29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі космас

4
Беларускі космас

Людзі прызналі сваімі ўсе тры нацыянальныя сымбалі — герб, сьцяг і лёзунг «Жыве Беларусь».

Масавыя акцыі салідарнасьці, праведзеныя беларусамі ў дзясятках гарадоў і краін сьвету, у тым ліку ў такіх нязвыклых, як востраў Балі, Кіпр ці Ізраіль, дазваляюць яшчэ раз зрабіць вельмі важную выснову — нацыя беларусаў знаходзіцца ў фінальнай стадыі свайго фармаваньня.

Нацыянальны маніфэст у дзясятках гарадоў сьвету

Насамрэч, апошнія два тыдні — неверагодныя. Гэта адна з маніфэстных кульмінацый беларускай гісторыі найноўшага часу.

Людзі, якія часта па многа гадоў жывуць за мяжой і даўно інтэграваныя ў іншаэтнічныя супольнасьці, а таксама тыя, хто прыехаў туды зусім нядаўна, пільна сочаць за падзеямі на Бацькаўшчыне, перажываюць за яе, востра адчуваюць патрэбу перамен, якія зрабілі б іх родную краіну свабоднай і справядлівай.

Фота: Алесь Карніенка

Гэтыя людзі гавораць на розных мовах, у іх розныя палітычныя густы, яны па-рознаму разумеюць правы чалавека і правы мяншыняў, па-рознаму глядзяць на сьвет і падзеі, якія ў ім цяпер адбываюцца.

Але гэтыя людзі зьнітаваныя і навечна злучаныя ня толькі фактам свайго нараджэньня ў краіне пад назвай Беларусь, але і вострым пачуцьцём адзінства свайго нацыянальнага лёсу.

Фота: Алесь Карніенка

Хто б мог падумаць, што бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоня і вокліч «Жыве Беларусь», усяго праз пару дзесяцігодзьдзяў стануць агульнанацыянальнымі сымбалямі! І што людзі, гледзячы на іх, будуць плакаць ад замілаваньня і вострага пачуцьця салідарнасьці!

Тым ня менш, сёньня гэта — рэальнасьць.

Беларускі зьмест нацыянальнай ідэі

Усе іншыя канцэпцыі, у тым ліку канцэпцыя расейскамоўнай грамадзянскай Беларусі, на нашых вачах цярпіць паразу. Сёньня нават нядаўнія агітатары за расейскую мову як нацыянальную мову беларусаў не рашаюцца ўзьняць голас супраць мовы беларускай. Крытыкаваць беларускую мову, выказвацца супраць яе або дэманстраваць абыякавасьць да яе лёсу — цяпер мавэтон.

Нават тыя, каго беларуская мова ў прынцыпе раздражняе і хто выказваецца супраць яе «насаджэньня», заклікаюць пачаць зь дзяцей — гэта значыць, прызнаюць неабходнасьць яе адраджэньня і патрэбу ў будучыні.

І вось мы бачым ашаламляльную зьяву — без увагі на тое, хто якой мовай гаворыць, людзі безумоўна прызналі сваімі усе тры нацыянальныя сымбалі — герб, сьцяг і лёзунг «Жыве Беларусь».

Фота: Алесь Карніенка

Гэты факт мае мэтафізычны зьмест. Бо за гэтымі трыма сымбалямі стаіць менавіта такая Беларусь, якой яе бачылі каліноўцы і гоманаўцы ХІХ стагодзьдзя і адраджэнцы пачатку ХХ стагодзьдзя — беларуская Беларусь. З адзінай дзяржаўнай беларускай мовай і захаваньнем правоў усіх нацыянальных мяншыняў краіны і іх моваў. Гэтыя сымбалі — як моцны маральны магніт перацягваюць людзей за рубікон — на бок Беларусі Каліноўскага і гоманаўцаў.

Магчыма, прыхільнікі і члены ініцыятыўных групаў некаторых кандыдатаў на гэтых выбарах яшчэ не зусім усьведамляць, што цяпер адбываецца ў беларускім космасе, але вось факт, які паказвае, як адзіная нацыянальная палітычная ідэя, узьнятая ў ХІХ стагодзьдзі газэтамі «Мужыцкая праўда» і «Гоман», прарастае ў нас.

Калі штаб Віктара Бабарыкі заяўляе, што «не люди для государства, а государство для людей», ён можа не ўсьведамляць і ня ведаць, што паўтарае лёзунг Кастуся Каліноўскага. Але тым ня менш паўтарае.

Таму выснова напрошваецца сама сабой. Ня трэба шукаць беларускай нацыянальнай ідэі. Яна даўно знойдзеная. Адзіная альтэрнатыва Лукашэнку — бел-чырвона-белая Беларусь.

Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках