28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як рэальна выглядалі інсэкты эпохі дыназаўраў

4
Навукоўцы высветлілі, як рэальна выглядалі інсэкты эпохі дыназаўраў
ФОТА: NANJING INSTITUTE OF GEOLOGY AND PALAEONTOLOGY OF THE CHINESE ACADEMY OF SCIENCES

Геолагі і палеантолагі здолелі аднавіць праўдзівы колер інсэктаў узросту 99 мільёнаў гадоў.

Даследчая група з Нанкінскага інстытута геалогіі і палеанталогіі (NIGPAS) пры дапамозе электроннага мікраскопа здолела аднавіць праўдзівы колер насякомых, знойдзеных у бурштыне ўзростам 99 мільёнаў гадоў, піша rg.ru.

Аб адкрыцці паведаміла Кітайская акадэмія навук, а цалкам працу можна знайсці ў часопісе Proceedings of the Royal Society B. Прырода заўсёды была поўная фарбаў. Аднак застылыя ў бурштыне старажытныя інсэкты часцяком маюць аднолькавы бляклы жаўтлява-карычневы колер, а яскрава афарбаваныя сустракаюцца вельмі рэдка. Таму рэканструкцыя ў многіх выпадках з'яўляецца плёнам уяўлення мастакоў.

Новае даследаванне даслоўна дазволіла зірнуць у праўдзівых колерах на насякомых, якія суіснавалі з дыназаўрамі ў крэйдавых трапічных лясах. Усяго было вывучана 35 кавалачкаў бурштыну з застылымі ў іх рознакаляровымі інсэктамі, знойдзенымі на поўначы М'янмы.

Гэты набор уключае ў сябе застылых у смале вос-зязюль з блакітна-зялёнымі, жоўта-зялёнымі, пурпурна-сінімі і зялёнымі колерамі на галаве, тулаве і лапках. Таксама даследнікі выявілі сініх і фіялетавых жукоў і цёмна-зялёную муху.

"Тып колеру, які захоўваецца ў бурштынавых закамянеласцях, называецца структурным колерам, - кажа суаўтар даследавання Пан Янонг. - Гэта абумоўленае мікраскапічнай структурай паверхні кузуркі. Яна рассейвае святло з пэўнай даўжынёй хвалі і вырабляе вельмі інтэнсіўныя колеры. Гэты ж механізм адказвае за многія колеры, якія мы назіраем у нашым паўсядзённым жыцці".

ФОТА: ROYALSOCIETYPUBLISHING.ORG

Каб зразумець, як і чаму колер захоўваецца ў адных кавалачках бурштыну, але не захоўваецца ў іншых, навукоўцы выкарыстоўвалі алмазны нож. Яны таксама хацелі зразумець, ці супадаюць колеры, якія мы бачым у закамянеласці сёння, з рэальнай афарбоўкай насякомых 99 мільёнаў гадоў таму.

Пры дапамозе алмазнага нажа навукоўцы здолелі разрэзаць экзашкілет у дзвюх старажытных вос-зязюль. Далей быў выкарыстаны электронны мікраскоп. Аналіз паказаў, што нанаструктура экзашкілета вельмі добра захавалася і прадаўжае рассейваць святло. Гэта сведчыць аб тым, што назіраныя цяпер колеры як мінімум вельмі блізкія да рэальных.

Даследаванне таксама давяло, што ў крэйдавы перыяд афарбоўка служыла кузуркам камуфляжам, як часцяком служыць ім і ў нашы дні. Напрыклад, старажытныя восы-зязюлі былі паразітамі, якія адкладалі яйкі ў гнёзды не звязаных з імі сваяцтвам пчол і звычайных восаў. Менавіта афарбоўка дазваляла ім заставацца пры гэтым незаўважанымі.

Даследаванне будзе прадоўжанае. Навукоўцы не выключаюць, што ў старажытнасці колеры для насякомых адыгрывалі і іншыя ролі, акрамя маскіроўкі, напрыклад, дапамагалі тэрмарэгуляцыі арганізма.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках