19 красавiка 2024, Пятніца, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнта Літвы заклікалі ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

7
Прэзідэнта Літвы заклікалі ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
ГІТАНАС НАЎСЕДА
ФОТА: DELFI

Беларусам вельмі патрэбная міжнародная падтрымка.

Сёння беларуская дыяспара ў Літве перадала прэзідэнту Гітанасу Наўседу зварот аб увядзенні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта сайту Сharter97.org паведаміў адзін з лідараў беларусаў Літвы Павел Марыніч. Прыводзім тэкст звароту:

Прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі

Яго правасхадзіцельству Гітанаcу Наўседу

Ваша правасхадзіцельства Спадар Прэзідэнт

Мы беларусы Літвы звяртаемся да Вас з просьбай падтрымкі.

У Беларусі сёння Лукашэнка, які незаконна займае пасаду кіраўніка дзяржавы, развязаў рэпрэсіі супраць народа. Імкнучыся ўсімі сіламі ўтрымаць уладу, узурпатар пазбаўляецца ад сваіх апанентаў, кідаючы іх у турмы і фабрыкуючы супраць іх крымінальныя справы. Усё гэта адбываецца ў перыяд так званых выбараў, якія ў Беларусі ўжо даўно сталі фарсам.

Краіна апынулася сёння ў сітуацыі прававога беззаконня, знішчаюцца апошнія астраўкі асноўных свабодаў. Кандыдаты ў прэзідэнты і чальцы іх каманд, лідары апазіцыі, актывісты і блогеры, якія апынуліся ў турмах, зазнаюць катаванні, утрымліваюцца ў жудасных умовах, якія зневажаюць чалавечую годнасць. Паводле ацэнак, сёння прынамсі 45 чалавек пасаджаныя ў турму паводле палітычных матываў. Улады выкарыстоўваюць неапраўданы гвалт у дачыненні да грамадзян і свядома імкнуцца да яго эскалацыі.

Беларускі і літоўскі народ звязвае шматвекавую агульную гісторыю, культуру, сяброўства і добрасуседства. Мы заўсёды шанавалі дапамогу Літоўскай Рэспублікі ў імкненні беларусаў да незалежнасці, свабоды і дэмакратыі. За гэта Вам вялікі дзякуй!

Сёння нам вельмі патрэбная міжнародная падтрымка, Ваша ўвага да нашай сітуацыі і прынцыповая пазіцыя што да масавых парушэнняў правоў чалавека. Вы можаце істотна дапамагчы спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян у Беларусі.

Заклікаем вас:

Запатрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых паводле палітычных матываў і расследаваць усе выпадкі ўжывання да іх катаванняў

Запатрабаваць спыніць адвольныя затрыманні мірных грамадзян і забяспечыць у Беларусі свабоду слова і сходаў

Запатрабаваць спыніць практыку выкарыстання неапраўданай і залішняй сілы супраць мірных сходаў грамадзян

Запатрабаваць забяспечыць умовы для бесперашкоднай работы незалежнай прэсы

Запатрабаваць неадкладна спыніць блакаванне ў Беларусі незалежных электронных медыяў

Падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі як адзін з найважнейшых элементаў беларускага суверэнітэту і ўстойлівасці, заклікаць кіраўніцтва Беларусі не абмяжоўваць рэгістрацыю НДА і не перашкаджаць іх дзейнасці (у тым ліку зняцце блакады краўдфандынгавых платформаў, такіх як MolaMola);

Заклікаць вярнуць народу Беларусі вольныя выбары, без якіх краіну чакае востры эканамічны і палітычны крызіс

Спыніць палітычную падтрымку рэжыму і кантакты высокага ўзроўню

Спыніць ўсякую фінансавую дапамогу дзяржаўным органам

Спыніць гандлёвыя стасункі з дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Максімальна скараціць і абмежаваць банкаўскія і фінансавыя аперацыі з дзяржаўнымі контрагентамі.

Ужыць захады для замарожвання перамоваў з Беларуссю ў пытаннях, якія цікавяць улады

Публічна падтрымаць рэпрэсаваных грамадзян Беларусі

Узначаліць на ўзроўні ЕЗ аднаўленне санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі і пераслед;

Дамагацца еўрапейскай салідарнасці ў дачыненні да закрыцця небяспечнага праекта Астравецкай АЭС і ўжыць усе захады для забеспячэння таго, каб электраэнэргія, якая выпрацоўваецца станцыяй, не выходзіла на рынак ЕЗ.

Беларусы Літвы. 3 ліпеня 2020, Вільня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках