19 сакавiка 2024, aўторак, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэсты на кожны дзень

10
Пратэсты на кожны дзень
ФОТА: GREENBELARUS.INFO

Можна ўсё!

Ёсць у мяне знаёмая, якая, як і многія гарадскія жыхары, на лета пераязджае на лецішча. А там - не той маштаб флэшмобу, што ў горадзе, асабліва калі хата на ўскрайку садовага таварыства. Бразгочаш рондалямі - пачуюць толькі найбліжэйшыя суседзі, і тыя напэўна падумаюць, што гэта які-небудзь кулінарны фокус. Дык вось, знаёмая прыдумала сваю рэдакцыю флэшмобу. Кожны вечар роўна а сёмай гадзіне яна прэчэплівае да пояса маленькую партатыўную калонку і ідзе на прабежку, уключыўшы «Перемен!».

Яна бегае па ўсім пасёлку з Цоем наперавес, каб гарантавана пачулі ў кожным доме і на кожным пляцы. І для здароўя карысна, і для справы. А часам замест прабежкі садзіцца на ровар, уключае на максімальную гучнасць таго ж Цоя і аб'язджае не толькі свой, але і суседнія садовыя таварыствы. Кажа, і прабежкі, і паездкі на ровары - задавальненне ні з чым не параўнальнае: кіроўцы сігналяць на знак падтрымкі, у дамах пляскаюць, і нават міліцэйская машына паважліва саступіла дарогу.

Знаёмая ўсё робіць правільна. Флэшмоб - гэта не класічная п'еса, у якой нельга адступіць ад тэксту, і не парадак дня партыйнага сходу, а жывы зменлівы арганізм. Негвалтоўны супраціў - гэта бясконцая і бязмежная платформа для творчасці. Тут няма межаў і рамак, начальнікаў і падначаленых, мастацкіх радаў і завізаваных тэкстаў. Тут ёсць творчасць, інтуіцыя, адвага. Мабыць, самым крэатыўным флэшмобам за апошнія гадоў дваццаць быў «плюшавы дэсант». Памятаеце?

Раннім раніцай 4 ліпеня 2012 года з маленькага літоўскага аэрадрома Пацюнай вылецеў лёгкаматорны самалёт, кіраваны швэдскімі пілотамі Томасам Мазэці і Ханай-Лінай Фрэй. У Беларусі іх страхаваў Пэр Кромвэл, які прыехаў незадоўга да таго пад выглядам турыста. Самалёт незаўважаным перасёк літоўска-беларускую мяжу, даляцеў да Менска і вярнуўся назад. Па дарозе швэды скінулі на зямлю амаль тысячу плюшавых медзведзянят, якія трымалі ў лапках маленькія плакаты «Free speech now». Прыгожа, праўда? І ніякага гвалту, і нават намёкаў на яго. Пры гэтым вынік быў фантастычны: Саша тры адсоткі (тады яшчэ было крыху пабольш, кажуць) так спалохаўся плюшавых мядзведзеў, што доўга хаваўся ў бункеры сваёй Астрашыцкай рэзідэнцыі, звальняў памежнікаў і супрацоўнікаў СПА, тузаўся ў сутаргах, пырскаў слінаю, нема крычаў на тэлеэкранах. А сітуацыя ў Беларусі, да якой швэдскія пілоты хацелі прыцягнуць увагу, была на першых палосах сусветных медый.

Дарэчы, швэдская акцыя - гэта ўсяго толькі адзін з 198 метадаў негвалтоўнага супраціву, пра якія пісаў амерыканскі навуковец і грамадскі дзеяч Джын Шарп. Прычым творча перапрацаваны метад. Гэта пункт 12: «Надпісы ў паветры (самалётамі) і на зямлі (узворваннем глебы, пасадкай раслін, камянямі)». Шведскія пілоты, між іншым, вельмі хочуць зноў прыехаць у Беларусь. Спадзяюся, што хутка яны змогуць гэта зрабіць. І напішуць сваім маленькім самалёцікам у паветры «welcome democracy», але гэта будзе ўжо не спосабу негвалтоўнага супраціву, а частка якога-небудзь файнага міжнароднага фестывалю ў новай Беларусі.

Так што няма ніякіх догмаў у негвалтоўным супраціве. Я выдатна разумею, што бываюць розныя людзі і розныя сітуацыі. Хтосьці фізічна не пераносіць гучных гукаў і таму не можа шумець ў рамках Флэшмоба салідарнасці. У кагосьці спіць дома немаўля. У кагосьці хворы блізкі сваяк у суседнім пакоі. 198 спосабаў Джына Шарпа вам у дапамогу. Там і вывешванне сцягоў, і нашэнне сімвалаў, і ўлёткі, супольныя малітвы, і аўтакалоны, і спевы, і байкот, і страйк, і нават маўчанне.

Галоўнае - салідарнасць, а не яе форма. Задача - абазначыць сябе і ўласную пазіцыю, каб для ўсіх астатніх гэта працавала як сістэма распазнання «свой-чужы». Так што можна ўсё. Уключаць музыку і стукаць рондалямі. Выкладваць каменьчыкамі на клумбе каля дома слова «Сыходзь!» і яго варыяцыі. Раздрукоўваць упадабаныя тэксты ці інструкцыі для абыходу блакавання Хартыі і раскідваць па паштовых скрынях суседзяў. Труціць тараканаў ва ўсіх навакольных склепах. Вывешваць у вокнах сцягі. Не забываць пра нацыянальную сімволіку на адзенні, торбах, машынах. Паралізоўваць працу дзяржаўных органаў скаргамі. Фатаграфаваць і выстаўляць у Інтэрнэце фатаграфіі віжоў, псеўдасведак, суддзяў. Падкідваць пантофлі на парог дзяржаўных устаноў. Пісаць лозунгі крэйдай на асфальце (эфектней, вядома, графіці балончыкам на сценах, але крэйдай - абсалютна бяспечна). Расклейваць улёткі на інфармацыйных дошках ля пад'ездаў. Запускаць у неба балонікі з надпісам «Стоп таракан».

Хай усё бурліць - і на зямлі, і ў небе, і на балконах. Няхай наш пратэст будзе бачны. І хай Саша тры адсотка пад гэты фантасмагарычны акампанемент усё глыбей апускаецца ва ўласнае вар'яцтва.

Толькі не думайце, быццам нам усім толькі і застаецца, што бразгатаць посудам і запускаць у неба балонікі. Негвалтоўныя метады Джына Шарпа вельмі разнастайныя. Так што давайце возьмем у звычку кожны дзень здзяйсняць пратэстныя дзеянні. Гэта хутка ўваходзіць у звычку, паверце. І вельмі хутка мы ўсе разам зможам перайсці да пункта №148. Гэта метад, названы адным простым словам: «Паўстанне».

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках