28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Гэта крах сістэмы

25
Леанід Заіка: Гэта крах сістэмы
ЛЕАНІД ЗАІКА
ФОТА: ONLINER.BY

Будзем выпраўляць.

Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў ва ўправу Нацбанка. Кадравыя перастаноўкі адбываюцца на фоне скандалу з «Белгапрамбанкам» і масавага адтоку ўкладаў з беларускіх банкаў. Таксама аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што Нацбанк становіцца ўсё больш і больш згаворлівым у выкананні загадаў зверху.

Сітуацыю ў фінансавым сектары Беларусі для сайта Charter97.org пракаментаваў вядомы эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка.

- Леанід Фёдаравіч, навошта спатрэбіліся перастаноўкі ва ўправе Нацбанка?

- Цяпер горача, трэба рабіць нейкія рухі цела: альбо купацца ў рэчцы, альбо рабіць нейкія захады. У савецкі час была такая штука «прыняць арганізацыйныя захады». Мяняй не мяняй, нічога не зменіцца.

- Варта нагадаць, што ў шасці найбуйнейшых банках таксама прызначылі прадстаўнікоў дзяржавы. Да чаго такія захады?

- Гэта захады для самога Лукашэнкі. Ён цяпер прызначыў адказных на прадпрыемствы, цяпер ён прызначыць кантралёраў у банкі, а потым – у школы і дзіцячыя садкі. Усё кажа пра тое, што гэта крах сістэмы. Мы бачым зусім бессэнсоўны занятак, бо яму засталося зусім няшмат да восеньскіх маразоў.

Дзеянні Лукашэнкі нагадваюць мне сітуацыю падчас пажару ў Маскве ў пазамінулым стагоддзі. Ведаеце, што ў дарэвалюцыйныя часы звычайна людзі выносілі пры пажары? Калі здараецца пажар, людзі паводзяць сябе так, як цяпер сябе вядзе Лукашэнка - неадэкватнасць навідавоку. Часцей за ўсё ратуюцца самавары, а не золата. Адзін мой школьны сябар падчас пажару пабег у дом і вынес партыйны білет, а золата ўсё расплавілася.

Вось і Лукашэнка ратуе самавар, а гэта лішняе. Яму трэба цяпер быць мудрым, радасным, касаваць падаткі, павялічваць дзель бюджэтных месцаў ва ўніверсітэтах, праводзіць нейкія агульнанацыянальныя святы, але ў яго не атрымаецца, ён сваё адпрацаваў.

- Чаму Лукашэнка навешвае на Нацбанк велізарную колькасць нязвыклых для яго функцый?

- Ён не прафесіянал. Рэч у тым, што адзінай задачай Нацбанка з'яўляецца стабільнасць грашовай адзінкі, падтрыманне прапановы грошай. Усё астатняе не ўваходзіць у кола абавязкаў Нацбанка.

У нас ва ўніверсітэце на абароне дысертацый, калі дысертант быў цалкам ганебны, то казалі, што «гэтыя дзеянні навуковай каштоўнасці не маюць». Таму дзеянні Лукашэнкі навуковай каштоўнасці не маюць. Гэта проста дробны падзейны сюжэт.

Прафесіяналы нават спрачацца не будуць. Навошта займацца глупствам і выконваць нязвыклыя для сябе функцыі? Кіраўнік КДБ займаўся вытворчасцю лыжаролераў, вось і выдатна, потым усе «гэбэшнікі» сядуць на гэтыя лыжаролеры і паедуць у Мі-6 у Лондан здавацца ў палон. Гэта ўсё выклікае толькі шкадаванне. Напэўна, Лукашэнку цяжка, лепш бы ён адпачываў. Можа, народ яго неяк больш палюбіў бы.

- Чаму беларусы так масава забіраюць свае ўклады з банкаў?

- Прыток, адток укладаў... Я чытаю гэтыя артыкулы, так званыя фінансавыя аналітыкі прыдумаюць ўсё, што хочаце. Напраўду, калі глядзець на рынак грошай і тавараў, то людзі былі выключаныя з сістэмы спажывання, абсалютна былі ліквідаваныя ўсе паездкі за мяжу. Менавіта таму значна змянілася карціна, звязаная з паводзінамі хатніх гаспадарак, з выдаткамі насельніцтва. Цяпер свет стаў трошкі раскрывацца, натуральна, узрастаюць чакання на будучыню. Можа, куды-небудзь трэба паехаць, таму патрэбныя будуць грошы, валюта.

Што тычыцца няўстойлівасці грашовай сістэмы, у мяне ёсць пару калегаў, якія вельмі непісьменна на гэтую тэму нядаўна выступілі. Кожны прафесійны эканаміст ніколі не будзе ствараць сітуацыю хаатычнага ці запалохвальнага характару, калі гаворка ідзе пра нацыянальную грашовую адзінку. Гэта неспартыўна, такім павінны займацца людзі, якія проста не з'яўляюцца эканамістамі.

Тут я хачу падкрэсліць самае важнае. Спадары беларусы, а таксама дзяўчаты-кандыдаты ў прэзідэнты, працаўнікі штабоў і іншыя, запомніце на перспектыву адну рэч: намаганнямі кітайскага і расейскага ўрада гэтыя дзве вялікія тэрыторыі будуць пазбаўляцца ад даляра. Цяпер ідзе магутная атака на даляр. Расея перастане выкарыстоўваць даляр усюды ва ўнутраных і замежных разліках.

Адзінае шчасце Беларусі - гэта магчымасць пакінуць краіну ў якасці зоны, дзе даляр мае належнае значэнне. Я б на месцы Лукашэнкі стымуляваў яго большае выкарыстанне, каб і расейскія фундатары цягнулі амерыканскую валюту ў Беларусь.

Калі Пуцін надумаў пазбавіцца ад даляра - хай, гэта ягоныя праблемы, а мы будзем даляравай краінай, будзем даваць больш высокія стаўкі за міжнародныя абавязкі. Мы купляем даляры па 6-7% за мяжой, а ў сваіх купляем па 1,5-2%. Гэта глупства. Павел Уладзіміравіч наогул тут зрабіў няправільна. Таму насельніцтва будзе здымаць уклады, калі карціна будзе гаротнай, дастаткова праблемнай, а гэты дым і іншы туман, які насоўваецца, працуе супраць усіх беларусаў. Калі Нацбанк і Калавур, і Лукашэнка будуць далей гэтую завею ўзмацняць, то давядзецца выганяць іх усіх разам.

- Ці падарваў скандал з «Белагзпрамбанкам» і без таго нізкі давер да беларускіх банкаў?

- Давер банкаўскай сістэме ў нашай краіне ніколі не быў высокім. Да пачатку нулявых гадоў банкі працавалі з адмоўнай стаўкай адсоткаў. Яны бралі ў вас грошы, прапівалі, праядалі і давалі на рукі смешныя адсоткі. Яны былі субсідыярнымі ўстановамі.

Давер да банкаў павінен быць дыверсіфікаваным. Калі ты нармальны чалавек, то навошта цягнуць 170 тысяч даляраў у «Белгазпрамбанк» у Менску, калі ты сама грамадзянка Украіны? Яшчэ і ў каморку засунула. Гэта толькі дурань можа зрабіць. Грошы павінны працаваць. У нармальнага спецыяліста гатоўкі наогул няма.

Я гэта кажу без усялякай патэтыкі. Грошы павінны працаваць заўсёды і ўсюды. Японцы стварылі вельмі моцную сістэму яшчэ і з той прычыны, што ў людзей не павінны быць гатовыя грошы. На кожнай вуліцы заўсёды было два-тры аддзяленні банка альбо інвестыцыйнай кампаніі, дзе чалавек заўсёды мог аддаць свае грошы ў працу.

У мяне была банкірка, якая хадзіла на працу і пабудавала дарагую кватэру. Я ёй кажу, навошта табе хадзіць на працу, калі можаш здаваць гэтую кватэру і жыць добра. Прайшоў месяц і яна мне кажа, што здала кватэру за 1 700 даляраў і зразумела, што можна жыць і так. Яна адразу пачала будаваць другую кватэру, якую таксама здала ў арэнду.

- Ці ёсць небяспека таго, што «ручны Нацбанк» будзе на загад зверху ўключаць друкарскі станок?

- Гэта само сабой. Рэч у тым, што я даўно ведаю Паўла Калавура. Пры ўсёй павазе, ён не такі моцны баец. Ён прапусціць удар, галаву схіліць, няма ў яго партнёраў.

Калі ўлады кажуць, што ўрад кіруе банкам, і што банк павінен клапаціцца пра дабрабыт беларусаў, то яны нясуць лухту. Іх альбо трэба пасадзіць за парту, альбо трэба, каб у Нацбанку быў моцны лідар, які можа гаварыць: «Не, гэта няправільна.

Так што, хлопцы, спыніце гэтае дурноцце з банкаўскай сістэмай. Можаце пашыхтаваць дырэктараў банкаў і хай раз на тыдзень яны катаюцца на роварах каля рэзідэнцыі, а Лукашэнка будзе глядзець, колькі іх прыехала. Можаце рабіць усякае дурноцце, але грашовая сістэма павінна быць самай кансерватыўнай і ўстойлівай. Можа падарвацца нейкая ракетная база, могуць праваліцца ў рэчку 50 танкаў, але грашовая сістэма не павінна правальвацца ў раку і слухаць дурняў. Таму трэба іх вучыць. Аднак у іх у адміністрацыі адная спадарыня была спецыялісткай у водазабеспячэнні, генерал КДБ быў проста метадыстам на кафедры, прэм'ер-міністр умее гандляваць зброяй. Дзе там прафесіяналы? Гэтых навыкаў замала.

Атрымліваецца, што нам давядзецца выпраўляць ўсе, што сёння робіць Лукашэнка. Будзем выпраўляць!

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках