28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі разумеюць, што Лукашэнка - гэта нявыкрутка

17
Чыноўнікі разумеюць, што Лукашэнка - гэта нявыкрутка
Барыс Жаліба

Беларусь мае не эканоміку, а фінансавую піраміду.

Беларускі скарб зазнае не найлепшыя часы. За шэсць месяцаў гэтага года даходная частка нацыянальнага бюджэту страціла 1,8 мільярда рублёў. Ці вялікія гэта страты для скарбу? Сітуацыю вакол беларускага бюджэту для сайту Charter97.org пракаментаваў доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.

- Вядома ж, гэта вялікія страты, лік ідзе на мільярды. Усяму віной - эканамічная сітуацыя ў краіне.

Што напаўняе бюджэт? Першае - гэта падатак на дададзеную вартасць. У нас УБП за паўгода паменшыўся на 9,7%. На другім месцы зазвычай акцызы, але гэта трэба глядзець асобна, што мы страцілі ў іх. Як вядома, акцызы мы маем на алкаголь, тытунёвыя вырабы і бензін.

Што да бензіну, напэўна, страты маем, бо два месяцы нашы нафтаперапрацоўчыя заводы жылі «надгаладзь». Нафты было недастаткова.

Вялікія страты ў замежнай эканамічнай дзейнасці. Мыты, экспартныя ды імпартныя, таксама паступаюць у бюджэт. Статыстыка нам кажа, што экспарт упаў з пачатку года на 20%, імпарт таксама ўпаў.

Усё агулам, улічваючы яшчэ агульны каранакрызіс, прычынілася да таго, што мы не далічыліся 1,8 млрд рублёў. Наш бюджэт стаўся дэфіцытным, і ўрад думае, чым заткнуць гэты прарэх.

На гэтыя мэты пойдуць назапашаныя ў папярэднія гады запасы, якія зазвычай ішлі на рэфінансаванне нашай дзяржаўнай запазычанасці. Міністэрству фінансаў трэба думаць, як нам рэфінансаваць дзяржаўную запазычанасць і замежную, і ўнутраную, і сёлета, і налета.

- Ці адэкватныя папулісцкія захады, на якія ідзе дзяржава ў гэтую выбарчую кампанію?

- Калі склалася такая сітуацыя, то падвышаць заробкі бюджэтнікам, падвышаць пенсіі - ненатуральна. Аднак на выбары, як той казаў, урад кідае ўсё, што толькі можна.

Такія дзеянні могуць быць небяспечныя тым, што дэфіцыт бюджэту будзе паглыбляцца. Недабор даходаў таксама пагоршыцца на фоне незапланаванага росту выдаткаў. Улады будуць шукаць спосабы, як кампенсаваць дэфіцыт.

Натуральна, асноўнай крыніцай будзе замежнае пазычанне, якое ўжо робіцца шляхам размяшчэння аблігацый на еўрапейскім рынку. Такога характару пазыкі будуць і далей.

Унутры краіны Мінфін таксама не будзе адмаўляцца ад размяшчэння сваіх аблігацый, якія купляюць банкі ды насельніцтва. Давядзецца зноў-такі павялічваць дзяржаўную завінавачанасць.

- Ці ёсць сёння магчымасць для рэфінансавання завінавачанасці, калі ўсе прызначаныя на гэта бюджэтныя грошы пайшлі на латанне дзірак?

- Як паказаў досвед размяшчэння дзвюх аблігацыйных пазык на еўрапейскім рынку, знайсці пакупніка не праблема. Гэта замежныя банкі. Аднак гэтыя дзве пазыкі абышліся нам вельмі дарагімі адсоткамі - больш за 6% гадавых. Гэта вельмі дорага. Стандартны адсотак на еўрапейскім рынку - максімум 3% гадавых.

Раз мы маем нізкі фінансавы рэйтынг, калі нашы аблігацыі купляюць, то для нас гэта каштуе ўтрая даражэй.

- Чаму мы ўсе гэтыя 26 гадоў жывем напавер?

- Мы маем не эканоміку, а фінансавую піраміду. Калі мы штогод тры чвэрці запазычанасці рэфінансуюем, то бок бяром новыя крэдыты, каб аддаць старыя, то з гэтай піраміды вельмі цяжка выйсці. У нас не толькі не стабілізуецца дзяржаўная завінавачанасць, яна далей расце. Калі не расце замежная запазычанасць, то расце ўнутраная.

Выйсце з гэтай пасткі адно - больш эфектыўная эканоміка, якую на сёння мы не маем.

- Ці ёсць разуменне сярод чыноўнікаў найвышэйшага эшалона, што мадэль, якую прапанаваў Лукашэнка, завяла краіну ў нявыкрутку?

- Думаю, што ёсць. Як той казаў, не найвышэйшыя чыноўнікі загадваюць, яны толькі выконваюць загады. Яны, безумоўна, усё бачаць і разумеюць.

- Ці былі ў свеце прыклады, калі краіны вырываліся з гэткай пазыковай кабалы?

- Безумоўна. Скажам, Расея разлічылася за свае былыя савецкія пазыкі, але збольшага за кошт экспарту нафты і газу. Калісьці Мэксіка была ўся завінавачаная. Зноў-такі, адкрытае радовішча нафты ў Мэксіканскай затоцы дапамагло выбрацца з вялікіх пазык. Напэўна, найлепшы прыклад - Бразілія, якая ўзняла эфектыўнасць сваёй эканомікі. Яна таксама мела вялікія пазыкі, з якіх яна паволі выходзіла.

Ёсць і адваротныя прыклады. Ёсць шмат краін, у якіх дзяржаўная завінавачанасць перавышае УБП. Калі гэта развітыя эканомікі, то яны даюць рады такім пазыкам. Калі ж такія, як Беларусь, то яны знаходзяцца ў не вельмі выгаднай сітуацыі. Напрыклад, такая невялікая краіна, як Лібан, у сакавіку абвясціла афіцыйны дэфолт. Яны адмовіліся ад выплат на свае аблігацыі, якія падышлі да аплаты. Наколькі я памятаю, у Лібана дзяржаўная завінавачанасць складае 160% УБП. Гэта найгоршы прыклад.

Беларусь могуць выратаваць толькі структурныя рэформы.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках