20 красавiка 2024, Субота, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Думалі, канец свету»: як стыхія абрынулася на Маларыцкі раён

2
«Думалі, канец свету»: як стыхія абрынулася на Маларыцкі раён
ФОТА: TUT.BY

Па захадзе Берасцейскай вобласці прайшоў наймацнейшы навальнічны фронт.

Вечарам 6 ліпеня навальнічны фронт абрынуўся на захад Берасцейскай вобласці. Вецер парывамі да 16 м/с зрываў дахі, абрываў правады і валіў дрэвы. Больш за ўсіх дасталася Маларыцкаму раёну. Чацвёрты дзень тут змагаюцца з наступствамі непагадзі. Мясцовыя латаюць дахі сваіх дамоў, рабочыя аднаўляюць званіцы ў вёсцы Пажэжын, леснікі, камунальнікі і ратавальнікі разграбалі буралом і ветравалы, піша tut.by.

ФОТА: TUT.BY

Мінулы навальнічны фронт у Маларыцкім раёне называюць самым моцным за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў. Мясцовыя ўспамінаюць, што ў 2006 годзе тут «ужо праходзіў ураган», але ён быў у разы слабейшым за цяперашні. Тады праз моцны вецер давялося правесці суцэльныя санітарныя рубкі на 20 гектарах лесу. Гэтым разам - на сямідзесяці.

ФОТА: TUT.BY

Ліквідацыяй наступстваў непагадзі спецыялісты Маларыцкага лясгаса займаюцца чацвёрты дзень.

- Адразу ж пасля ўрагану мы пачалі прыбіраць дрэвы з дарог. Зараз працуем тут. У гэтыя выхадныя правядзём суботнік, дапаможам з распілоўкай паваленых дрэў у школе ў Велікарыты, - галоўны ляснічы Маларыцкага лясгаса Васіль Пятручык.

ФОТА: TUT.BY

У наваколлі Велікарыты вецер «выкасілі» цэлыя ўчасткі лесу і парк за мясцовай школай. Паваленыя дрэвы падалі на трасу Р17 Берасце - Макраны - мяжа Украіны і вясковыя могілкі. Моцны вецер зрываў дахі дамоў, гнуў дарожныя знакі, абрываў правады. У аднаго з вяскоўцаў частка гаража абвалілася прама на прыпаркаваны мікрааўтобус.

- На бураломе цяжка працаваць. Я пабываў шмат дзе: Целяханы, Смалявічы, Бярэзіна, але такога маштабу яшчэ не бачыў, - распавёў вальшчык лесу з 16-гадовым стажам Андрэй Федарук.

Велікарытчане на лёс не скардзяцца, адзначаючы, што ім дасталася куды менш, чым суседняму Пажэжыну.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

«Цуд, што гэты купал не ўпаў на дах царквы»

У вёсцы Пажэжын пра вечар панядзелка дагэтуль узгадваюць з уздрыгам.

- Думалі, што канец свету, - кажуць мясцовыя.

Ад моцнага ветру пацярпелі дзясяткі падворкаў.

ФОТА: TUT.BY

- Спачатку наляцеў моцны вецер, - успамінае стараста вёскі Аляксандр, - Потым дождж абрынуўся. Ліло суцэльным патокам, як з вядра - нічога не відаць. Шмат дамоў пацярпела і дрэвы паваліліся. Цяпліцы паразляталіся. У аднаго плот цалкам знесла. Ён яго разабраў і зноўку паставіў. Я ў сябе як раз веранду прыбудаваў, дык сарвала адзін ліст руберойду і ўся вада пайшла ў веранду. Падумаў, добра, што не ў хату.

ФОТА: TUT.BY

Падчас урагану мясцовая царква страціла 10-тонны купал званіцы. Яго аднесла прыкладна на 30 метраў ад будынку. Купал разбіўся, а ўсе тры званы засталіся цэлыя.

- Цуд, што гэты купал не ўпаў на дах царквы - знішчыў бы ўсё, - паведаміў настаяцель храма, айцец Сергій, - Гэта ласка Божая, што ён паляцеў. Мы купал ужо разабралі. Людзі дапамаглі.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

Да пятніцы мясцовыя аднавілі пашкоджаныя платы і дахі. А вось на званіцы працы працягваюцца.

- Зараз зробім часовы дах, каб не зацякала ў званіцу. Вецер таксама прарабіў дзіркі ў даху, але мы іх ужо заладзілі, - распавёў айцец Сергій.

Леснікі абяцаюць ліквідаваць наступствы непагадзі «у самыя кароткія тэрміны». Пасля таго, як драўніну вывезуць, дзялянкі ачысцяць. Увосень работнікі лясніцтваў падрыхтуюць глебу, а вясной наступнага года «выкашаныя» ветрам участкі лесу засадзяць маладняком.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках