26 красавiка 2024, Пятніца, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Няпомняшчых: Для Лукашэнкі ўжо надышла развязка

24
Уладзімір Няпомняшчых: Для Лукашэнкі ўжо надышла развязка
ФОТА: GAZETABY.COM

Лёс Беларусі цяпер будзе вызначацца не на «выбарах», а на вуліцы.

14 ліпеня ЦВК на чале з Ярмошынай не зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты і Валерыя Цапкалу і найбольш моцнага апанента Лукашэнкі Віктара Бабарыку.

Увечары таго ж дня тысячы людзей па ўсёй краіне выйшлі на мірныя акцыі пратэсту.

Новую сітуацыю ў Беларусі для Charter97.org пракаментаваў вядомы актывіст апазіцыі з Гомеля, былы супрацоўнік міліцыі Уладзімір Няпомняшчых, які стаў у цяперашняй кампаніі кандыдатам пратэсту.

- Нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы - гэта ўчынак баязліўца. Лукашэнка на 100% баіцца. Гэта не дзіўна: нервовыя паторгванні баязліўца былі бачныя яшчэ з самага пачатку выбарчай кампаніі, калі людзі па ўсёй краіне пачалі стаяць у кіламетровых чэргах да Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы. Баязлівасць і страх за свой лёс - вось што абвясціў ад імя Лукашэнкі ярмошынская ЦВК.

Ведаеце, я яшчэ раз пераканаўся, што ў дзеяннях гэтага чалавека не засталося нічога мужчынскага і нічога адэкватнага. Ён цалкам з’ехаў з глузду. Ён цяпер кідаецца, як паранены звер, з боку ў бок і не ведае, што яму рабіць.

Асобная размова пра тое, што Святлану Ціханоўскую зарэгістравалі, але пры гэтым ейнага мужа трымаюць у закладніках у СІЗА і ўжо ў трэці раз кінулі ў карцэр. Ці можа нармальны чалавек так сябе паводзіць, так здзекавацца з жанчыны?

Гэта можна растлумачыць толькі ягонай неадэкватнасцю і тым, што пацыента даўно трэба лячыць. Строга кажучы, яму трэба прызначыць кваліфікаваную экспэртызу. Калі чалавек хворы, то яго трэба лячыць. А калі ён не хворы і разумее, што робіць - значыць, яго трэба судзіць.

Можа, камусьці падасца, што я строга кажу, але для самога ж Лукашэнкі і ягонай сям'і будзе лепш, калі ён цяпер спыніцца і ўключыць мазгі.

- Вы кажаце - уключыць мазгі... Ці магчыма гэта?

- Для Лукашэнкі самым лепшым варыянтам было б неадкладна звольніць Ярмошыну - адразу пасля ганебнага пасяджэння ЦВК. Потым хуценька сабраць усе свае валізкі, забраць сям'ю, сесці ў самалёт і тэрмінова вылецець у Венесуэлу або ў Паўночную Карэю. Гэта быў бы самы лепшы для яго варыянт, які б паказаў: мазгі яшчэ ўключаюцца.

Пры ўсіх іншых варыянтах Лукашэнка саступае. Разумееце, ён цяпер загнаў сябе ў такое становішча, што ўсё, што ні зробіць, толькі пагаршае ягоныя шанцы. Фактычна, для яго ўжо наступіла развязка: яго ніхто не ўратуе. І дурную канцоўку гэтай гісторыі - вось жа іронія - агучыла «верная» Ярмошына. Калі Лукашэнка з яе дапамогай сябе зноў перапрызначыць, то гэта скончыцца для яго трагедыяй.

- Можа, адсюль і такая нэрвовая рэакцыя на моцных канкурэнтаў?

- Я думаю, так. Небарака так перахваляваўся праз абуджэнне беларусаў, што ў яго нешта стала з галавой на гэтай глебе. Калі яго хоць хтосьці падтрымліваў, ён так не нерваваўся, а цяпер, калі ўжо і менш за 3%, ён едзе з глузду.

Народ яму цяпер кажа: уставай і сыходзь. Не трэба бегаць за праўдай, дастаткова вызірнуць на вуліцы і паглядзець, якія чэргі стаялі за іншых кандыдатаў і колькі людзей выйшла пасля іх нерэгістрацыі. Так што хай Лукашэнка збіраецца і сыходзіць, а не лезе, як жаба на корч. Што б Лукашэнка ні зрабіў, гэта ўжо яго не ўратуе. Вы толькі паглядзіце, якая абстаноўка ў краіне!

- Што вы, як кандыдат пратэсту, прапануеце рабіць у гэтай сітуацыі?

- Лёс Беларусі цяпер будзе вызначацца не на «выбарах», а на вуліцы. Якія гэта «выбары»? «Выбары-дурыбары», гульня шарлатанаў у напарстак з народам. Толькі Плошча і мірны выхад людзей на пратэсты усё вызначаць.

Падабаецца нам гэта ці не, але народ павінен разумець, што па-іншаму усю ўладу ў Беларусі змяніць немагчыма. У нас перад вачыма ёсць жывы прыклад паспяховы прыклад мірных вулічных пратэстаў - Арменія, дзе зусім нядаўна адбылася змена ўлады. Нас павінна выйсці досыць шмат. Можа, для пачатку 3-5% беларусаў. Вядома, лепш 5-10%, а калі нас у адзін момант выйдзе 15% - то Лукашэнка ўцячэ адразу.

Зараз, калі Лукашэнка стаптаў Канстытуцыю, народ мае права выходзіць і выказваць сваю незадаволенасць. Улада ў краіне, дарэчы, належыць не яму і яго бандзе, а народу. Так кажа Канстытуцыя. Мы ўжо дакладна далі зразумець Лукашэнку, што ён павінен сысці. Таму хай спакойна, без пены з роту, гэта зробіць. Так будзе лепш і для яго, і для Беларусі.

- Вы ўжо казалі, што лёс Лукашэнкі вызначыць трыбунал...

- І ён з кожным днём становіцца бліжэй да трыбуналу.

Судзіць яго будуць у кожным выпадку. Рана ці позна, завочна або ўжывую, жывога ці мёртвага. Людзям трэба паказаць, хто ёсць хто. Тыя, хто атрымлівалі ад яго загады, таксама будуць даваць сведчанні. Думаю, што яны наперадзе ўсіх будуць бегчы, каб распавесці ўсё і менш для сябе атрымаць.

Але ў яго ёсць яшчэ магчымасць развярнуцца і пайсці ў іншы бок. Хай збярэ рэшткі розуму, паглядзіць, як людзі выходзяць супраць яго і тэрмінова здымаецца з «выбараў».

Усім нашым цудоўным людзям, хто хоча перамен, але яшчэ чамусьці не выходзіў на вулічныя акцыі, я хачу сёння сказаць: годзе «ваяваць» на канапе, давайце ўсе разам супраціўляцца. Час ужо пераходзіць да нармальнага жыцця ў Беларусі, каб была дэмакратыя, незалежныя суды, павага ўлады да людзей. Каб не мы працавалі на ўладу, а ўлада працавала на нас. За Беларусь без Лукашэнкі! Годзе! Даняў! Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках