18 красавiка 2024, Чацвер, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пайшла лавіна»: чаму ўзбунтаваўся Хабараўск

11
«Пайшла лавіна»: чаму ўзбунтаваўся Хабараўск
ФОТА: ДЗМІТРЫЙ МАРГУЛІС/ТАСС

«Фургалтэйт» стаў трывожным званочкам для расейскай улады.

У Хабараўскам краі не сунімаюцца мітынгі супраць пераследу губернатара Сяргея Фургала, які абвінавачваецца ў забойствах 15-гадовай даўніны. Паводле розных звестак, на акцыі выходзяць ад 20 да 50 тысяч мясцовых жыхароў. Пратэстоўцы патрабуюць не толькі адпусціць чыноўніка, але гучыць і другая позва, у тым ліку вельмі апазіцыйная, піша «Росбалт».

Канстанцін Калачоў, кіраўнік “Палітычнай экспэртнай групы”:

“У Хабараўскім краі і іншых рэгіёнах традыцыйна не занадта задаволеныя пазіцыяй федэральнага цэнтра. Людзей хвалюе тое, як тэлевізійная карцінка і даклады палітычнага прадстаўніка разыходзяцца з рэальнасцю. А тэму Далёкага Усходу "раздзімалі" доўга і шмат, падавалі яго як вітрыну дасягненняў рэжыму з найлепшым бізнэс-кліматам, перадавымі тэхналогіямі і тэрыторыямі апераджальнага развіцця. Фактычна мы маем дэпапуляцыю, нізкае сацыяльнае самаадчуванне, адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні, пастаяннае параўнанне з сітуацыяй у Кітаі і Паўднёвай Карэі - і не на карысць расейскага Далёкага Усходу.

Да таго ж моцныя ўяўленні, што федэральны цэнтр выцягвае ўсе рэсурсы і нічога не дае наўзамен, гэта крыўдзіць насельніцтва, хоць я і не згодзен з такім сцвярджэннем. Далёкі Усход усё ж такі датацыйны. Але рэгіёны хочуць альбо пашырэння сваіх правоў, бо ў іх напраўду ёсць магчымасці для развіцця, альбо поўнага патэрналізму. Атрымліваецца ж, што ні ў горадзе Багдан, ні ў сяле Селіфан, ні жук ні жаба - ні тое ні сёе.

Апазіцыя паспрабавала асядлаць пратэсты і ўвайсці ў іх са сваімі лозунгамі, напрыклад, супраць Пуціна. Аднак большасць мітынгоўцаў выйшлі, каб падтрымаць Фургала, - і менавіта дзеля гэтага. Гэта спроба дастукацца да Масквы і да прэзідэнта. Надзея памірае апошняй. Галоўнае, не памерці раней за яе.

Цяпер перад федэральным цэнтрам стаіць пытанне, як бы не памыліцца з кандыдатурай выканаўцы абавязкаў, каб яго абралі пераканаўча, а не з намаляванымі лічбамі. Відавочна, калі пратэстныя настроі не зменяцца, то жыхары Хабараўскага краю могуць пракаціць партыю ўлады і на федэральных выбарах 2021 года".

Эла Панеях, кандыдатка сацыялагічных навук:

«Скажам шчыра, Фургала - ніякі не палымяны апазіцыянер. Гэта прадстаўнік ЛДПР, які ішоў на выбары ў якасці спойлера, і людзі прагаласавалі за яго паводле прынцыпу "хто хочаце, акрамя тых, каго навязвае Масква". Аднак з часам ён пачаў паводзіць сябе так, як уласціва рэальным палітыкам, залежным ад выбарцаў. І ён многае зрабіў з таго, што не маглі сталічныя прызначэнцы. Таму людзі і выйшлі абараняць Фургала. Іх абурыла, што абранага губернатара здымаюць з пасады інакш, чым праз такое ж дэмакратычнае галасаванне.

На Далёкім Усходзе агулам моцныя апазіцыйныя настроі, але такія мітынгі - не тутэйшая спецыфіка. Гэта, магчыма, адбылося б у кожным іншым расейскім рэгіёне, калі б грамадзянам далі магчымасць свабодна выбіраць тых, каго яны хочуць. Пры гэтым акцыі накшталт хабараўскіх яшчэ некалькі гадоў назад нельга было б уявіць. "Адзіная Расея" тады яшчэ не страціла папулярнасці, палітычны брэнд партыі яшчэ не стаў настолькі таксічным, каб заахвоціць людзей да пратэстнага галасавання і выхаду на вуліцы».

Кацярына Калеснікава, дырэктарка экспэртна-аналітычнага цэнтра “Паўночны-Захад”, сацыяльны тэхнолаг:

“Усялякі вулічны пратэст - трывожны званочак для ўлады. Акцыя ж такога маштабу, ды яшчэ ў рэгіёне, дзе такога не было ніколі, - гэта проста “ўдар у звон”. Аперацыя “Фургалгэйт” выклікала такі рэзананс таму, што ён сапраўды быў губернатарам, абраным ад народа, і захоўваў высокія рэйтынгі. Насельніцтва, якое даверылася яму, не памылілася. А цяпер у іх зноў адабралі надзею на шчаслівае заўтра.

Гэта вонкавая абалонка пратэсту.

Цяпер пра ядро. Я не веру ў тое, што гэтыя акцыі не былі першапачаткова пастановачнымі і добра арганізаванымі камандай Фургала, а таксама, магчыма, прадстаўнікамі палітычнага прадстаўніцтва Далёкаўсходняй федэральнай акругі. Наш народ проста так на вуліцу не выведзеш. Таму апошнія вулічныя пратэсты - гэта адназначна тэхналагічныя акцыі. Каму яны выгадныя? Мясцовым элітам, якія за Фургалам аб'ядналіся вакол ЛДПР і зрабілі “Адзіную Расею” апазіцыйнай сілай.

Я не бяруся прагназаваць зыход крымінальнага расследавання. Але не думаю, што праваахоўнікі, распачалі справу паводле такіх сур'ёзных артыкулаў, гатовыя будуць выдыгаць перад насельніцтвам Хабараўска.

Мяркую з палітычнага пункту гледжання. Арышт Фургала абсалютна нявыгадны Крамлю. Да адзінага дня галасавання два месяцы. Зусім нядаўна мы прынялі папраўкі да Канстытуцыі, якія гарантуюць трываласць і непахіснасць дэмакратычных прынцыпаў у Расеі. І тут такое - пад удар цяпер трапляюць усе выканаўцы абавязкаў, якім трэба быць выбраным у верасні, а таксама кандыдаты ад "Адзінай Расеі", якія вылучаюцца на розныя ўзроўні заканадаўчай улады. Рэгіянальныя эліты, калі ў іх выстарчыць на тое палітычнай волі, цяпер паспрабуюць мабілізаваць апазіцыйныя мясцовыя сілы і актыў, каб паўтарыць і “Прыморскі сіндром” і “Вы хочаце як у Хакасіі?”. І, вядома, Крамлю давядзецца ўвязвацца ў гэта супрацьстаянне”.

Дзмітрый Салоннікаў, дырэктар Інстытута сучаснага дзяржаўнага развіцця:

«Пратэсты ў Хабараўскім краі ўпісваюцца ў агульны шэраг падзей, калі федэральны цэнтр досыць непісьменна стараецца правесці свае пастановы ў рэгіёнах. Успомнім сітуацыю з “Шыесам” ці, напрыклад, планы аб'яднаць Ненецкую аўтаномную акругу і Архангельскую вобласць. Кожны асобны праект, можа быць, і не зусім дрэнны. Калі правільна падаваць, то можа і стрэліць. Але кожны раз у мясцовых жыхароў узнікае адчуванне, што за іх усё вызначылі, і то праўда: нікому нічога не патлумачылі і гутаркі не правялі.

Прэтэнзія звязаная не толькі з Фургалом, які, на мой погляд, не карыстаецца такой ужо ўсеагульнай любоўю і быў абраны хутчэй насуперак. І ўсё ж выклікае здзіўленне, калі губернатара, у якога складаныя стасункі з федэральным цэнтрам, арыштоўваюць, вязуць у Маскву і зноў нічога не тлумачаць.

Што за арганізацыя забойстваў? Наколькі рэальныя абвінавачванні? А ці не прайшлі тэрміны даўніны? Насельніцтва паставілі перад фактам - да пабачэння, разыходзьцеся, што і выклікала пратэсты. Усё гэта на фоне росту напружанасці ў грамадстве і эканамічнай абстаноўкі. Спускавы кручок спрацаваў, пайшла лавіна!”.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках