзячы з французскага досведу, казаць пра рэвалюцыйную сітуацыю ў нашай краіне, пра дух свабоды, які ахапіў людзей?

– Я бачу ў Беларусі той самы дух свабоды, які бачу ў Францыі на многіх маніфестацыях. Тут людзі стагоддзямі нічога не баяцца.

І беларусы таксама перасталі баяцца. Думаю, людзі заразіліся паветрам свабоды і годнасці.

– Каго б з альтэрнатыўных кандыдатаў Вы падтрымалі, калі б жылі ў Беларусі?

– Мне падабаюцца два чалавекі, якія выйшлі на наступны этап гэтай гонкі. Я падтрымала б Святлану Ціханоўскую, таму што ў маіх вачах яна цяпер прэзентуе сапраўдную Беларусь. Так ужо ў нас атрымліваецца, што нашых блізкіх саджаюць, а ты прадаўжаеш за іх змагацца, верыць і ісці па свабоду. Для мяне яна – сімвал Беларусі ў гэтай сітуацыі. Гэта такі ж чалавек, як нашы знаёмыя, з якімі мы ходзім у кавярні або на шопінг. Не палітык, не дыпламат, не буйны бізнэсмэн, а чалавек, з якім многія беларусы могуць сябе асацыяваць.

Таксама мне сімпатычны Віктар Бабарыка. Але гэта маё асабістае меркаванне. Няхай людзі галасуюць, за каго хочуць.

– Так ці інакш, усе пратэставыя кандыдаты сутыкнуліся з неадэкватнай рэакцыяй уладаў. Што, на Вашу думку, трэба рабіць беларусам, каб адстаяць сваіх лідараў і свае галасы, аддадзеныя за іх?

– Я ўжо казала пра санкцыі. Але тут, у Францыі, самыя важныя і самыя буйныя змены былі магчымыя толькі дзякуючы усеагульнаму, усенароднаму страйку. Гэта было абсалютна без крыві, без жорсткасці, без сутычак. Людзі проста не выйшлі на працу. Яны сказалі дзяржаве, што не згодныя з тым, якія ў іх сацыяльныя ўмовы, мінімальны заробак, пенсійны ўзрост, колькі паводле заканадаўства абавязковых вакацый, колькі гадзінаў доўжыцца працоўны дзень. Яны сказалі: «Стоп! Мы ў гэтым не ўдзельнічаем». Я думаю, што гэта аптымальны варыянт і для Беларусі.

Таксама для Беларусі, па-мойму, блізкі варыянт Арменіі, там жа таксама адбылося блакаванне галоўных артэрый забеспячэння дзяржавы.

Я паўтаруся, я супраць таго, каб увесці беларусаў у яшчэ больш глыбокі эканамічны крызіс, я кажу пра тое, што дзяржава павінна належаць людзям, а не нейкаму абстрактнаму «народу». Вы і я. Непадпарадкаванне дзяржаве – гэта галоўны інструмент людзей. Не крывава, без жорсткасці – як усеагульны страйк.

– Вы маладая дзяўчына з еўрапейскім грамадзянствам. Вашым магчымасцям і перспектывам пазайздросцяць многія ў нашай краіне. Чаму Вы прадаўжаеце дамагацца пераменаў для Беларусі?

– Я заўсёды застаюся беларускай. Гэта нікуды не сыходзіць. Я 21 год жыла ў Беларусі і сфармавалася там як чалавек. Гэтая краіна, якую я люблю ўсім сэрцам.

Мне балюча, што я не магу вярнуцца туды ўжо 15 гадоў. У Францыі ў мяне пачалося новае жыццё. Тут у мяне цудоўныя сябры, праца. Я рэалізавала тут усё тое, што хацела рэалізаваць у Беларусі. Гэта вельмі шкада.

Шчыра кажучы, так павярнулася гісторыя, што мне давялося з'ехаць і я не ведаю, ці змагу вярнуцца ў Беларусь, калі яна стане вольнай. Але я беларуска да самых костак і мне хочацца, каб у краіны была такая самая будучыня, як ва ўсіх еўрапейскіх краінах.

Каб у нас была дэмакратыя, перспектывы, каб людзі маглі рэалізавацца, каб была свабода творчасці і свабода палітычных выказванняў. Усё тое, што ёсць у еўрапейцаў!

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках