19 красавiка 2024, Пятніца, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Азербайджан паведаміў аб гібелі генерала і палкоўніка на мяжы з Арменіяй

2
Азербайджан паведаміў аб гібелі генерала і палкоўніка на мяжы з Арменіяй

Пры ўзброеных сутыкненнях на мяжы дзвюх краін загінулі двое высокапастаўленых азербайджанскіх вайскоўцаў.

Намеснік міністра абароны Азербайджана Керым Веліеў заявіў пра гібель двух высокапастаўленых азербайджанскіх вайскоўцаў у выніку абстрэлаў на мяжы з Арменіяй, піша РБК.

«Сёння раніцай гераічна загінулі падчас баёў генерал-маёр Гашымаў Палад і палкоўнік Ільгар Мірзаеў», - паведаміў Веліеў.

Ваенныя дзеянні цяпер прадаўжаюцца. «На жаль, баі не бываюць без страт. Ад імя кіраўніцтва Міністэрства абароны выказваю спачуванні ў сувязі з гібеллю вайскоўцаў. Запэўніваю вас, кроў нашых шахідаў і параненых не застанецца не адпомшчанай», - заявіў Веліеў.

Сутыкненні паміж войскамі дзвюх рэспублік у Тавусскім раёне на паўночным захадзе Азербайджана пачаліся 12 ліпеня. Мінабароны Азербайджана заявіла, што Арменія груба парушыла рэжым спынення агню і абстраляла азербайджанскія пазіцыі з артылерыі. Са звестак міністэрства, страты панеслі абодва бакі.

Мінабароны Арменіі заявіла, што група азербайджанскіх жаўнераў без бачных прычын на грузавіку «УАЗ» спрабавала перасекчы мяжу краіны. Пасля папераджальнага агню з армянскага боку вайскоўцы кінулі аўтамабіль і вярнуліся на свае пазіцыі, але неўзабаве пачалі артылерыйскі абстрэл і «паўтарылі спробу захапіць апорны пункт». Са звестак установы, армянскія часткі не пацярпелі, а азербайджанцы панеслі страты.

13 ліпеня абодва бакі паведамілі аб паўторным абстрэле. Са слоў прэс-сакратаркі Мінабароны Арменіі Шушан Сцепанян, пасля двух-трохгадзіннага перапынку азербайджанскія вайскоўцы аднавілі абстрэл, на які быў дадзены «супамерны адказ». Паводле інфармацыі Баку, азербайджанскі бок з дапамогай артылерыі, мінамётаў і танкаў знішчыў армянскі апорны пункт, вайсковую тэхніку, былі страты і сярод жаўнераў.

Да спынення ўзброенага сутыкнення заклікаў Еўрапейскі Звяз. «Гэта сур'ёзнае парушэнне рэжыму спынення агню падкрэслівае жыццёвую неабходнасць аднаўлення маніторынгу АБСЕ на месцах, як толькі дазволяць умовы», - гаворыцца ў заяве Еўрапейскай замежнапалітычнай службы. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш запатрабаваў у Арменіі і Азербайджана неадкладна спыніць баявыя дзеянні.

Канфлікт паміж дзвюма краінамі пачаўся пасля распаду СССР. Прычынай стала тэрыторыя Нагорнага Карабаха, дзе ў асноўным пражываюць армяне, і ў 1991 годзе рэгіён абвясціў аб незалежнасці ад Баку. У 1992-1994 гадах Азербайджан спрабаваў вярнуць гэты рэгіён, але ў выніку бакі дамовіліся падтрымліваць рэжым спынення агню, які неаднаразова парушаўся.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках