19 красавiка 2024, Пятніца, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскі блогер, які прыязджаў у Менск, захварэў на COVID-19

10
Брытанскі блогер, які прыязджаў у Менск, захварэў на COVID-19

Цяпер ён просіць іншых быць асцярожнымі.

Брытанец Бенджамін Рыч ездзіць па краінах былога СССР, здымае пра іх гісторыі і вядзе канал Bald and Bankrupt, у якога амаль 2 мільёны падпісчыкаў на YouTube. У канцы красавіка ён прыехаў у Беларусь, каб патрапіць на парад 9 траўня і правесці час у краіне, дзе няма і не было локдаўна. Нядаўна падпісчыкі брытанскага блогера заўважылі, што ён «знік». Высветлілася, брытанец захварэў на COVID-19 і некалькі тыдняў правёў у лякарні, з іх дзевяць дзён – у рэанімацыі. «Калі ласка, успрымайце хваробу сур'ёзна і не рабіце памылак, якія зрабіў я», – напісаў Бенджамін Рыч у апісанні да свайго новага відэа, піша tut.by.

Бенджаміну Рычу 46 гадоў. У чэрвені 2018 года ён завёў YouTube-канал Bald and Bankrupt, у якога цяпер амаль 2 мільёны падпісчыкаў і амаль 250 мільёнаў праглядаў.

У сваіх улогах ён паказвае ўласнае бачанне жыцця ў постсавецкіх краінах. У Беларусь Бенджамін Рыч прыязджаў нядаўна, на Дзень Перамогі. Перад гэтым ён два тыдні прабыў у самаізаляцыі, пасля чаго змог трапіць на парад, пра які зняў відэа.

Увесь травень брытанец падарожнічаў па Беларусі і ў выніку зняў яшчэ некалькі ролікаў, а потым больш чым на месяц знік.

У пачатку ліпеня Бенджамін Рыч расказаў сваім падпісчыкам у Instagram пра тое, што ён дзевяць дзён прабыў у рэанімацыі, змагаючыся з двухбаковай пнеўманіяй, выкліканай COVID-19.

– Яна распаўсюдзілася ва ўсе аддзелы маіх лёгкіх. Нейкі час сітуацыя была вельмі небяспечнай. 1 ліпеня я бачыў, як памерлі два чалавекі на ложках побач.

Дзякуючы выдатнай працы лекараў рэанімацыі і антыкавідным прэпаратам, піша брытанец, ён змог перамагчы хваробу і выжыць.

– Хоць гэта ўсё яшчэ не канец. Наперадзе – месяцы аднаўлення лёгкіх, каб я мог зноў дыхаць самастойна.

У канцы брытанец папрасіў успрымаць хваробу сур'ёзна, «нават калі вы маладыя».

– Я быў занадта бестурботны, і паглядзіце, чым гэта скончылася.

У новым відэа на сваім YouTube-канале Бенджамін Рыч расказаў, што прыкладна месяц таму ён паляцеў у Сербію: там таксама не было локдаўна, таму краіна выдатна падыходзіла для таго, каб спакойна здымаць новыя відэа. Брытанец выказаў здагадку, што, верагодна, заразіўся каранавірусам там.

Ён прызнаў, што падчас пандэміі COVID-19 не быў асцярожны, таму цяпер яму няма каго вінаваціць, акрамя як самога сябе.

– Самая вялікая памылка – я не пайшоў да лекара адразу ж, а на 10 дзён замкнуўся ў кватэры. Не ведаю, чаму так. Напэўна, я брытанец, а мы ненавідзім хадзіць да лекараў. Ды і падумаў, што я досыць малады.

Рыч расказаў, што з кожным днём яму станавілася ўсё горш і горш. Яму было цяжка дыхаць, ён не мог прайсці нават некалькі крокаў да ванны. Пазней высветлілася, што насычанасць крыві кіслародам у яго была крыху большая за 70 адсоткаў – пры норме 98-99%.

– На самай справе я паміраў, – кажа улогер, якога шпіталізавалі і змясцілі ў рэанімацыю.

Смерць двух чалавек у палаце, прызнаўся брытанец, які раней несур'ёзна ставіўся да СOVID-19, яго моцна напалохала.

– Калі яны паміраюць, дзе гарантыя, што не памру я? <...> Гэта было як фільм жахаў. Я ніколі не бачыў нічога падобнага. Мы думаем, што, паводле статыстыкі, калі табе менш за 70 гадоў, існуе малая верагоднасць, што надыдуць ускладненні. Прыкладна адзін адсотак. Магчыма, так і ёсць. Але, Божа, калі ты ў гэтым адным адсотку, – гэта жудасна. Я бачыў людзей, якім экстранна рабілі адтуліны ў грудной клетцы, каб толькі выратаваць іх жыццё. Мне здаецца, што ў мяне посттраўматычны сіндром пасля такога досведу.

8 ліпеня Бенджаміна Рыча выпісалі з сербскага шпіталя.

Паводле словаў улогера, праз перажыты досвед ён цяпер па-іншаму ставіцца да COVID-19 і прызнае, што хвароба можа быць небяспечная для любога чалавека незалежна ад узросту.

– Калі я быў у рэанімацыі, я бачыў, як людзі паміралі. І я зразумеў, што ў гэтым не было нічога духоўнага. Зусім. У момант смерці над чалавекам не з'яўляецца прамень святла, адкуль спускаюцца анёлы і падымаюць яго ўгору. Рэальнасць у тым, што ты ляжыш на ложку, твой апарат адключаюць – і ўсё, тваё жыццё скончанае. Людзі паміраюць самі сабой. Канец.

Цяпер Бенджамін Рыч просіць усіх быць пільнымі, сачыць за сабой і за тымі, хто побач. Наперадзе, кажа улогер, яго яшчэ чакае доўгі працэс аднаўлення.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках