19 красавiка 2024, Пятніца, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Улада ўскосна прызнае, што яна ўжо пацярпела паразу

43
Леанід Судаленка: Улада ўскосна прызнае, што яна ўжо пацярпела паразу
ФОТА: TUT.BY

Навошта чакаць 9 жніўня?

Кожны дзень з'яўляюцца сведчанні таго, што беларусы сталі іншымі, а Лукашэнка канчаткова страціў нават тую мізэрную «падтрымку» 3%, якая стала ягонай візітоўкай. На днях менскія кіроўцы літаральна «асвісталі» картэж «таракана». Флэшмобы салідарнасці штодня паказваюць, наколькі людзям надакучыла гэтая ўлада. У дзясятках гарадоў свету выстройваюцца жывыя ланцугі і праходзяць мітынгі салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду.

Сваю ацэнку сітуацыі ў краіне і пратэставым настроям грамадзянаў у інтэрв'ю Charter97.org даў прававы інспектар Гомельскай вобласці прафесійнага звязу РЭП, вядомы праваабаронца Леанід Судаленка:

– Палітычная кампанія, якая праходзіць падчас «выбараў» 2020 года, выявіла небывалы пратэставы патэнцыял беларусаў. Спачатку людзі станавіліся ў велізарныя чэргі, каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў.

Убачыўшы гэта, улада распачала свайго роду «зачыстку», калі два асноўныя спаборнікі Лукашэнкі апынуліся за кратамі, а трэцяму прад'яўляюць абвінавачанне ў «хабары». Была калісьці Фраў А., цяпер з'явіўся турак Б., які спрабуе абвінаваціць Валерыя Цапкалу ў тым, што той 10 гадоў таму нібыта «ўзяў у яго хабар». Гэта ўсё – дыягназ таго, што адбываецца ў верхніх эшалонах улады.

Што тычыцца нашых людзей, то радуе, што пратэст яшчэ ніколі так не выяўляўся, як цяпер. Мы бачым беларусаў у жывых ланцугах і пікетах па ўсім свеце. Гэта вельмі добра, калі беларуская эміграцыя за мяжой выходзіць на плошчы альбо пад амбасады РБ. Гэта – паказнік таго, што беларусы сталі іншымі, і ўжо дакладна не тая «карусель», пра якую казаў Лукашэнка.

Акрамя звычайных грамадзянаў і беларусаў за мяжой, ідзе хваля падтрымкі ад кіраўніцтва Еўразвязу, еўрадэпутатаў, ААН, міжнародных праваабарончых арганізацый.

Міжнародная салідарнасць вельмі важная для нас. Літаральна на днях вельмі важную заяву зрабілі спецдакладнікі ААН. Яны найбольш дакладна ахарактарызавалі тую сітуацыю, якая склалася ў нас у краіне, і запатрабавалі спыніць пераслед мірных дэманстрантаў.

Цяпер такая міжнародная падтрымка вельмі важная: каб увесь свет убачыў, што насамрэч адбываецца ў Беларусі.

– Як Вы ацэньваеце дзеянні беларускіх праваабаронцаў у гэтай сітуацыі?

– Па-першае, я сябе таксама адношу да групы беларускіх праваабаронцаў. І я вельмі рады за калег, што мы вось так аператыўна змаглі прызнаць палітвязнямі тых людзей, якія кінутыя за краты паводле надуманых абвінавачванняў.

Ні ў кога сёння не выклікае сумневу, што гэтыя палітычныя справы шытыя белымі ніткамі – асабліва пасля заявы Лукашэнкі, што гэта менавіта ён даў каманду на затрыманне Сяргея Ціханоўскага. Ці ёсць у нашай краіне закон? Ці ёсць тут нейкая прэзумпцыя невінаватасці пасля падобнага кшталту заяваў? У імя чаго Лукашэнка робіць такія заявы? Мне цяжка зразумець ягоную логіку. Але ён павінен нарэшце ўразумець: гэта наша з вамі краіна, а не ягоная.

Для рэжыму Лукашэнкі пункт незвароту на сёння ўжо пройдзены. Сёння ён, мабыць, упершыню адчуў, што рэальна можа страціць усё, што стаўкай ягоная ўлада.

Таму вельмі важна, што і «Міжнародная Амністыя» прызнала наяўнасць палітвязняў у краіне. Гэта – першы крок для іх вызвалення. Хіба Еўрапейскі банк дасць крэдыт краіне, дзе ў турмах дзясяткамі знаходзяцца палітычныя зняволеныя? Абсалютна не. Ды і з Расеяй у Лукашэнкі нешта не лепіцца з крэдытамі. Ён цяпер апынуўся ў сапраўды цяжкім становішчы, таму барацьбу за палітвязняў трэба прадаўжаць.

– Што Вы як юрыст скажаце з нагоды апошняга суда над Сяргеем Ціханоўскім?

– Што тычыцца самой працэдуры, то ў нас нельга завочна судзіць чалавека. Гэта з'яўляецца безумоўнай адменай пастановы – нават у беларускай практыцы, нават паводле адміністрацыйнай справы. Таму Ціханоўскаму наладзілі відэаканферэнцыю проста з ІЧУ для таго, каб не было завочнага суда.

Што тычыцца прысуду 15 сутак, то я ўвогуле не разумею, навошта патрэбен быў суд, калі яго сёння трымаюць паводле падазрэння ў «здзяйсненні крымінальнага злачынства». Я не бачу логікі ў дзеяннях уладаў. Ужо само падазрэнне ў «здзяйсненні крымінальнага злачынства» дазваляе трымаць чалавека пад вартай. Так што 15 сутак дакладна не будуць выкананыя, бо праглынуцца ягоным знаходжаннем у ІЧУ. Гэта ўсё проста смешна.

– На судзе Сяргей Ціханоўскі сказаў выдатную фразу: «Беларусы, дзе вашыя тапкі?»

– Так, гэта ўразіла. Думаю, Сяргей хацеў сказаць нам: чаму няма пратэстаў? Вядома, гэта ён быў народным лідарам на самым пачатку, але ж у краіне – мноства прыхільнікаў пераменаў.

А дзе каманда Віктара Бабарыкі? Што яны цяпер робяць? Іх кандыдата, іх лідара, за якога падпісалася паўмільёна беларусаў, таксама кінулі ў турму. Чаму ягоная каманда, за якой такая велізарная колькасць людзей, не выходзіць «з тапкамі» і не маршыруе? Гэтых хлопцаў, якія апынуліся за кратамі, трэба падтрымліваць штодзённа. Навошта чакаць 9 жніўня?

Было б выдатна ўвесь час праводзіць масавыя акцыі салідарнасці. Так, асноўны касцяк пратэставага настрою 2020 года кінуты ў турму. Але што цяпер робяць астатнія беларусы? Сядзяць і чакаюць, што будзе? Не трэба прывязвацца свядомасцю да даты 9 жніўня. 9 жніўня можа нічога і не быць, калі не дзейнічаць ужо цяпер.

Навошта чакаць 9 жніўня, калі ўлада ўжо сёння малюе сваю «карціну алеем»? Так, акцыі стыхійна не ўзнікнуць, іх трэба арганізаваць. Я нават не кажу пра Менск: толькі ў нас у Гомелі блізу 3000 чалавек кожны раз стаяла ў чарзе да пікетаў, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Няўжо гэтыя людзі не змогуць самаарганізавацца пасля арышту лідараў?

– Акрамя масавых акцый на вуліцах, як яшчэ сёння можна змагацца за перамены?

– Для дасягнення гэтай мэты любыя сродкі добрыя. Хтосьці апране майку з надпісам «3%», а хтосьці майку з надпісам «Краіна для жыцця», нехта ў сетках інфармацыю раскідае, нехта выйдзе зноў на вуліцу. Любыя сродкі для гэтага добрыя, каб паказаць, што народ стаміўся і патрабуе зменаў.

– На гэтых выбарах рэакцыя ўладаў на дзеянні палітычных апанентаў апынулася беспрэцэдэнтнай. Чаму так адбылося? Наколькі маюць рацыю тыя аналітыкі, якія, як, напрыклад, дэпутат нямецкага бундэстага кажуць, што эра Лукашэнка скончылася?

– Безумоўна, гэта так і ёсць. Гэтыя выбары, мабыць, першыя, калі ўлада ўскосна прызнае, што яна ўжо пацярпела паразу. На самай справе ў Лукашэнкі зразумелі, што большасць цяпер – супраць яго.

Апошнім часам Лукашэнка зрабіў шмат памылак. Асабліва беларусаў давялі тыя непапулярныя крокі, якія былі ім зробленыя. Паглядзіце на эканамічную сітуацыю: шмат хто быў вымушаны з'ехаць зарабляць за мяжу. Гэта першая ластаўка, калі ў людзей рэзка падаюць прыбыткі.

А ў пачатку года Лукашэнка ўжо пачаў кідацца такімі словамі, як «народзец», абражаць людзей публічна. А як з каранавірусам адбылося, калі ўлады небяспечную хваробу зусім не прызнавалі, дазволілі масавыя мерапрыемствы, людзі пайшлі ў цэрквы? Паднялася хваля эпідэміі. А сёння Лукашэнка кажа, што «мы каранавірус перамаглі», а на самай справе цяпер – самы разгар інфекцыі.

Гэтыя лжывыя паводзіны ўладаў і замоўчванне важнай інфармацыі канчаткова раззлавала людзей. У грамадстве цяпер усё закіпае.

– З нагоды дзяржаўнай хлусні: як Вы пракаментуеце апошнія маніпуляцыі з колькасцю подпісаў, якія правяла Ярмошына?

– Як спецыяліст у галіне права я гляджу на гэта як на крымінальнае злачынства з папярэдняй змовай, здзейсненае групай службовых асобаў. Улады перайшлі мяжу і скаціліся да поўнага прававога бязмежжа. Гэтым пытаннем увогуле павінны займацца пракуратура і Следчы камітэт, а не журналісты.

Не СМІ павінны шукаць адказы на пытанне, чаму Канапацкая на БелАЗе сабрала 8000 подпісаў, калі там усяго працуе 10–12 тысячаў чалавек. Бо нават ярмошынскі ЦВК яе аспрэчыў, у Жодзіне ў яе ўсяго 83 подпісы.

Можна сказаць, што краіна коціцца ў цемру, у якой законы ўвогуле не працуюць. Гэта калі казаць пра дрэннае...

– А калі – пра добрае?

– Абнадзейвае тое, што пратэставыя настроі ў беларусаў на высокім узроўні. Якім чынам народу абараніць свой выбар – гэта ўжо пытанне іншага плану. Я дакладна не ўваходжу ў штабы альтэрнатыўных кандыдатаў і не ведаю, што яны плануюць.

Было б добра, каб у патрэбны момант на вуліцы выйшла шмат людзей. Тады ніякі сілавы варыянт ва ўлады не прайшоў бы.

На маю думку, не трэба чакаць 9 жніўня, паколькі ўжо сёння відавочна, што адбываецца ў краіне.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках